МАЛАРЫЦКІ РАУС: ПЛЮСЫ І МІНУСЫ

Плюсы і мінусы ў рабоце райаддзела ўнутраных спраў, вынікі апытання, якое праводзілі сёлета супрацоўнікі Міністэрства ўнутраных спраў сярод насельніцтва – аб гэтым і іншым ішла размова ў інтэрв’ю, якое даў журналісту райгазеты “” намеснік начальніка ўпраўлення крымінальнага вышуку УУС аблвыканкама падпалкоўнік міліцыі Сяргей Дзмітрук. Удакладнім, што на працягу 5 апошніх гадоў Сяргей Іванавіч з’яўляецца куратарам аддзела ўнутраных спраў Маларыцкага райвыканкама.
— Сяргей Іванавіч, адным з ведамасных нарматыўных дакументаў Міністэрства ўнутраных спраў устаноўлена, што адносіны грамадзян і ступень іх даверу міліцыі лічацца асноўным крытэрыем ацэнкі дзейнасці органаў унутраных спраў. Якія ж вынікі апытання насельніцтва раёна, якое праводзілі сёлета супрацоўнікі Міністэрства ўнутраных спраў сярод насельніцтва раёна?
— Па-першае, 14,8% рэспандэнтаў прызналіся, што яны недастаткова інфармаваны пра работу органаў міліцыі. Мала таго, адмоўна ацанілі і аператыўнасць рэагавання супрацоўнікаў, і работу са зваротамі грамадзян. Жыхары раёна жадаюць бачыць супрацоўнікаў міліцыі больш актыўнымі і прафесійна адукаванымі пры разглядзе іх зваротаў, 60% грамадзян указалі на фармалізм пры разглядзе заяў, а 34,6% адзначылі, што яшчэ маюць месца факты абыякавасці і пасіўнасці (грубасці і бестактоўнасці) з боку супрацоўнікаў міліцыі.
26% апытваемых не адчуваюць сябе ў поўнай бяспецы ад злачынных замахаў у адносінах да сваёй маёмасці.
Што ж датычыць ступені даверу насельніцтва міліцыі, дык, на жаль, толькі 27,2% давяраюць ёй, а гэта найменшы паказчык у вобласці.
Адзначу, што ва ўсіх названых мною негатыўных тэндэнцыях адлюстравана сукупнасць недапрацовак усяго асабовага саставу аддзела ўнутраных спраў. Цяпер распрацаваны і прымаюцца дадатковыя практычныя меры па сістэмнай, мэтанакіраванай і больш якаснай рабоце з насельніцтвам.
— Сяргей Іванавіч, як можна ахарактарызаваць крымінагенную сітуацыю ў раёне ў І паўгоддзі 2012 г.?
— Аддзелу ўнутраных спраў у І паўгоддзі ўдалося замацаваць станоўчыя тэндэнцыі. Дастаткова адзначыць, што менш стала злачынстваў як па лініі ўсіх службаў (з 94 да 68), так і па лініі крымінальнага вышуку (з 58 да 55). Прычым, гэта найменшыя паказчыкі за апошнія 5 гадоў. У выніку прынятых мер супрацоўнікамі райаддзела міліцыі ў горадзе і раёне не дапушчана ўчынення забойстваў, разбояў, згвалтаванняў, вымагальніцтваў, махлярства, крадзяжоў аўтамабіляў, менш стала злачынстваў, учыненых у грамадскіх месцах (з 19 да 12), крадзяжоў (з 52 да 42), на ўзроўні мінулага года засталася колькасць крадзяжоў з жылля грамадзян. З 41 да 32 злачынстваў знізілася злачыннасць у вёсках, у асноўным за кошт зніжэння колькасці злачынстваў на тэрыторыі Гвозніцкага, Лукаўскага, Чарнянскага, Арэхаўскага, Хаціслаўскага, Велікарыцкага сельсаветаў.
Узровень злачыннасці ў разліку на 100 тысяч насельніцтва раёна і горада ў цэлым па лініях усіх службаў па выніках паўгоддзя склаў 27, што значна ніжэй, чым сярэдне­абласны паказчык (43,3).
Па лініі крымінальнага вышуку раскрыта 65,4% злачынстваў, што зноў жа вышэй чым сярэднеабласны паказчык – 55,5.
