Кліч продкаў сям’i Саўчукоу

З даўніх часоў прынята лічыць, што калі ў сям’і з пакалення ў пакаленне выбіраюць адну і тую ж справу, дык гэта сапраўды моцная сям’я. У СВК “Хаціслаўскі” сям’ю Віктара і Кацярыны Саўчукоў ведаюць як працавітую. Іх бацькі ўсё жыццё працавалі ў мясцовай гаспадарцы, а зараз там жа шчыруюць і іх дзеці. Так, час не стаіць на месцы, мяняюцца пакаленні, прыярытэты ў жыцці, але калі не мяняецца ў людзей павага да зямлі і працы, то гэта, безумоўна, сведчыць аб добрым выхаванні і шчырай вясковай душы.
Адразу ж пасля вайны маладыя мужчыны, былыя франтавікі Георгій Мацвеевіч Саўчук і Мікалай Дарафеевіч Ківачук вярнуліся дамоў, у вёску Хаціслаў. Сядзець і адпачываць часу не было, таму што патрэбна было аднаўляць гаспадарку, якая моцна была разбурана пасля жорсткай вайны, а таксама будаваць і сваё ўласнае жыццё. Мужчыны пайшлі працаваць у мясцовы калгас. Спачатку займаліся самымі разнастайнымі работамі, бо людзей не хапала, а працы было шмат. У тыя часы аб сваёй гаспадарцы асабліва ніхто не думаў. Галоўнае было ўзняць калгас. Гэтым і займаліся як мужчыны, так і жанчыны. І за сваю працу грошай яны не атрымлівалі, ды і не крыўдавалі на гэта, бо ўсе разумелі, для чаго і навошта яны працуюць. А працавалі тады дружна, з добрым настроем. За працай вельмі часта спявалі, так і не заўважалі, як дзень праходзіў. А вечарамі, нягледзячы на тое, што працавалі цяжка і стамляліся, усё роўна моладзь заўсёды збіралася на пасядзелкі, танцы. У павазе былі тыя хлопцы, хто меў гармонік і ўмеў іграць. На танцах і знайшлі сваіх другіх палавінак Георгій Саўчук і Мікалай Ківачук.
Час ідзе, сёння гэтыя мужчыны ўжо ў шаноўным узросце. Жонкі Георгія Мацвеевіча, на жаль, ужо няма, а сам ён спраўляцца з бытавымі праблемамі самастойна ўжо не можа, таму знаходзіцца ў дзяцей у Брэсце, якія яго і даглядаюць. Як некалі і ён з жонкай даглядалі сваіх малых дзяцей.
Сямейная пара: Мікалай Дара­феевіч і Вольга Арсенцьеўна Ківачукі, якія ўсё жыццё працавалі ў мясцовым калгасе, сёння таксама знаходзяцца на заслужаным адпачынку, таксама ўжо нямоглыя, таму разам з імі жыве і даглядае іх дачка Кацярына. Мікалай Дарафеевіч апошнім часам працаваў ў калгасе пастухом, а яго жонка Вольга Арсенцьеўна — паляводам.
…У доме на самым бачным месцы на сцяне вісіць юбілейная Ганаровая грамата Мікалаю Дарафеевічу ў гонар 60-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне за подпісам Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі. Дачка з зяцем Мікалая Дарафеевіча расказалі, што гэтую грамату ён атрымаў у 2005 годзе за дбайную працу на Славу Святой Царквы. А гэта лішні раз пацвярджае, што пры вялікай занятасці ён заўсёды знаходзіў час наведаць святы храм. Магчыма, менавіта таму з Божай падтрымкай і дажыў ён да такога сталага ўзросту.
Так склаўся лёс, што дачка Мікалая Дарафеевіча Ківачука і сын Георгія Мацвеевіча Саўчука спадабаліся адзін аднаму і з цягам часу пажаніліся. Сёння ў Віктара Георгіевіча і Кацярыны Мікалаеўны двое дзетак – дачка Вольга і сын Сяргей. Віктар Георгіевіч і Кацярына Мікалаеўна, як прызнаюцца самі, лепшай долі ў чужых краях шукаць і не хацелі, адразу ж вырашылі, што застануцца ў роднай вёсцы, там, дзе нарадзіліся і выраслі, дзе знайшлі адзін аднаго. Працаваць сталі таксама ў мясцовай гаспадарцы. Кацярына Мікалаеўна працавала на зернетаку, але сёння ўжо знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Трымае сваю гаспадарку – козак. З замілаваннем расказвала яна, як клапоціцца пра іх і за што любіць.
Муж Кацярыны Мікалаеўны, Віктар Георгіевіч, працаваў і сёння працуе ў рамонтных майстэрнях СВК “Хаціслаўскі”. Дзеці Кацярыны і Віктара Саўчукоў таксама шчыруюць у гэтай гаспадарцы. Старэйшая дачка Вольга вось ужо два гады працуе бухгалтарам. “Спачатку я працавала па спецыяльнасці ў Брэсце, — гаворыць Вольга Саўчук, — а пасля абставіны склаліся так, што вырашыла на нейкі час вярнуцца ў родную вёску. Так і працую ўжо два гады. Пакуль мяне ўсё задавальняе, таму нічога мяняць не збіраюся. Вядома, у горадзе лягчэй жыць, чым у вёсцы, ды і магчымасцей для забаў, безумоўна, больш, але і ў вёсцы можна жыць і працаваць, а тым больш, што праца мне мая падабаецца”.
І сапраўды, родныя мясціны, родная зямля заўсёды з радасцю прымуць сваё дзіця. Малодшы сын, Сяргей, студэнт, вучыцца ў Мінску, але зараз праходзіць практыку таксама ў роднай гаспадарцы.
«Тое, што мы, нашы бацькі, дзеці засталіся ў вёсцы, гэта, напэўна, кліч продкаў, якія раней шмат гадоў назад працавалі на гэтай зямлі», — падагульніла нашу размову Кацярына Мікалаеўна.
І сапраўды, сувязь пакаленняў — гэта нешта даражэйшае за грошы і скарбы.
Анастасія Максімук.
На здымку: прадстаўнікі сямейнай дынастыі сям’і Саўчукоў і Ківачукоў.
Фота Алега Крэмянеўскага.

Опубликовано в «ГЧ» 22.08.2012 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


farkopi.com

7776432.teplostar.kiev.ua

аккумуляторы Кировоград