“Я, ТЫ, ЁН, ЯНА — РАЗАМ ДРУЖНАЯ СЯМ’Я”

гэтыя словы сталі дэвізам абласнога этапу рэспубліканскага праекта “Уладар сяла”
Аграгарадок “Лукава” – прыгожая мясціна, дзе ахвотна застаюцца жыць і працаваць маладыя сем’і, стаў на мінулым тыдні месцам правя­дзення абласнога этапу рэспубліканскага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла”. Сюды, нягледзячы на адлегласць, каб падзяліцца сакрэтамі свайго сямейнага шчасця, прадэманстраваць гаспадарлівасць і ўменне разбірацца ва ўсіх тонкасцях вясковага жыцця, з розных куточкаў Брэстчыны з’ехаліся сем’і-ўдзельніцы конкурснай праграмы. Паглядзець на тое, што будзе адбывацца ля сельскага Дома культуры, і асабіста ацаніць увесь напал конкурсных пачуццяў, прыйшло нямала мясцовых жыхароў.
Барацьбу за званне “Уладар сяла” маладыя сем’і пачалі з конкурсу візітных картак “Я, ты, ён, яна – разам дружная сям’я”. Дзевяць “візітак” – нібы дзевяць кароткаметражных фільмаў: у кожнага з удзельнікаў сваё жыццё, гісторыя стварэння сям’і, колькасць дзяцей, погляды і захапленні. Ды і форму знаёмства са сваёй сям’ёй кожны абраў сваю. Хто склаў вершаваныя радкі, хто стараўся перадаць настрой сям’і праз песню, хто зрабіў стаўку на гумар…
А сям’я Місюраў з Пінскага раёна ўвогуле за некалькі хвілін паказала цэлае прадстаўленне са шчырым узаемным прызнаннем у каханні і адданасці, з музычным сюрпрызам і нават танцам, з першых хвілін уразіўшы гледачоў.
Ацэньвала канкурсантаў кампетэнтнае журы, у склад якога ўвайшлі старшыня Маларыцкага раённага Савета дэпутатаў Пётр Губей, намеснік старшыні Маларыцкага райвыканкама Вадзім Шпетны, выконваючы абавязкі першага сакратара Брэсцкага АК ГА “БРСМ” Віктар Іваноў, выконваючы абавязкі начальніка аддзела па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама Юрый Сігянюк і галоўны спецыяліст аддзела па справах моладзі аблвыканкама Алеся Дзянісава.
— Сама назва праекта “Уладар сяла” гаворыць аб тым, што сабраліся на конкурс самыя лепшыя маладыя сем’і вобласці. Вядома ж, перамога ў конкурсе — гэта важна, бо сям’я-пераможца прыме ўдзел у рэспубліканскім фестывалі працаўнікоў сяла “Дажынкі-2012”. Але самае галоўнае, што ўсе вы зможаце паказаць сябе, павучыцца мудрасці ў іншых і проста павесяліцца і адпачыць, — адзначыў, звяртаючыся да сямей-удзельніц, якія прыехалі з Камянца і Баранавіч, Драгічына і Івацэвіч, Лунінца, Жабінкі і іншых раёнаў вобласці, старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Губей.
Пакуль канкурсанты рыхтаваліся да асноў­­най часткі – сельскай спар­тыўнай эстафеты, жу­ры вывучала відэаматэрыя­лы конкурсу “Лепшы сельскі падворак”, а вяскоўцы, якія прыйшлі на сапраўднае сямейнае свята, пазнаёміўшыся на адкрытай тэрасе СДК з выставай народнай творчасці, спяшаліся на пляцоўку ля Лукаўскага Дома культуры. Там цікавыя цыркавыя нумары паказвалі юныя спартсмены-баскет­балісты з Масквы, якія наведаліся ў Маларыту і ахвотна згадзіліся прыняць удзел у конкурснай праграме.
І вось яна — галоўная інтрыга праекта – конкурс, які праверыў сілу, спрытнасць і агульную зладжанасць. Паглядзець, на што здольны разам муж і жонка ў маладой вясковай сям’і, вырашылі арганізатары конкурснай праграмы, прапанаваўшы канкурсантам пакалоць дровы і прыгожа іх склас­ці. З гэтым фізічна складаным конкурсам ні ў каго праблем не ўзнікла. Але не паспелі сем’і перавесці дух, як ім прапанавалі новае, больш мудрагелістае заданне: жонка павінна была напоўніць чыгунок вадой, на вілках данесці яго да мужа, які, выліўшы ваду ў другое вядро, сам адпраўляўся з чыгунком па ваду. Важна было не толькі спрытна справіцца з заданнем, але яшчэ і не разліць вадзіцу, якая выступала своеасаблівым сімвалам сямейнага шчасця. Пасля такой спартыўнай размінкі настрой ва ўсіх стаў яшчэ лепшым.
Разам знаходзіць выхад з розных канфліктных сітуацый давялося сем’ям у конкурсе “Жыццёвая мудрасць”, а конкурс гаспадароў праверыў, як умеюць муж і жонка дружна спраўляцца з гаспа­дарчымі справамі.
Усе ўдзельнікі вельмі стараліся. Але конкурс ёсць конкурс, і ў ім павінен быць пераможца. З першых хвілін конкурснай праграмы не магла не прыцягнуць да сябе ўвагу творчая, актыўная і вельмі пазітыўная сям’я Місюраў з Пінскага раёна. Яна лідзіравала і ў спартыўнай эстафеце, а таму і заваявала галоўны прыз праекта і права ўдзельнічаць у рэспубліканскім этапе конкурсу. Дыплом за лепшы сельскі падворак атрымала сям’я Шамайлаў з Жабінкі.
Маларыцкі раён прад­стаўляла на конкурсе сям’я Валерыя і Вольгі Шынкарукоў з вёскі Макраны. Разам з дзецьмі — Дзмітрыем, Анастасіяй і Аксанай (дарэчы, Аксана — малодшая сястра Валерыя, якая з маленства выхоўваецца ў сям’і брата), яны падрыхтавалі цікавую візітную картку: яны выступалі ў нацыянальных касцюмах, нядрэнна спраўляліся з заданнямі спартыўнай эстафеты. У ліку лепшых быў адзначаны і прыгожы двор гэтай сям’і. Але Шынкарукам не хапіла набраных балаў, каб перамагчы ў конкурсе. Праўда, гэта Валерыя і Вольгу не расчаравала.
— Галоўнае, уражанняў шмат засталося, настрой быў цудоўны, — у адзін голас заяўлялі Шынкарукі.
І не толькі ў канкур­сантаў настрой быў цудоў­ны. Вясёлыя байкі, прыгожыя песні і танцы ў выкананні артыстаў з Лукава і Маларыты радавалі лукаўскіх жыхароў да самага вечара. Не кожны дзень у вёсцы бывае такое свята…
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКАХ: у час конкурснай праграмы “Уладар сяла”; удзельнікі конкурсу сям’я Шынкарукоў з в. Макраны (у цэнтры).
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 25.08.2012 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.