Вузел сувязі — зносіны са светам

Маларыцкі раённы вузел сувязі як вытворчае прадпрыемства (раённая кантора сувязі) быў арганізаваны ў кастрычніку 1939 г. Паслугі сувязі тады прадастаў­ляліся яшчэ і 4 вясковымі аддзяленнямі (Вялікарыта, Макраны, Олтуш, Гвозніца). Пошту ў кантору дастаўляў цягнік, а ў аддзяленні сувязі і населеныя пункты дастаўлялася 12 вясковымі паштальёнамі на конях ці пешшу.
У перадваенны час стала развівацца тэлефонная сувязь у раёне. У Маларыце функцыянавала тэлефонная станцыя на 30 нумароў, унутрыраённых станцый было 3 на 30 нумароў. Яны абслугоўваліся ўручную. У першую чаргу тэлефанізаваліся партыйныя і савецкія органы, вядучыя прадпрыемствы, арганізацыі райцэнтра. Тэлефонная сувязь была праведзена 12 сельскім Саветам. З Брэстам сувязь была толькі па адным канале.
Пасля вызвалення Маларыцкага раёна з 1 жніўня 1944 г. пачала працаваць раённая кантора сувязі. Яе работнікі паступова аднаўлялі разбуранае да вайны. У штаце было 19 чалавек. Першым начальнікам быў Краўцоў, а яго намеснікам – Аляксандра Аляксандраўна Сядова. У 1944 г. у Маларыце ўстаноўлены радыёвузел, і пачалася радыёфікацыя правадным радыёвяшчаннем арганізацый, устаноў, жылых дамоў. У мнагалюдных месцах ўстаноўлены вулічныя дынамікі.
У пачатку 50-х гадоў тэлефонная станцыя райцэнтра была пашырана да 120 нумароў, а пазней – да 240. У 1961-1962 гадах сельскія станцыі ручнога абслугоўвання ў вёсках Вялікарыта, Макраны, Олтуш былі заменены на аўтаматычныя (АТС) на 50 нумароў кожная. За перыяд з 1951 па 1965 гады дадаткова былі адчынены 8 аддзяленняў сувязі (у вёсках Збураж, Хаціслаў, Замшаны, Радзеж, Ляхаўцы, Арэхава, Дарапеевічы). Яны размяшчаліся ў цэнтральных сядзібах калгасаў, акрамя в.Ланская. Колькасць тэлефонаў у г. Маларыта вырасла да 127, на вёсцы – да 87. На вёсцы, акрамя сельсаветаў, праўленняў калгасаў, былі тэлефанізаваны ўчастковыя бальніцы, частка ФАПаў, магазіны, брыгады калгасаў. Акрамя таго, з 77 населеных пунктаў раёна, 65 было радыёфікавана правадным радыёвяшчаннем.
У пачатку 1968 г. пабудавалі і здалі ў эксплуатацыю новы тыпавы будынак вузла сувязі. Гэта дало магчымасць замяніць у райцэнтры станцыі ручнога абслугоўвання і ўстанавіць новую АТС на 500 нумароў.
Рост колькасці гарадскіх і сельскіх абанентаў садзейнічаў значнаму павелічэнню між­народных тэлефонных размоў. Новая апаратура, што была ўстаноўлена на многіх АТС, дала магчымасць без удзелу тэлефаністак са свайго кватэрнага тэлефона звязвацца з любымі абанентамі краіны і краінамі СНД.
Раней пошту ў раённы вузел сувязі дастаўлялі аўтатранспартам з Брэста. З райцэнтра да сельскіх аддзяленняў сувязі пошту развозілі па 4-х маршрутах, што давала магчымасць да 13.00 ўсю карэспандэнцыю, якая паступіла, і перыядычны друк, дастаўляць ва ўсе населеныя пункты раёна ў дзень іх атрымання. Забіралі карэспандэнцыю пасля 14.00. Абмен пошты адбываўся і з усімі цягнікамі, якія прахо­дзілі праз станцыю “Маларыта”, у 3.00, 7.00, 9.00, 18.00, 22.00 і 23.00. На страхавым участку была арганізавана работа ў 3 змены. Для абслугоўвання асабовага саставу вайсковай часці ў 1980 г. стала працаваць аддзяленне сувязі закрытага тыпу “Маларыта-П”.
Пасля распаду СССР і пераходу да рыначных адносін з-за павелічэння кошту бензіну і запасных частак была адменена матарызаваная дастаўка ў аддзяленні сувязі Лукава і Дубічна. У раёне стала функцыянаваць толькі 2 маршруты па перавозцы пошты, адменены ўсе абмены з цягнікамі, пісьмы вымалі толькі раз на дзень у працоўныя дні. У 8.55 пошта паступала на аўтамашыне на вузел сувязі і ў 15.50 адпраўлялася на Брэст.
Раённы вузел паштовай сувязі па праву ганарыцца тымі, хто тут працаваў. Многія работнікі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі (Усціння Саўчук, начальнік Хаціслаўскага АС, — ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга; Ганна Ляўчук, паштальён І-га ГАС, — ордэнам “Знак Пашаны”; Вольга Сцепанюк, паштальён Дарапеевіцкага АС, — медалём “За добрасумленную працу”), імёны некаторых занесены ў Кнігу Пашаны Міністэрства БССР (Усціння Саўчук; Любоў Кашэпа, начальнік Ланскога АС) і Брэсцкага абласнога вытворча-тэхнічнага ўпраўлення сувязі (Вера Холад, начальнік Радзежскага АС; Ганна Ляўчук, паштальён І гарадскога аддзялення сувязі; Надзея Мішчук, начальнік І ГАС).
Раённы вузел сувязі быў і застаецца адным з асноўных сродкаў сувязі са знешнім светам.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымках: будынак раённага вузла сувязі ў 1969 г. і сёння.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 1.08.2012 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.