Інтэлігенты ад зямлі

Хаціслаў – вёска не такая ўжо і вялікая. Усе, думалася, добра ведаюць адзін аднаго. Таму патрэбнага чалавека знайду хутка.
— Дзе тут жывуць Бенесюкі? – спытаўся ў адной жанчыны, якую сустрэў на цэнтральнай вуліцы населенага пункта.
— Усюды, — адказала, усміхаю­чыся, жыхарка Хаціслава. – Бенесюкоў у вёсцы, мабыць, чалавек з дзвесце будзе. А вы каго канкрэтна шукаеце?
— Соф’ю Пятроўну.
— Не, не ведаю такую. А чым яна знакамітая?
— Была жонкаю вясковага каваля.
— Так адразу і сказалі б. Вы шукаеце дом Пятра Паўлавіча, — жанчына стала паказваць, як прасцей і хутчэй праехаць да сядзібы патрэбных мне Бенесюкоў. А пасля дадала: — На жаль, Пятра няма ўжо ў жывых. Ён быў вядомым кавалём на ўсё наваколле. Пятра смела можна назваць кавальскай справы каралём. Любую рэч мог хутка і якасна зрабіць. У мяне яго «копачкі» да гэтага часу служаць. То быў чалавек з залатымі рукамі.
— Сапраўды, мой муж, Пётр Паўлавіч, быў калгасным кавалём, — пацвердзіла пры сустрэчы Соф’я Пятроўна, яго жонка. – Ім працаваў 2 дзясяткі гадоў, а агульны стаж у калгасе налічваў намнога больш.
Маёй субяседніцы ў красавіку споўнілася 82 гады, 35 з іх — жанчына аддала калгасу “Запаветы Леніна”. Больш чым трэць стагоддзя працавала яна паляводам. Калгасніцай стала разам са сваім бацькам у 1950г.
— Соф’я Пятроўна, а што Вам найбольш запомнілася з 50-ых гадоў мінулага стагоддзя?
— Усё памятаю, але найбольш тое, што для жанчын “дэкрэтных” водпускаў не было прадугледжана. Я сына Валодзю нарадзіла ў красавіку, а летам таго ж года ўжо жыта жала сярпом. А яшчэ памятаю, як за цэлы год паляводства ў калгасе атрымала на рукі 11 рублёў. Тагачасны брыгадзір растлумачыў, што за адзін працадзень налічвалася ўсяго толькі 3 капейкі. Грошай было зусім мала, але жылі і неяк прыстасоўваліся.
— І як жылі?
— Ды добра (усміхаецца). Усё неабходнае давала ўласная гаспадарка. Сала, мяса было сваё. Грошы збіралі, прадаўшы ў Маларыце на рынку малако, смятану, тварог, яйкі, проса… На іх пасля куплялі адзенне і абутак. На сваіх зямельных участказ працавалі шчыра, каб атрымаць багаты ўраджай. Ад гэтага залежаў дабрабыт сям’і. Бо чым больш знаходзілася ў гаспадара ва ўласнасці зямлі, тым больш неабходна было здаць зерня ў калгас. Кожнаму даводзіўся план…
Соф’я Пятроўна доўга і цікава расказвае, як пачынала ў калгасе працаваць, а таксама – пра мары, спадзяванні, няўдачы і перамогі,радасці і ўцехі. Я не перабіваю жанчыну. Паступова, перагортваючы адну за адной старонкі памяці, мая субяседніца дайшла да таго перыяду жыцця, калі падраслі дзеці.
— А ім хто выбіраў будучую прафесію?
— Ніхто, самі. Тут прымушаць не трэба.
— Прыкладам для нас сталі бацькі, — падтрымлівае размову Віталь Пятровіч, сын Соф’і Пятроўны. – Яны – сапраўдныя інтэлігенты ад зямлі. Мы, дзеці, на свае вочы бачылі, наколькі мама і тата былі адданыя сялянскай працы, роднаму краю. Хацелася стаць такімі, як яны.
У дзяцей Пятра Паўлавіча і Соф’і Пятроўны ўсё атрымалася так, як задумвалася, і яны сталі годнымі прадаўжальнікамі справы сваіх бацькоў. Між іншым, усе, хто да гэтай дынастыі належыць, носяць адно і тое ж самае прозвішча – Бенесюкі. 7 чалавек з іх ужо звязалі свой жыццёвы і прафесійны шлях з мясцовай гаспадаркай. Сын Уладзімір адпрацаваў у ёй больш чым 30 гадоў. Стаж у другога сына, Мікалая, налічвае больш чым 33 гады, а ў яго жонкі Валянціны Давідаўны, – 35. Іх сын, Раман Мікалаевіч, таксама збіраецца з 1 верасня стаць навучэнцам Маларыцкага прафесійнага ліцэя, дзе хоча набыць сельскагаспадарчую спецыяльнасць.
У СВК “Хаціслаўскі” працуе і Віталь Пятровіч, трэці сын. Сюды ён прыйшоў 1 красавіка 1981 г. ды так тут і прапісаўся назаўжды.
— Спачатку мне далі трактар МТЗ-50, пасля перасеў на Т-25, — успамінае Віталь Бенясюк. – А зараз у мяне МТЗ-82. Раздаю кармы для жывёлы на ферме.
— Хто паўплываў на выбар прафесіі?
— Пайшоў па слядах сваіх братоў-трактарыстаў, якія таксама закончылі Маларыцкае СПТВ-11. Яны не раз давалі мне праехацца на трактары. А ў любога падлетка такое – жаданая і часта недасягальная мара. А ў мяне… Было б толькі жаданне. Гэта, напэўна, і паспрыяла выбару прафесіі. Пазней Уладзімір і Мікалай сталі прыкладам, як трэба адносіцца да тэхнікі і любой даручанай справы.
Працуе ў СВК “Хаціслаўскі” і Марыя Аляксееўна, жонка Віталія Пятровіча. Яна цялятніца.
Пасля заканчэння школы Марыя Бенясюк вучылася ў Брэсцкім вучылішчы лёгкай прамысловасці № 26. Тут набыла спецыяльнасць “Швачка-матарыстка”. Пасля амаль 9 гадоў працавала швачкай на швейных фабрыках у абласным цэнтры. Аднак, сустрэўшы сваё каханне, пераехала жыць у Хаціслаў.
— Марыя Аляксееўна, не шкадуеце, што прамянялі горад на вёску?
— Не. У нас жа тут аграгарадок… Пераканана, што чалавек шчаслівы там, дзе яго сям’я, родныя, дзе ёсць жыллё, месца працы, дзе яго любяць і чакаюць у любую хвіліну, дзе ён камусьці патрэбен.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: прадстаўнікі дынастыі Бенесюкоў.
Фота Алега Крэмянеўскага.

Опубликовано в «ГЧ» 25.08.2012 г.

Добавить комментарий


как накопить денег

что такое хедж фонд

читать дальше
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!