Фірменныя сакрэты пчаляра

Мёд любяць усе ці амаль усе, дакладней, мёд якасны, смачны, пахкі. Як яго атрымаць, ведае Уладзімір Русавук, які ўжо 25 гадоў працуе пчаляром у Маларыцкім лясгасе.
Мой субяседнік расказвае, што догляд за пчоламі на працягу года – адзін з самых цікавых і складаных відаў сельскагаспадарчай дзейнасці. Крылатыя меданосы патрабуюць пастаяннага нагляду. І калі што зробіш не так, то можна застацца без мёду.
— Пчалярства, — кажа Уладзімір Пятровіч, — вельмі захапляльны і цікавы занятак. Ён выпрацоўвае працалюбства, увагу, акуратнасць, кемлівасць. Гэта, безумоўна, справа далікатная і тонкая, што патрабуе пастаяннай пільнасці і ўважлівасці.
Пчаляром Уладзімір Русавук стаў выпадкова. Закончыўшы ў 1975г. Шацкі лясны тэхнікум і набыўшы спецыяльнасці паляўніцтвазнаўцы і майстра лесу, быў накіраваны ў в. Арэхава егерам. Праз паўтара года лясной службы пераводзіцца ў Маларыцкае лясніцтва на пасаду майстра лесу. Тут працаваў яго бацька, Пётр Іванавіч, ляснічым. Між іншым, яго стаж складае больш чым 30 гадоў. У бацькі сын усяму неабходнаму і вучыўся.
— Неяк мяне папрасілі на непрацяглы час стаць пчаляром, — успамінае Уладзімір Пятровіч. – Адразу згадзіўся. Праца спадабалася, хутка ўцягнуўся ў справу. А пасля ўжо і пакідаць яе не захацелася, бо была па душы.
Вопыт і майстэрства набываў з цягам часу. Сваю кваліфікацыю таксама павышаў і на курсах некалькі разоў. Цяпер пра пчол Уладзімір Русавук ведае, напэўна, усё, таму і адказаць можа на любое пытанне.
— Для адных развядзенне пчол – захапленне, а для мяне – сур’ёзны штодзённы занятак. Пчолы – цікавыя істоты, з імі неабходна сябраваць, тады і вынік будзе добры.
— А колькі мёду ўжо сабралі ў лясгасе сёлета?
— Толькі што быў першы збор мёду. Атрымалі больш чым 653 кг таварнага мёду. Такі “ўраджай” далі 90 пчоласямей (калі прыйшоў на працу, было, здаецца, 165), у кожнай з якіх налічваецца некалькі дзясяткаў тысяч пчол. Мёд у лясгасе заўсёды якасны, мае прыемны водар і смак.Вуллі знаходзіліся ў 3 урочышчах раёна: “Міхерова”, “Ляхаўцы” і “Мелавая гара”. Зараз яны перавезены ў раён вёскі Боркі. Тут пчолы збіраюць мёд з грэчкі.
— А колькі разоў збіраеце мёд за сезон?
— Звычайна – два разы, бывае, што і тры. Усё залежыць ад многіх прычын, у першую чаргу – ад умоў надвор’я. Неабходна памятаць і пра тое, што пчолы таксама патрабуюць нашай любові, павышанай увагі да сябе. Каб сабраць добры “ўраджай“ мёду, неабходны і адпаведныя вуллі, пароды насякомых… Трэба таксама ведаць, дзе лепш размясціць вуллі, як правільна выбраць месца для пчальніка, і інш. Як і ў любой прафесіі, у нас ёсць свае фірменныя сакрэты.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Уладзімір Русавук, пчаляр са стажам, які працуе ў Маларыцкім лясгасе.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 8.08.2012 г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!