Прадаўжальнікі бацькоускай справы

1. Рабі тое, што заслугоувае узнагароды, але не шукай яе
Жанчына павольна ішла ад хлява, абапіраючыся на два кіі. Прывітаўшыся, яшчэ здалёк спытаў:
— А дзе тут жыве Вера Бенясюк?
— Гэта я буду, — адказала жанчына. – А вы, мабыць, прыехалі праверыць паказчыкі электрычнага лічыльніка.
— Не, хачу сфатаграфаваць і напісаць пра вас.
— Ой, — захвалявалася Вера Уласаўна. – А хіба я такога гонару заслужыла? Ніхто нават і не папярэдзіў. Не пад­рыхтавалася.
Жанчына стала папраўляць хустку на галаве.
— Дык праходзьце ў хату, калі ласка.
Вырашылі, што лепш пагаворым на двары, седзячы на лавачцы.
— Нарадзілася я 1 чэрвеня 1933 года ў Хаціславе, — пачала свой аповед Вера Бенясюк. –Тут жа хрысцілася, вучылася чытаць і пісаць, выйшла замуж. Нікуды далёка і надоўга не выязджала з гэтага месца. Жыццё праляцела ў штодзённай працы і клопатах. А яно наколькі лёгкае, настолькі ж цяжкае і складанае. Чалавек, пераканана, сам каваль свайго лёсу. Асаблівы гонар у мяне – сям’я-радзіна.
У Веры Уласаўны і яе мужа, Івана Цітавіча (памёр 11 гадоў таму) сапраўды цікавая сям’я, бо 9 чалавек так ці іначай у ёй звязаны з СВК “Хаціслаўскі”. Сам гаспадар амаль 40 гадоў жыцця аддаў прафесіі трактарыста. Сыны таксама пайшлі па слядах бацькі. У Жэні стаж працы ў СВК налічвае 25 гадоў, Лёня 33 гады шчыруе трактарыстам, Мікалай 28 гадоў працуе на трактары. Іх жонкі побач працуюць. Вольга Іванаўна 32 гады ў СВК, зараз яна тэхнік-асемянатар. Надзея Міхайлаўна 28 гадоў звязана з гаспадаркай. Сёння яна — малаказборшчык. Тамара Іванаўна некалькі гадоў загадвае фермай па дарошчванню маладняку. Яна свой прафесійны шлях пачынала больш чым 20 гадоў таму звычайнай цялятніцай. Унук Веры Уласаўны – Аляксандр – пасля заканчэння Маларыцкага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці стаў трактарыстам. Ды і сама Вера Бенясюк амаль 43 гады была паляводам у калгасе “Запаветы Леніна”. За добрасумленную працу прозвішча жанчыны занеслі на калгасную Дошку гонару, аднак фатаграфавацца яна адмовілася, таму што лічыла: рабі тое, што заслугоўвае ўзнагароды, але не шукай яе.
Вера Уласаўна, заснавальніца дынастыі Бенесюкоў, спачатку вучылася ва ўкраінскай школе. Вайна наклала адбітак на лёс жанчыны. Аднак цяжкія і змрочныя гады ліхалецця мая субяседніца ўспамінаць не захацела.
— Я закончыла толькі 4 класы, — кажа Вера Уласаўна. – А пасля, як і ўсе мае равеснікі, стала дапамагаць бацькам па гаспадарцы. Зямлі было многа, а працаваць на ёй рук не хапала. З сястрою Дар’яю працавала нароўні з дарослымі. Работы стала яшчэ больш, калі бацькі запісаліся добраахвотна ў калгас. Туды яны аддалі каня, воз, плуг, барану… Бацькам неабходна было зарабляць працадні. Мая маці цяжка хварэла, таму замест яе часта на поле выходзіла я. А ў 16 гадоў стала калгасніцай.
У калгасе тады тэхнікі было мала, усё рабілася ўручную. Цяжкая праца асабліва выпадала на час уборкі.
— Жалі ж сярпом. Каб зарабіць працадзень, неабходна было зжаць 30 сотак. Бывалі дні, калі і 32 соткі ў снапы ставіла. Жалі, звычайна, месяц брыгадамі, у кожнай з якіх налічвалася па 4 чалавекі. Затым даводзілася снапы зносіць у копы, пасля – у сцірты. Таксама і малаціла, і сена зграбала. А вечарамі, пасля працоўнага дня, моладзь, нягледзячы на стому, збіралася на вячоркі. Танцавалі, спявалі, жартавалі. У адзін з такіх вечароў і сустрэлася Вера з Іванам, мясцовым юнаком.
— Сустракацца сталі ў лістападзе, — кажа Вера Уласаўна, — а праз 2 месяцы, 19 студзеня 1954 г. зарэгістравалі свой шлюб.
Вера не вельмі хацела замуж. Але бацькі пераканалі, што Іван – хлопец добры і працавіты. “Ён табе да пары. Не перабірай, — казалі яны, — а то можна назаўсёды застацца адной”. Дзяўчына прыслухалася да слоў бацькі і маці. І не пашкадавала аб гэтым ні разу. Хутка ў маладой сям’і з’явіліся тры сыны: Жэня, Лёня, Коля. Хлопцы з маленства асвойвалі трактар і марылі стаць трактарыстамі. Дзеці ва ўсім дапамагалі па гаспадарцы.
— Мне даводзілі норму: 60 сотак буракоў, — гаворыць Вера Уласаўна. – А іх трэба было і прапалоць (і не раз), і вырваць восенню. Ды і лён уручную рвалі, слалі, цёрлі. Таксама прачамі насенне лёну выбівалі па 7-10 кг за дзень. Кожнай жанчыне даводзіўся план. Працаваць стараліся ўсе, каб быў залічаны працадзень.
Потым хлопцы Веры і Івана сталі адзін за адным жаніцца. Сваіх жонак яны прывялі ў хату Бенесюкоў.
— Здаецца, што 2 гады пад адным дахам жылі 3 сям’і, — прыгадвае Вера Уласаўна. – Я з мужам, Лёня з Надзяй, Жэня з Вольгай, трохі пазней – 5 гадоў з намі жылі Коля з Тамарай.
— З усімі ладзілі нявест­камі?
— А як жа. На кухні, як і ў доме, месца хапала ўсім. Але ежу, звычайна, на ўсіх гатавала я. Не, усім невесткам сваім – Надзеі, Вользе, Тамары – з першага дня давярала. Проста шкадавала і клапацілася пра іх. Сваю думку кухарскую выказвала, але ніколі яе не навязвала.
Чалавек у сваіх меркаваннях і паводзінах павінен быць вольным. Галоўнае ў сямейных адносінах – узаемная павага. Як бы нявесткі ні зрабілі любую справу, ніколі іх не дакарала. А яны ўсё імкнуліся давесці да ладу самі. Ды і зараз дзеці сябруюць сем’ямі.

