Прывязана да Маларыты сотнямі нябачных нітачак

Іаланта Лукаускіене ў Маларыце не была 20 гадоў. Але калі нядаўна зноў апынулася ў знаёмых месцах, то ахнула ад здзіўлення. У захапленні жанчына была ў першую чаргу ад нашых ціхіх і прыгожых вулачак.
-Вельмі ўтульна, чыста, стыльна, усё так дагледжана, — кажа Іаланта Стасаўна. – Сучасны гарадок еўрапейскага ўзроўню. Асабліва падабаецца цэнтр: плошча, вуліцы Савецкая, Леніна, Паркавая… Здзіўлена вашым паркам і асабліва – універсальным спартыўным цэнтрам “Жамчужына”. Гэта, безумоўна, кажучы маладзёжным слэнгам, сучасна, супер, клас. Цяжка паверыць, што некалі Маларыта была зусім не такой. Горад змяніўся да непазнавальнасці.
Іаланта — карэнны жыхар Клайпеды. Там нарадзілася, вырасла, закончыла школу. Там сустрэла сваё першае каханне.
— Мой будучы муж Міка­лай служыў у Клайпедзе ў марфлоце, — успамінае Іаланта Стасаўна. – Неяк ён прыйшоў на танцы, дзе была і я. Мы бачыліся некалькі хвілін. Больш нашы шляхі не перасякаліся. А Мікалай, аказваецца, мяне столькі часу шукаў. І толькі праз год мы зноў убачыліся на танцах. Ён адразу, каб мяне больш не згубіць, прапанаваў руку і сэрца, а я згадзілася.
Пасля заканчэння тэрміну службы маладая пара пераязджае жыць на радзіму Мікалая, у Гвозніцу. Іаланце, гараджанцы, усё было ня­звыкла. Але дзеля кахання яна памяняла Клайпеду на невялічкую вёсачку. Дзеля сапраўднага кахання жанчына была згодна ехаць хоць на край свету.
— Па многіх прычынах некаторы час я не магла знайсці сабе працу, — прызнаецца Іаланта Лукаускіене. – Адукацыі ж не было ніякай. Усё ж неяк уладкавалася прыбіральшчыцай службовых памяшканняў у народны суд. Праз дарогу, амаль насупраць, здымала жыллё. Тады мая зарплата складала 80 рублёў, а за кватэру плаціла 30. Цяжка даводзілася, думала, што не вытрымаю. Так атрымалася, што не склалася і асабістае жыццё. З мужам давялося развітацца назаўсёды. Вымушана была вярнуцца ў Клайпеду.
Спачатку ў Іаланты і на радзіме ўзніклі непаразуменні. Літва яе не прымала. Жанчыну не хацелі прапісваць, бо, як ні дзіўна, была не грамадзянкай сваёй краіны. Раілі вярнуцца ў Беларусь да мужа. У Іаланты Стасаўны многа ўзнікала розных думак. Яна не ведала, як правільна зрабіць. Аднак у Беларусь вяртацца не планавала: каму яна там патрэбная. Адна і на чужыне. Жанчына настойліва вяла барацьбу за права называцца і быць літоўкай. Многа часу і сіл патраціла на гэта. Але сваё даказала.
У Іаланты наладзілася асабістае жыццё. Аднак хацелася пабываць у Маларыце.
— У снах часта блукала па Маларыце, — кажа мая субяседніца. – Пасля аднаго з іх вырашыла: паеду. Але дзе ж спыніцца? Успомніла тэлефонны нумар сям’і Уладзіміра Пачанчука. Неяк вечарам патэлефанавала. На другім канцы провада ў трубку пачула, што памылілася, таму што змяніўся нумар тэлефона. Добрыя людзі падказалі другі нумар, але гэта таксама былі не Пачанчукі. А калі набрала трэці нумар, то адказу не дачакалася.
— Мае бацькі былі тады на вуліцы, — кажа Наталля Яромчанка. – Яны проста не паспелі зняць трубку, але зразумелі, што нехта настойліва тэлефанаваў па міжгораду. Тады мы пайшлі на «Белтэлекам», дзе нам сказалі аб тым, што званок быў з Клайпеды. Усё стала зразумела.
— Вось так я зноў апынулася ў тых месцах, куды так імкнулася душа, — гаворыць Іаланта Лукаускіене. – Мяне з радасцю сустрэла сям’я Уладзіміра Фёдаравіча, дзе я і спынілася. А экскурсіі па Маларытчыне і Брэсту праводзіць іх дачка Наталля Уладзіміраўна. Шчыры дзякуй ім усім за гасціннасць.
За 2 тыдні літоўская госця шмат дзе пабывала, многае пабачыла і пачула.
— Я нават чытаць і гаварыць па-беларуску ўмею, — усміхаецца Іаланта і спрабуе прадэманстраваць мне сваё ўмельства. — Многае лёгка ўспомнілася. Толькі не ведаю, што нагадвае мая гаворка. Беларуская мова мне вельмі падабаецца. Яна такая лёгкая, мяккая, мілагучная. Не праблема, напэўна, яе дасканала вывучыць.
