Мадонна на жалезным кані

За гады работы ў рэдакцыі даводзілася пісаць пра лю­дзей многіх прафесій. А вось пра жанчыну-трактарыстку і печніка ў адной асобе – ні разу. Па дарозе да Веры Шыгалёвай у в. Арэхава спрабаваў уявіць жанчыну. Чамусьці ў галаве яскрава вымалёўваўся някрасаўскі вобраз: “Коня на ходу остановит, в горящую избу войдёт”.
— Я такая ж, як усе, звычайная вясковая жанчына, — пацвердзіла Вера Васільеўна па тэлефоне, а пасля раптам прапанавала: — Што ж, прыязджайце, пагаворым.
У словы Веры Шыгалёвай адначасова і верылася, і не верылася. Аднак прапанову прыехаць прыняў з радасцю. Каб, як кажуць, усё ўбачыць на свае вочы і пераканацца асабіста.
— У 1990 г. мы з мужам Леанідам Мікалаевічам сталі фермерамі, — паведаміла Вера Васільеўна. – Узялі ў арэнду трошкі зямлі і вырошчваем капусту, памідоры, бульбу. Без справы на вёсцы і ў мае 70 гадоў сядзець склаўшы рукі не будзеш. Хто на зямлі нарадзіўся, той адрачыся ад яе ніколі не зможа. Сілу яна мае моцную, быццам магнітам прыцягвае. А ў гэтым і радасць жыцця, асабліва — для мяне.
Вера Шыгалёва нарадзілася і вырасла ў в.Отчын у сям’і Васіля Мікалаевіча і Дар’і Якаўлеўны. Бацьку забілі за тое, што ў ліку першых уступіў у калгас. Праз некалькі месяцаў нарадзілася сястрычка Марыя. У сям’і стала тры чалавекі. А гэта накладвала адбітак на ўсім. Каб выжыць і не сядзець галодным, неабходна было працаваць. Ды яшчэ як! Таму з самага маленства і касіла, і сена зграбала, і за плугам хадзіла, і дровы секла. У роднай вёсцы Вера закончыла толькі 4 класы, ды і то ў першым сядзела 2 гады, таму што трэба было даглядаць за сястрычкай. А пасля пачалася яе працоўная дзейнасць. Вера стала даглядаць і пасці кароў. У 21 год разам з аднавяскоўцамі паехала на заробкі ў Харкаўскую вобласць.
— Гэта, напэўна, быў адзін са шляхоў, каб выжыць, — успамінае Вера Шыгалёва. – Я паехала палоць буракі не таму, што вельмі хацелася, а таму, што ўзнікла неабходнасць. Жыццё прымусіла. Памятаю, як зараз: з заробкаў прывезла мех цукру і паўтоны зерня. “Багачкаю” стала.
У 1964 г. Вера Васільеўна ўладкоўваецца ў калгас “Запаветы Леніна” на ферму.
— Аднойчы гнала кароў, — успамінае жанчына, — а насустрач мне на матацыкле ехаў Леанід, калгасны інжынер-механік, якога сюды накіравалі на працу з Гомельскай вобласці. Мы разгаварыліся, пасмяяліся. Узнікла сімпатыя, а пасля і каханне.
Праз год зарэгістравалі шлюб. Выпадковая сустрэча стала жыццёвай дарогай, па якой Вера з Леанідам ідуць разам ужо 47 гадоў.
Леаніда назначылі загадчыкам майстэрань. Таму маладая сям’я з Отчына пераязджае жыць у Арэхава. Ім далі новую кватэру. Набліжаліся першыя халады. Стала жанчына ў грубцы паліць – не гарыць чамусьці. А мясцовы пячнік запатрабаваў 200 кг зерня. Пайшоў Леанід Мікалаевіч прасіць дапамогі ў старшыні калгаса, але той толькі рукамі развёў. Выйсця, здавалася, не было.
— У гэты ж час, — кажа Вера Васільеўна, — у суседзяў майстар з Маларыты таксама рабіў печ. Прыйду, пагляджу. Усе яго рухі запамінаю. Мне было цікава. Скласці печ мне здалося справай лёгкай. Прыйшла дадому і стала сама рабіць. А потым зноў да печніка бягу пагля­дзець, што і як кладзе. Ён жа не ведаў, па якой прычыне ха­джу. Так грубку і склала сама. Да гэтага часу, між іншым, служыць. Праўда, ужо іншым гаспадарам.