2. Ганарыцца ёсць кім
— А часта яны бываюць у вас?
— Часта. У мяне – 4 унукі і 4 праўнукі. Тэлефона ніякага няма. Вось была магчымасць яго раней правесці, але не захацела. Дык цяпер дзеці кожны дзень прыходзяць праведаць. А быў бы тэлефон, можа, не зайшлі б (смяецца). Я задаволена, што мае дзеці нікуды не разляцеліся па свеце, а засталіся ў роднай вёсцы. Што трэба маці? Не толькі чуць голас дзяцей, але і бачыць іх штодзень. Ды і па ўнуках сумую, калі некаторы час не бачу іх.
Усе з дынастыі Бенесюкоў – людзі шчырыя, працавітыя. Іх усіх аб’ядноўвае любоў да родных мясцін, адданасць і ўдзячнасць таму месцу, дзе жывуць.
— Я не раз думала пра тое, што жыццё на зямлі пражыла не дарэмна. Ёсць кім ганарыцца, ёсць прадаўжальнікі справы маёй і мужа.
Р.S. У час нашай размовы праведаць Веру Уласаўну прыйшла нявестка Тамара Іванаўна. Яна паспрабавала па тэлефоне сабраць разам усіх прадстаўнікоў дынастыі Бенесюкоў. Аднак у гарачы ліпеньскі поўдзень такое аказалася немагчымым. У такі час вёска жыве сваім жыццём, дзе на першым месцы – уборка ўраджаю.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Вера Уласаўна і Тамара Іванаўна – прадстаўнікі дынастыі Бенесюкоў.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 4.08.2012 г.

Добавить комментарий


У нашей фирмы нужный веб портал , он описывает в статьях про труба черная цена poliv.ua
Узнайте про интересный сайт на тематику грузоперевозки exstraeconom.kiev.ua
купить ковер киев недорого
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!