Аднак, на жаль, не ўсё так добра. У І паўгоддзі адзначаны рост злачыннасці ў асобных сельсаветах (Маларыцкі, Макранскі, Олтушскі). У цэлым па некаторых відах злачынстваў дапушчаны рост, як, да прыкладу, з 0 да 3 вырасла колькасць фактаў нанясення цяжкіх цялесных пакалечанняў, учынена 2 хуліганствы. З-за недапрацовак у прафілактычнай рабоце вырасла колькасць злачынстваў, учыненых асобамі ў стане алкагольнага ап’янення, тымі, хто быў асуджаны.
— Якіх злачынстваў у агульнай статыстыцы найбольш? З чым, на Вашу думку, гэта звязана?
— Па-ранейшаму найбольшую колькасць злачынстваў па лініі крымінальнага вышуку складаюць крадзяжы маёмасці.
Праведзены аналіз паказаў, што найбольшая колькасць злачынстваў учыняецца ў нядзелю і панядзелак, а найбольш крымінагенны час – з 22 гадзін да 06 гадзін.
У І паўгоддзі павялічылася колькасць крадзяжоў дзяржаўнай маёмасці (з 3 да 6). Найбольш хвалюе тое, што большасць зарэгістраваных крадзяжоў учынена шляхам свабоднага доступу.
Працягваючы гэтую тэму, хачу давесці да ведама грамадзян некаторыя аналітычныя паказчыкі. Ахвярамі злодзеяў у Маларыцкім раёне сталі 37 чалавек. Узрост большасці з іх ад 30 да 49 гадоў (42%). Практычна ў 30% злачынных дзеянняў пацярпелі жанчыны.
— На Ваш погляд, якая праблема цяпер заслугоўвае асаблівай увагі не толькі з боку міліцыі?
— Наркотыкі і яшчэ раз наркотыкі. Але спыніць наркатычную чуму мы не можам толькі сіламі міліцыі. Кожны павінен усведамляць, што цаной перамогі над наркаманіяй з’яўляецца захаванне сям’і, краіны, нацыі.
— Сяргей Іванавіч, асноўны аб’ём работы па ахове грамадскага парадку і барацьбе са злачыннасцю выконваюць, вядома ж, супрацоўнікі аддзела ўнутраных спраў. Што на сёння ўяўляе сабой кадравы патэнцыял РАУС, якія ў яго магчымасці, прафесіянальная прыгоднасць, поспехі і праблемы?
— Скажу так: “Хто не працуе, той не памыляецца”. Таму, як паказвае жыццё, ёсць памылкі ў сістэме адбору кадраў для работы ў органах унутраных спраў. Хаця ў апошнія гады ў аддзеле арганізоўваюцца мерапрыемствы па фарміраванні яе цэласнасці. Асноўны ўпор пры гэтым робіцца на ўмацаванне законнасці і дысцыпліны сярод асабовага саставу, павышэнне яго гатоўнасці да выканання аператыўна-службовых задач.
Большасць супрацоўнікаў райаддзела міліцыі адпрацавалі І паўгоддзе ў рэжыме максімальнага напружання, але не адступілі перад цяжкасцямі. Нямала і тых, хто ў барацьбе са злачыннасцю праявіў свае лепшыя прафесіянальныя і чалавечыя якасці. Супрацоўнікі аддзела за прыкладную дысцыпліну, узорнае выкананне службовых абавязкаў заахвочваліся кіраўніцтвам РАУС, УУС, МУС. У адрас кіраўніцтва аддзела паступіла 7 пісьмаў ад жыхароў горада і раёна, у якіх яны дзякуюць супрацоўнікам райаддзела міліцыі за прафесійна адукаваныя дзеянні пры вырашэнні праблемных пытанняў, праяўленую высокую культуру і чалавечнасць.
— Вашы пажаданні жыхарам раёна?
— Карыстаючыся магчымасцю, выказваю жыхарам раёна вялікую ўдзячнасць за давер міліцыі і гатоўнасць аказваць нам дапамогу. У цэлым жадаю чалавечага шчасця, а гэта значыць, кахаць і быць каханымі, адчуваць цеплыню ў кругу сям’і, быць здаровымі. Жадаю, каб у вашых дамах заўсёды панавала згода і быў дастатак, каб гучаў дзіцячы смех і свяціліся шчасцем вочы жанчын. Няхай ажыццёвяцца ўсе вашы мары. Здароўя, шчасця, удачы вам, паважаныя жыхары раёна.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: намеснік начальніка ўпраўлення крымінальнага вышуку УУС аблвыканкама Сяргей ДЗМІТРУК.

Опубликовано в «ГЧ» 22.08.2012 г. 

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий