Ляцелі песні па арэхаўскіх прасторах

…Апоўдні вёска Арэхава ажывілася. З розных вуліц у цэнтр яе спяшаліся дарослыя і дзеці. Свята вёскі пачалося са слоў падзякі вядучай хлебаробам мясцовай гаспадаркі за іх нястомную старанную працу ў час жніва. Старшыні СВК “Арэхава” Мікалаю Пакроўскаму быў уручаны дажынкавы сноп, а ўсе госці пачаставаліся караваем з новага ўраджаю.
Па традыцыі вяскоўцаў павіталі старшыня Арэхаўскага сельвыканкама Пётр Ківачук і настаяцель Свята-Параскевінскай царквы айцец Анатоль. А хор Нядзельнай школы падарыў усім задушэўныя песні.
Свята вёскі – менавіта тая нагода, калі са сцэны ўспамінаецца гісторыя сельсавета, яе значныя старонкі, якія цесна пераплятаюцца з сучасным жыццём, расказваецца пра лёсы людзей. Вядома ж, распавесці пра кожнага з вяскоўцаў, а ў Арэхаўскім сельсавеце налічваецца больш за 1090 жыхароў, часу не хапіла б. А таму вядучыя называлі прозвішчы самых заслужаных землякоў, тых, хто абараняў родную зямлю ад ворага ў гады Вялікай Айчыннай вайны, хто выконваў свой інтэрнацыянальны абавязак на чужой зямлі, хто адданы нялёгкай сялянскай працы і сваімі залатымі рукамі праслаўляў і праслаўляе сваю вёску, хто з’яўляецца для ўсіх прыкладам мудрасці і таленту.
Арганізатары свята, а ў падрыхтоўцы яго штогод задзейнічаны работнікі сельскага Дома культуры, сельвыканкама і СВК “Арэхава”, не забылі запрасіць на ўрачыстую праграму залатых юбіляраў — Сцяпана Апанасавіча і Вольгу Паўлаўну Церашчукоў з вёскі Перавое, сярэбраных юбіляраў – Васіля Якаўлевіча і Алу Іванаўну Шчацінец з вёскі Перавое, Анатоля Сяргеевіча і Святлану Міхайлаўну Галенчукоў, Валерыя Фёдаравіча і Лідзію Пятроўну Сіжукоў з вёскі Арэхава. Не засталіся без увагі і самыя старэйшыя арэхаўскія жыхары Іван Раманавіч Бягеза, Усціння Парфір’еўна Кацюбук і Усціння Яфрэмаўна Церашчук. Цёплыя словы прысвячаліся таксама жанчынам, якія ўзнагароджаны ордэнам Маці, – Аксане Васільеўне Ківачук, Але Іванаўне Сай і Алене Васільеўне Панасюк. Падарункам усім сталі цудоўныя песні ў выкананні мясцовых артыстаў.
Былі падведзены на свяце вынікі конкурсу на лепшы двор. У вёсцы Арэхава ўзорнай была прызнана сядзіба Любові і Рыгора Капанькаў, другое і трэцяе месцы занялі двары Святланы і Алега Вітаноўскіх і Віктара і Святланы Яцура. У вёсцы Дрочава пераможцай конкурсу стала сям’я Аляксандра і Святланы Луцыкаў, у вёсцы Перавое –Валянціны і Паўла Пархамукоў. Дбалыя гаспадары былі заахвочаны дыпломамі і грашовымі прэміямі.
Працягам свята стала спар­тыўная праграма. Дзве каманды дарослых спаборнічалі ў перацягванні каната, дартсе, скачках у даўжыню, штурханні ядра, выбіванні мяча. А для трох дзіцячых каманд была арганізавана эстафета. Каманды “Дэльфіны”, “Маланка” і “Спарт­смены” спаборнічалі ў розных відах спорту, а для капітанаў каманд быў арганізаваны конкурс рыбака. Каб хутка злавіць у ёмістасці рыбу, давялося праявіць дзецям кемлівасць. А для дарослых конкурс быў забаўным відовішчам. Пазмагаліся арэхаўцы і ў індывідуальных спаборніцтвах. Першае месца ў тэнісе заваяваў Сяргей Галавей, у шашках — Віктар Яцура, мацнейшым у армрэслінгу быў Андрэй Бягеза, а ў штурханні ядра не знайшлося роўных Аляксандру Дземчуку.
Спартыўная праграма перадала эстафету танцавальнай.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКАХ: у час свята вёскі.
Фота Вольгі САХАРЧУК.

Опубликовано в «ГЧ» 22.08.2012 г.

Добавить комментарий


чистая вода
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!