Падабаецца Іаланце цёплымі вечарамі гуляць па Маларыце. Амаль кожны яе куточак навявае ўспаміны. Жанчына зрокава параўноўвае тое, што было, з тым, што ёсць.
— Змены каласальныя адбыліся. Не верыцца, што такое магчыма. Уражвае гасцініца “Юбілейная”, паліклініка, цэнтральная аптэка, раённая бібліятэка, дзіцячая школа мастацтваў, будынак гімназіі, прыгожа на тэрыторыі дзіцячага сада №6 і ГДК…
Між іншым, Іаланта, як толькі пераехала жыць у Маларыту, адразу звярнула ўвагу гараджан на стан райцэнтра, на яго культуру. Пра гэта сваімі думкамі яна падзялілася на старонках раёнкі. “Сельскае жыццё” 27 красавіка 1991г. змясціла невялікі допіс “Тут так прывыклі жыць…” Іаланта ў ім смела выказала тое, што думала: “…Мне хочацца сказаць пра наш маленькі гарадок, у якім мы жывём. Дома мы наводзім парадак, таму што гэта наш дом. А што робіцца на вуліцах? Куды ні паглядзіш, усюды смецце. Няўжо ўсім так падабаецца? Асабіста мне сорамна. Шчыра кажучы, я не мясцовая, прыехала сюды жыць з Літвы. Але там такога няма… І мне хочацца, каб і тут была ўсюды чысціня. Мне гавораць: “Не звяртай увагі, тут людзі прывыклі так жыць”. І ўсё ж давайце змагацца за чысціню. Вядома, адзін чалавекнічога не зробіць. Трэба брацца ўсім… Я прапаную збіраць людзей на суботнікі. Няхай не толькі школьнікі, але і дарослыя таксама зробяць добрую справу. Уявіце, вы ідзяце па тратуарах – і ніводнай паперкі. Аж на душы стала б весялей, і мы б ганарыліся такім чыстым горадам. Многае залежыць ад нас саміх. Мы ж – гаспадары свайго населенага пункта”…
— Цяпер з упэўненасцю магу сказаць, што маларытчане – сапраўдныя гаспадары свайго горада. Гэта адчуваецца на кожным кроку. Добрая колерная гама шматпавярховак, на клумбах стракацяць розныя кветкі. А самае дзіўнае для мяне – на тратуарах няма смецця. А гэта ўжо сведчыць пра культуру высокага ўзроўню. Я заўважыла, што і дворнікі шчыра працуюць штодзень. Прыгажосць неабходна не толькі стварыць, але і ўмець падтрымліваць. Кожнаму і ў любым месцы горада. Любы гараджанін павінен мець адказнасць за свой населены пункт. Маларыта – горад, у якім хочацца жыць.
— Іаланта Стасаўна, Вы ўбачылі за некалькі дзён у Маларыце многае. Дык ці памянялі б зараз Клайпеду на наш райцэнтр?
— Мяне мае знаёмыя і сябры, што засталіся тут і мяне яшчэ памятаюць, угаворваюць вярнуцца назад на пастаяннае месца жыхарства. Не ведаю, ці адважуся яшчэ раз пакінуць наседжанае і абжытае месца ў Літве. У мяне там зараз усё, там звіта сямейнае гняздо. Аднак нейкае раздваенне душы адчуваецца. Каб 21 год таму нехта падказаў, запэўніў, што так будзе, як зараз, што трэба застацца ў Маларыце, не думаючы, засталася б. Адназначна адказаць пакуль што не магу на гэтае пытанне. Яно для мяне, напэўна, лёсавырашальнае. Але адназначна: у Маларыце, паўтаруся, жыць можна.
— Іаланта Стасаўна, а якое яно, жыццё, у Літве?
— Калі казаць коратка, то дарагое. Мае знаёмыя падлічылі. Калі б я прадала ў Клайпедзе сваё невялічкае жыллё, то ў Маларыце купіла б зямельны ўчастак з добрым домам. А калі параўнаць кошт розных тавараў… Напрыклад, бохан хлеба ў беларускіх рублях у нас каштуе 15 тысяч, літр малака – 9 тысяч, літр бензіну А-95 – 16 тысяч. Ёсць і такі парадокс. Кілаграм мяса, рыбы, цукерак, сыру каштуе прыблізна аднолькава, розніца – літ – паўтара.
— А дзе Вы працуеце?
— Ужо некалькі гадоў — у мэблевым магазіне касірам-кансультантам. А ў вольны час малюю. У асноўным атрымліваюцца нацюрморты і пейзажы. Не-не, ды і намалюю ваколіцы Маларыты. Прывязана да свайго любімага горада сотнямі нябачных нітачак. Не адпускае ён мяне і вабіць да сябе.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Іаланце Лукаускіене асабліва спадабалася ў Маларыце гарадская плошча.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 25.07.2012 г.

Добавить комментарий


www.techno-centre.niko.ua

monaliza.kiev.ua

https://220km.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!