Дзе нарадзілася, там і спатрэбілася

Таццяна Мірчук –адна з тых, хто ў калгасе “Запаветы Леніна”, а пазней і ў СВК “Хаціслаўскі”, карыстаецца заслужанай павагай і аўтарытэтам. Гэта даецца не проста так, а стараннай працай, яе выніковасцю. Жанчына – перадавік вытворчасці. Пра гэта сведчыць, напрыклад, такі факт. Яна ад кожнай каровы ў свой час надойвала па 5400 кг малака ў год. Праца даяркі была заўважана не толькі ў раёне. Яе імя ведалі і ў Мінску, і ў Маскве. У студзені 1984 г. Таццяна Сяргееўна атрымала ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга ІІІ ступені, у красавіку 1989 г. галоўны камітэт ВДНГ СССР узнагародзіў аператара машыннага даення з Маларытчыны сярэбраным медалём за дасягнутыя поспехі ў развіцці народнай гаспадаркі Савецкага Саюза. У снежні 1990 г. яна стала ўдарнікам ХІІ пяцігодкі.
— А вось яшчэ адзін дакумент, які захоўваю і які для мяне мае асаблівае значэнне, — кажа Таццяна Мірчук і паказвае дэпутацкае пасведчанне № 199 дэпутата Вярхоўнага Савета Беларускай ССР ад Макранскай выбарчай акругі ХІ склікання. – Я прымала ўдзел у пасяджэннях усіх сесій. За год іх было, здаецца, 4, якія працягваліся па 2 дні. Галасавала за розныя дакументы, якія забяспечвалі жыццядзейнасць краіны. Ад сябе асабіста нічога не прапаноўвала, але імкнулася разабрацца ў сутнасці кожнага пытання, па якім неабходна было прыняць рашэнне “за” ці “супраць”.
— Быць дэпутатам Вярхоўнага Савета краіны – гэта ганарова?
— Я б яшчэ дадала: і адказна. Але, калі казаць шчыра, дык мяне цягнула заўсёды на ферму. Пасяджэнні адлучалі ад працы. Сядзела з іншымі дэпутатамі, а ў думках была ля каровак. Вельмі перажывала за сваю групу. На час ад’езду ў сталіцу яе брала часова на догляд іншая даярка. А да новага чалавека каровам таксама неабходна прывыкнуць. Кожная з іх патрабуе падходу, увагі. Інакш малака не дасць. Даярка – гэта таксама прызванне. Што ж тут, здаецца, складанага. Падаіць карову – рэч надзвычай простая. Аднак так разважаць можа толькі дылетант, бо ў кожнай прафесіі, нават у самай простай, ёсць свае прамудрасці і хітрынкі. Пра іх даведваешся з гадамі.
Выдаіць правільна карову, напэўна, таксама цэлая навука. А дасягнуць лепшых надояў у раёне – сапраўднае майстэрства. Яго ў Таццяны Мірчук можна ацаніць на выдатна, але для гэтага неабходны былі гады, а ў першую чаргу – уласны вопыт і жаданне.
У Мельніках у Таццяны Сяргееўны прайшло дзяцінства і юнацтва. Закончыўшы 8 класаў, адразу пайшла працаваць на ферму. Таму сярэднюю адукацыю атрымлівала ў вячэрняй школе. Дзяўчыне было лепш працаваць, чым вучыцца. Праца ўзвышае чалавека.Таму нікуды далей набываць адукацыю і не пайшла. Хоць кіраўніцтва калгаса і прапаноўвала “стаць” заатэхнікам некалькі разоў.
— І ў іншае месца не пераехалі жыць?
— А куды і навошта? Народ жа добра калісьці прыкмеціў: дзе нарадзіўся, там і згадзіўся. Гэтага і прытрымліваюся.
Таццяна Мірчук добра памятае свой першы працоўны дзень. Гэта было 4 студзеня 1973 г. З таго моманту так на адным месцы жанчына ўсё жыццё і прашчыравала. Сваю працоўную дзейнасць яна закончыла 15 кастрычніка 2011 г. А паміж дзвю­ма гэтымі датамі – 39 гадоў напружанай, нялёгкай, але высакароднай працы на карысць Радзімы.
Таццяна ўладкавалася на ферму падменнай. Спачатку паўтара года даіла ўручную 16 кароў. Пазней далі групу ўжо з 20 цёлак, якіх даводзілася раздойваць. Праца на ферме пачыналася рана. У 5 гадзін ужо на нагах. Да 8.00 трэба было кароў падаіць і накарміць. Кожная з іх у суткі давала прыблізна 200 кг малака, летам – больш, зімою – менш. А пасля ў Мельніках пабудавалі новую ферму. Таму колькасць кароў павялічылася да 34, а затым – да 55. Прыйшла палёгка, бо з’явіўся малакаправод.
— Вось любіла і люблю кароў, — кажа Таццяна Сяргееўна. – Гэта – разумная жывёліна і адданая. У кожнай — свой характар, паводзіны. У любым статку можна адразу выдзеліць нораў каровы па многіх прыкметах. Таму пакідаць працу было цяжкавата. Даіла б і яшчэ, аднак мусіла даглядаць за хворым бацькам.
На льготную пенсію Таццяна Мірчук пайшла ва ўзросце 50 гадоў, але на працягу яшчэ пяці працавала. Першыя месяцы на заслужаным адпачынку сумавала па сваіх кароўках. Кожны раз ёкала сэрца, калі ля дома па дарозе бурчала машына, якая ехала на дойку. Так і хацелася кінуцца ўдагонку.
— А зараз сум і шкадаванне быццам бы і прайшлі ўжо, — кажа мая субяседніца. – Аднак не назаўсёды. Не-не, ды і ўспомню іх мычанне, якое мне здавалася прывітаннем ранкам і развітаннем – вечарам. А ад іх цёплага дыхання забывалася ўсё дрэннае.
Таццяна Сяргееўна ніколі ні з кім не спаборнічала за лепшыя вынікі працы. Усё атрымлівалася само па сабе. Проста да даручанай справы заўсёды адносілася сумленна і старанна, памятаючы, што кожная карова – жывая істота, якая патрабуе ўвагі і ласкі.
Мікалай НАВУМЧЫК.
в.Мельнікі.
На здымку: Таццяна Мірчук.
Фота Алега Крэмянеўскага.

Опубликовано в «ГЧ» 8.08.2012 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий