Крыніца святасці

З кім бы ні загаварыў у той дзень у Дарапеевічах, усе – ад старога да маладога, маглі расказаць, як у іх вёсцы адзначалася раней і цяпер адзначаецца храмавае свята вялікапакутніка Панцеляймона. Традыцыя яго святкавання нарадзілася даўно. Многае з той традыцыі адышло ў нябыт, але шмат чаго засталося і па сёння. Зрэшты, паслухаем прадстаўнікоў розных пакаленняў:
Айцец Іаан, настаяцель Дарапеевіцкай царквы, 77 гадоў:
— Гэтае свята ў Дарапеевічах лічыцца мясцовым, прастольным. Святкуецца з 1900 года, калі храм быў асвечаны. Падзея прыпала на 9 жніўня. У той дзень у спецыяльных малітвах услаўляецца імя вялікапакутніка збавіцеля Панцеляймона. Як правіла, у гонар яго ў царкве тады служыцца малебен, на службу прыходзяць не толькі прыхаджане, але і запрашаюцца свяшчэннікі з акругі, благачынны. Чытаюцца спецыяльныя малітвы, праслаўляецца імя Панцеляймона, заступніцы і скорапаслушніцы ўсіх праваслаўных Маці Божай.
Надзея Васільеўна Бойка, жыхарка в. Дарапеевічы, 37 гадоў:
— 3-класніцай я была, калі мама напярэдадні свята ўзяла мяне з сабою ў царкву. Мы там парадак наводзілі, стараліся, каб было прыгожа і чыста, бо заўтра на свята збярэцца шмат людзей. На наступны дзень, 9 жніўня, усе ішлі на службу, а пасля – у госці да родных. Пад вечар на перакрыжаванні вуліц, ля царквы, памятаю, былі танцы.
Анатоль Ігнатавіч Дзямянка, жыхар в. Дарапеевічы, 67 гадоў:
— Гэтае свята ў нашай вёсцы не толькі прастольнае, яно лічыцца святам радні. У гэты дзень у госці да дарапеевіцкіх жыхароў абавязкова прыязджалі і прыязджаюць іх родзічы. Маці, памятаю, заў­сёды назапашвала тварог, масла, смятану, калі былі грыбы, варыла іх і саліла, абавязкова рыхтавала бараніну, каб было чым смачным частаваць гасцей.
За дзень да свята ў вёску прыходзіла шмат інвалідаў, сляпых людзей, якія ўмелі добра іграць на гармоніку, побач з імі ішоў павадыр. На начлег іх разбіралі мясцовыя жыхары. А 9 жніўня сляпыя разам з павадырамі хадзілі каля царквы. На гармонік была прычэплена скарбонка, у якую і клалі міласціну прыхаджане. Затым сляпыя гарманісты ішлі па вуліцы і кожны з гаспадароў лічыў абавязковым запрасіць іх да сябе і пачаставаць.
А вечарам ля царквы былі танцы. Танцы ў складчыну. Чаму ў складчыну? Клуба не было, таму рабілі танцпляцоўку. Кожны з дому нёс па дошцы, каб змайстраваць яе. Танцы заканчваліся, і кожны сваю дошку забіраў назад.
На гэтае свята заўсёды запрашалі ў якасці гарманістаў вядомых у акрузе майстроў. Да нас на танцы звычайна прыязджаў Юлік, як мы яго называлі, хаця сапраўдныя яго імя і прозвішча былі Юлій Грэнь.
Настасся Васільеўна Кіцель, жыхарка в. Дарапеевічы, 78 гадоў:
— Свята заўсёды пачыналася са службы ў царкве, дзе служыўся малебен у гонар збавіцеля Панцеляймона. Ён дастойны быў у Бога, валодаў дарам збаўляць лю­дзей ад бед і хвароб, немачы, трэба было толькі ў малітве шчыра прасіць яго аб гэтым. У царкву прыходзілі і прыязджалі як мясцовыя прыхаджане, так і праваслаўныя вернікі з іншых вёсак, у каго ў Дарапеевічах ёсць сваякі, у тым ліку і з Маларыты, Кобрына. Гэтая традыцыя жыве і сёння.
Уладзімір Мікалаевіч Мікіцюк, жыхар в. Малы Паўлопаль, 68 гадоў:
— Я памятаю, хаця яшчэ малым быў, як мы з маці пешшу дабіраліся з Паўлопаля ў Дарапеевічы ў царкву. Ля царквы, памятаю, стаяла шмат коней з павозкамі, бо на службу прыязджала шмат людзей з навакольных вёсак і з далёкіх. Пасля службы па традыцыі трэба было пагасцяваць у родзічаў, схадзіць на могілкі, дзе пахаваны блізкія, каб аддаць ім даніну памяці.
Ірына Пятроўна Алесіюк, жыхарка в. Лукава, 34 гады:
— Сама я з Лукава, муж – з Дарапеевіч. Я ведаю, што ў іх такая традыцыя, таму заўсёды 9 жніўня едзем у Дарапеевічы. Спачатку на службу ў царкву, затым – у госці да родных.

А працягвалася свята ў той дзень у сельскім Доме культуры, дзе самадзейныя артысты паказалі сваім землякам і гасцям цудоўны канцэрт. Тут жа ўшаноўвалі тых, хто адзначыў круглыя даты, народных умельцаў, доўгажыхароў і інш.
З рук старшыні сельвыканкама Юліі Плуцэнік падарункі атрымалі залатыя юбіляры Аляксей Іванавіч і Ганна Іосіфаўна Кіцелі, Мікалай Мацвеевіч і Вера Іванаўна Гузюкі, шматдзетныя маці Алена Варабей, Алена Прач, Вольга Булавіна, Людміла Альшэўская, Марыя Пятрова і Святлана Піліпчук, доўгажыхары Ніна Рыгораўна Ярманюк (87 гадоў), Пелагея Сідараўна Багдановіч (87 гадоў), Яўгенія Паўлаўна Бурда (88 гадоў), Андрэй Іванавіч Бойка (89 гадоў).
Сцепаніда Аляксееўна Сцепанюк і Ніна Фёдараўна Сцепанюк, майстры-ўмельцы і майстры народных спеваў, таксама былі заахвочаны падарункамі.
Не пакінулі без увагі на свяце і тых, чый двор па выніках конкурсу быў прызнаны лепшым. У ліку пераможцаў аказаліся Віктар і Галіна Мамчуры, Таццяна і Анатоль Сцепанюкі, Анатоль і Святлана Машлякевічы.
Дарэчы тут было і выступленне старшыні райсавета ветэранаў Уладзіміра Андрэевіча Бойкі, які сам нарадзіўся і вырас на дарапеевіцкай зямлі, не забывае і любіць сваіх землякоў, не прапускае ніводнае свята, якое арганізоўваецца ў родных мясцінах.
Жарты, задушэўныя песні, сцэнкі – усё гэта падабалася гледачам, узнімала ім настрой і за ўсё гэта яны дзякавалі шчырымі апладысментамі самадзейным артыстам з сельскага Дома культуры, узначальвае які Ларыса Гузюк. Арганізатары свята выказвалі шчырую ўдзячнасць кі­раўніку СВК Васілю Юхімуку, які выдзеліў сродкі на падарункі.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 18.08.2012 г.

Добавить комментарий


france.medicaments-24.com

220km.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!