“Грыбы на Маларытчыне чыстыя”

Пасля дажджоў пайшлі грыбы. Не ад аднаго ў апошнія дні даводзілася чуць, што з лесу грыбнікі вяртаюцца з поўнымі кошыкамі. Вырашыў паспрабаваць грыбнога шчасця і я. Досвіткам разам са знаёмымі накіроўваемся ў лес. Абмяркоўваем маршрут руху. Спыняемся на думцы, што лепш за ўсё паехаць пад Збураж. Некалькі хвілін па асфальтаванай дарозе, пасля паварот у грыбныя мясціны. Нейкі час яшчэ едзем па лесе. Нарэшце, глушым матор. Пачынаем разыходзіцца ў розныя бакі. На гадзінніку 6.15. А вось і першая ўдача: у траве заўважыў адразу цэлую сямейку баравікоў… Прайшло амаль дзве з паловаю гадзіны. «Ціхім» паляваннем я задаволены. Для першага разу грыбоў сабраў многа і ўсякіх. У кошыку – лісічкі, сыраежкі, маслюкі, махавікі, падбярозавікі, падасінавікі…
Ужо дома надумаў праверыць лясны ўра­джай на ўтрыманне радые­нуклідаў, прайсці радыеметрычны кантроль. Адабраў падасінавікаў і накіраваўся ў лабараторыю ветэрынарна-санітарнай экспертызы, якая знаходзіцца на гарадскім рынку Маларыты.
— Сёння Вы першы, хто прынёс грыбы на аналіз, — кажа Галіна Вінакурава, загадчыца лабараторыі. – Давядзецца трошкі пачакаць. Вынікі будуць вядомы сёння. Увесь працэс зойме да 20 хвілін.
Галіна Іванаўна і Вера Шульжык, лабарант, прыступаюць да справы. Адначасова я задаю пытанні.
— Часта жыхары Маларытчыны прыносяць грыбы на аналіз?
— Рэдка, — гаворыць Галіна Вінакурава. — У асноўным толькі тыя, хто прадае іх на рынку. Усе перакананы, што ў нас радыяцыйны фон у норме. Сапраўды, гэта так. Грыбы на Маларытчыне, звычайна, чыстыя. Таму асабліва з гэтай нагоды людзі і не хвалююцца. Дапушчальная норма ўтрымання радыенуклідаў – да 370 бекерэляў на 1 кілаграм. Яе перавышэнне ў нашых журналах зафіксавана ў 2010 годзе. Высокі ўзровень радыеактыўных рэчываў тады мы знайшлі ў зялёнках, якія былі сабраны ў лесе пад Збуражам. У 2011 і гэтым годзе “брудных” грыбоў пакуль не было.
-Які ўзровень радые­нуклідаў у тых грыбах, што вы даследавалі нядаўна?
— Ён адносна невысокі, — кажа Вера Раманаўна і шукае адпаведныя запісы ў журнале. – 2 і 15 жніўня гэтага года правяралі лісічкі. У іх адпаведна зафіксавалі 29,9 і 93 бекерэлі на адзін кілаграм. Бывае, што гэты паказчык дасягае лічбы 130, 170 і 300. Але гэта ў межах дапушчанага. Між іншым, мы можам праверыць на радыеактыўнасць і сухія грыбы.
Каб у любых грыбах знізіць узровень радыенуклідаў, неабходна правільна іх апрацаваць. Для гэтага ў першую чаргу трэба грыбы адварыць у некалькіх водах.
— Галіна Іванаўна, а што яшчэ Вы бярэце на аналіз?
— Любую прадукцыю жывёльнага і расліннага паходжання. Калі чалавек не ўпэўнены ў якасці чагосьці, няхай прыходзіць да нас. Усе сумненні мы развеем (смяецца).
— А колькі неабходна прынесці прадукцыі на аналіз?
-Сярэдняя проба прадукцыі – да аднаго кілаграма.
— Галіна Іванаўна, колькі аналізаў Вы робіце за дзень?
— Лабараторыя працуе штодзень з 8.00 да 17.00 з перапынкам на абед з 13.00 да 14.00. Выхадны ў нас – панядзелак. У сярэднім за гэты час мы праводзім больш за 50 аналізаў. Найчасцей людзі прыносяць бульбу, памідоры, капусту, агуркі, буракі, моркву, цыбулю, а таксама – садавіну і мяса. Больш за ўсё аналізаў робім у суботу і аўторак.
— А кошт які?
— Памяркоўны. У нас ёсць зацверджаны прэйскурант цэн. Кошт залежыць ад некалькіх фактараў. Аднак аналіз расліннай прадукцыі, якую чалавек хоча прадаць на рынку вагою да 50 кг, бясплатны. Варта нагадаць патэнцыяльным гандлярам, што прадаваць лішкі прадукцыі можна толькі ў спецыяльна адведзеных для гэтага месцах і толькі з прылаўка. Зрабіўшы аналіз, мы абавязкова выдаем даведку на рукі аб тым, што прадукцыю можна спажываць.
Прайшло 15 хвілін. Вера Шульжык закончыла даследаванне маіх грыбоў. Узровень радыенуклідаў у іх прыбор зафіксаваў такі: 2,48 ±4,11 бекерэля на адзін кілаграм. Мае падасінавікі аказаліся амаль чыстымі. Можна спакойна іх пачынаць перапрацоўваць і спажываць.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: вынікі майго “ціхага” ранішняга палявання.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 29.08.2012 г. 

Добавить комментарий


chemtest.com.ua

www.renault.niko.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!