АБНОЎЛЕНЫЯ ШКОЛЫ ЧАКАЮЦЬ ВУЧНЯЎ

На календары — сярэдзіна жніўня. І хоць дзеці яшчэ цешацца апошнімі тыднямі канікулаў, у школах ужо, можна сказаць, усё гатова да новага навучальнага года, і да агульнага малюнку добраўпарадкаванасці цяпер дадаюцца апош­нія штрыхі. А тое, як падрыхтаваліся навучальныя ўстановы да сустрэчы са школьнікамі, штогод правярае спецыяльная камісія, у склад якой акрамя спецыялістаў аддзела адукацыі ўвахо­дзяць прадстаўнікі Энерга­інспекцыі і санітарна-эпідэміялагічнай службы раёна.
Сёлета праверка гатоў­насці школ пачалася 14 жніўня. У першы дзень рэйдавая брыгада пабывала ў вёсках Мельнікі, Хаціслаў, Арэхава, Ланская і Олтуш.
Глянец фарбаў у школьных калідорах, утульнасць кабінетаў, дзе з густам падабраны шпалеры, абноўленыя стэнды, яркасць колераў ландшафтнага афармлення – дакладнае сведчанне таго, што хутка 1 верасня. Кожная са школ да новай сустрэчы са сваімі вучнямі рыхтавалася, як магла: хто разлічваў толькі на свае сілы і зарабляў грошы, хто цесна супрацоўнічаў з бацькоўскімі камітэтамі, каго падтрымалі спонсары – мясцовыя гаспадаркі, але ў цэлым усе калектывы навучальных устаноў, як пераканалася выязная камісія, справіліся з задачай. І настаўнікі, і тэхработнікі добра папрацавалі і надалі старым будынкам новы выгляд: навялі парадак у холах і кабінетах, сталовых і харчблоках, вучэбных майстэрнях і спартыўных залах, на прышкольных участках і спартыўных пляцоўках.
У Мельніцкай базавай школе, дзе сёлета за парты сядуць 88 хлопчыкаў і дзяўчынак, хоць і не змаглі з-за рамонту цеплатрасы цалкам добраўпарадкаваць тэрыторыю, але падрыхта­валі для школьнікаў сюрпрыз. На школьнай тэрыторыі цяпер размясціўся самабытны куточак, які прыцягвае вока.Парадуе школьнікаў і абноўленая, нібы з іголачкі, спартыўная зала. Абнавіліся многія кабінеты ў Хаціслаўскай, Ланской і Арэхаўскай школах. А вось олтушскія школьнікі сваю навучальную ўстанову і ўвогуле не пазнаюць. Новы сучасны выгляд набылі тут калідоры, абнавілася ў кабінетах мэбля.
Але падрыхтоўка да новага навучальнага года – гэта не толькі фарбаванне сцен і падлогі, навядзенне чысціні і парадку. Гэта яшчэ і тэхнічнае пераабсталяванне. Некаторым навучальным установам сёлета пашанцавала набыць камп’ютарную тэхніку, мультымедыйныя ўстаноўкі, тэхналагічнае і бытавое абсталяванне, новую мэблю. І гэта, безумоўна, радуе. Як і тое, што кіраўнікі навучальных устаноў ужо не скардзяцца на тое, што ў школе ў час дажджу працякае столь. Пры будаўніцтве аграгарадкоў, калі пэўныя сумы выдзяляліся на рамонт навучальных устаноў, “дахавыя” праблемы былі зняты.
Наведваючы школы, рэйдавая брыгада не забывала завітаць і ў да­школьныя ўстановы, якія, трэба сказаць, усе, без выключэння, уражвалі сваімі дызайнерскімі рашэннямі, чысцінёй і парадкам у пакоях.
Праверка гатоўнасці навучальных устаноў заняла чатыры дні. Невыпадкова штогод рэйды праводзяцца загадзя. У час наведвання аб’ектаў грунтоўна вывучаюцца пытанні тэхнікі бяспекі, праблемы, звязаныя з падрыхтоўкай да ацяпляльнага сезона, звяртаецца асаблівая ўвага на выкананне ўсіх санітарных нормаў. Безумоўна, камісіяй былі выяўлены пэўныя недапрацоўкі і недахопы, якія, паколькі ёсць яшчэ час, калектывамі навучальных устаноў абавязкова будуць ліквідаваны. І ў Дзень ведаў школы парадуюць вучняў сваёй утульнасцю, камфортам і прыгажосцю.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: навучальныя ўстановы чакаюць школьнікаў.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 22.08.2012 г.

Добавить комментарий


оксандролон цена

profshina.kiev.ua

steroid-pharm.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!