Вось так і стала Вера Шыгалёва печніком. Хоць і самавучка, але майстар выдатны. І не ў адным доме ў жыхароў Арэхава сёння стаяць печы, зробленыя залатымі рукамі жанчыны. Яны і ў халады саграваюць, і смачны хлеб у іх атрымліваецца.
Так склалася, што Вера Васільеўна ў 1973 г. пайшла вучыцца на трактарыста. Жанчына цікава і падрабязна расказвае пра першы паток Арэхаўскага філіяла Маларыцкага ПТВ. У групе сярод 30 чалавек яна і Марыя Тарасюк былі адзінымі дзяўчатамі. Вера Шыгалёва, усміхаючыся, успамінае і пра тое, як муж дапамагаў асвойваць трактар. Дарэчы, неяк Леанід Мікалаевіч упершыню дазволіў жонцы праехаць на трактары амаль 3 кіламетры. Сам пры гэтым сядзеў збоку і падказваў, куды і на што націскаць.
— Калі атрымала правы трактарыста, — гаворыць Вера Васільеўна, — мне было ўжо 32 гады і выхоўвала з мужам 4 дзяцей. Цяжкавата даводзілася, але ў мяне было жаданне і ахвота працаваць. Спачатку далі Т-16, пазней перасела на Т-40. У той час, здаецца, у калгасе “Зара” я была такая не адна: 6 жанчын працавалі трактарыстамі.
На жалезным кані Вера Шыгалёва шчыравала 6 гадоў, стала трактарыстам-машыністам другога класа. А пасля па стану здароўя перайшла працаваць майстрам-наладчыкам у мясцовую сельгастэхніку. Пакідаць любімую справу было нялёгка… Хоць з таго моманту прайшло нямала гадоў, але любую няспраўнасць жанчына можа ліквідаваць яшчэ і сёння.
— Тое, чаму раней навучылася, ужо ніколі не забываецца, — пераканана мая субяседніца. – Тым больш, калі было жаданне, душа да гэтага ляжала.
— Вера Васільеўна, а хто вам рамантаваў трактар?
— Як хто? Сама ж! Калі чаго, можа, і не ведала, падказвалі мужчыны. За сваім жалезным канём вельмі сачыла, даглядала, як за жывым. Пасля працоўнага дня заўсёды імкнулася трактар памыць, каб меў годны выгляд.
— Калгаснае начальства, напэўна, вас шкадавала, давала лягчэйшую работу?
— Ой, думаю, што не. А можа, памыляюся. Рабіла ўсё, што загадвалі. А ў час ўборкі сцягвала салому. У цёплы перыяд года за рулём калясіла з 9.00 да 22.00.
Сялянская праца любая цяжкая, а ў трактарыста – асабліва. Яна патрабуе цярпення, умення, жадання зрабіць як мага лепш.
— Тыя, хто хоць раз у жыцці сядаў за руль трактара, які працуе, надоўга запомніць вібрацыю і шум. Адна справа – пасядзець некалькі хвілін, другая – працаваць не адзін год. Хоць і да гэтага можна хутка прывыкнуць і не звяртаць увагі.
— Вера Васільеўна, а якая была ў вас мара?
— Можа, сёння гэта і дзіўным ужо здаецца, але я імкнулася добрасумленна працаваць на карысць Радзімы. Лічыла гэта найвялікшым сваім абавязкам. Словам, была патрыёткай. А зараз імкнуся жыць больш для людзей, чым для сябе. Такое разуменне, напэўна, прыходзіць разам з перажытымі гадамі.
Вось такая яна, Вера Шыгалёва, адна з тых нямногіх жанчын на Маларытчыне, хто заняўся “не бабінай” справай, пайшоў па слядах знакамітай трактарысткі Пашы Ангелінай. Да таго ж, Вера стала і выдатным печніком.
Мікалай НАВУМЧЫК.
в.Арэхава.
На здымку: Вера Шыгалёва, пячнік, трактарыстка, арандатар і проста цікавы чалавек.
Фота Алега Крэмянеўскага.

Опубликовано в «ГЧ» 1.08.2012 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


https://etalon.com.ua

www.www.pills-generic.com

maxformer.com/tali-telphers-and-trolleys-for-hoist