На прыём да ўрача лепш запісацца загадзя

За апошні час у рэдакцыю патэлефанавала некалькі чалавек, якія задавалі адны і тыя ж пытанні. Яны тычыліся работы паліклінікі. Знаёмая настаўніца, напрыклад, расказала наступнае. Па яе словах, гэта – тыповая з’ява.
Панядзелак, 8.00. Ля акенца рэгістратуры паліклінікі чарга. Я – васямнаццатая. Стаю, чакаю. Праз 20 хвілін рэгістратару называю мэту свайго візіту ў паліклініку. На жаль, нумара амбулаторнай карты не памятаю. Давялося шукаць у журнале. Пасля медсястра па той бок акенца накіроўвае ў 112 кабінет. Карту на рукі не дала, нічога больш не сказала. Зноў займаю чаргу. Каб трапіць на прыём, прыйшлося прастаяць недзе з гадзіну. За гэты час 5 чалавек зайшлі ў кабінет без чаргі. Напэўна, на тое былі падставы. Медсястра на лісточку напісала, на прыём да якіх урачоў неабходна зайсці, якія аналізы здаць. Вяртаюся да акенца рэгістратуры, зноў займаю чаргу. Высветлілася, што талонаў да патрэбных мне ўрачоў на сёння ўжо няма…
Факт каменціруе Ірына Урублеўская, загадчыца паліклінікі райбальніцы.
— Ваша знаёмая нас­таўніца магла б зра­біць інакш, — кажа Ірына Тадэвушаўна. — Педа­гагічныя работнікі перад пачаткам навучальнага года абавязаны прайсці медагляд. Многія робяць гэта чамусьці пасля 20 жніўня. Таму ў паліклініцы і ўтвара­юцца чэргі. Якое выйсце з такой сітуа­цыі?Па-першае, медагляд можна прайсці і раней. Па-другое, не трэба забываць, што папярэдне на прыём да ўрача можна запісацца за 10 дзён. Тым больш, што на гэта даецца 35% талонаў.Запіс можна зрабіць і па тэлефоне, пры гэтым трэба назваць сваё імя і прозвішча, дату і да якога спецыяліста хочаце трапіць. Многа пацыентаў у нас бывае чамусьці ў панядзелак і пятніцу. Хоць медкамісію можна прайсці на працягу ўсяго працоўнага тыдня. Прыём ўрачы ў асноўным вядуць з 8.00 да 18.00, а да 20.00 – педыятры, хірургі і тэрапеўты. Акрамя таго, у першай палове дня ў паліклініцы праводзіцца сумешчаны прыём (адны і тыя ж спецыялісты вядуць прыём адначасова ў розных кабінетах). На сённяшні дзень у нас вакантныя пасады ўрачоў тэрапеўта, анколага, рэнтгенолага і ўрача ультрагукавой дыягностыкі. Сярэднім медыцынскім персаналам паліклініка ўкамплектавана амаль поўнасцю.
А яшчэ неабходна памятаць і тое, што за адзін дзень медагляд прайсці складана. Прычына: чалавек дапускаецца да працы, робіцца адпаведнае заключэнне і выдаецца даведка толькі пасля таго, як вядомы вынікі аналізаў.
— Ірына Тадэвушаўна, а чарга ля рэгістратуры ў паліклініцы – гэта з’ява часовая?
— Чэргі, як правіла, бываюць у гадзіну-пік, прыблізна з 8.00 да 9.00. Рэгістратура ж працуе з 7.30 да 20.00. Гэта неабходна ўлічваць і правільна планаваць свой час. Акрамя таго, каб хутчэй знайсці патрэбную карту пацыента, трэба ведаць яе нумар. На жаль, многія з тых, хто звяртаецца ў рэгістратуру, нумар амбулаторнай карты не памятаюць. Такая акалічнасць замаруджвае працэс абслугоўвання. Удакладніць нумар сваёй амбулаторнай карты можна таксама загадзя па тэлефоне. У гадзіну-пік пацыентаў у рэгістратуры абслугоўвае 2 чалавекі.
— Чаму ў паліклініцы не выдаюць на рукі амбулаторную карту?
— Кожны пацыент мае права ў даступнай форме атрымаць інфармацыю пра стан свайго здароўя. Яна змяшчаецца ў амбулаторнай карце. Медыцынская карта не з’яўляецца сакрэтным дакументам, а свое­асаблівым дзённікам урача, які пішацца не для пацыента. Амбулаторныя карты з’яўляюцца ўласнасцю райбальніцы, формай статыстычнай справаздачнасці, якая запаўняецца перш за ўсё ўрачамі з ужываннем спецыяльных тэрмінаў, абазначэнняў, скарачэнняў… Медыцынская амбулаторная карта павінна захоўвацца ў рэгістратуры паліклінікі. Пацыенту ж дастаткова ведаць толькі тую інфармацыю, якую ўрач паведамляе яму ў вуснай форме. Пры гэтым ніхто не забараняе задаваць на прыёме пытанні, калі нешта незразумела. Карту на рукі можна атрымаць, але толькі з дазволу галоўнага ўрача і толькі асабіста таму чалавеку, чыё імя і прозвішча ўказана на карце. У адпаведнасці з артыкулам 46 Закона Рэспублікі Беларусь ад 18 чэрвеня 1993 г. «Аб ахове здароўя» і Пастановай Міністэрства аховы здароўя РБ № 92 ад 2007/10/12 г. пры звароце пацыента ў арганізацыю аховы здароўя з патрабаваннем выдаць яму інфармацыю аб стане здароўя, уклю­чаючы звесткі аб выніках абследавання, наяўнасці захворвання, яго дыягназе, метадах лячэння, магчымых варыянтах медыцынскага ўмяшання, іх наступствах і выніках праведзенага лячэння на рукі пацыенту выдаюцца 2 дакументы: выпіска з медыцынскай дакументацыі і медыцынская даведка аб стане здароўя.
Згодна з законам, мы абавязаны прытрымлі­вацца нормаў і патраба­ванняў, што прад’яўля­юцца да парадку работы з дакументамі па іх апрацоўцы, руху і захаванню. Амбулаторныя карты маюць вызначаныя тэрміны захоўвання і на рукі пацыентам не выдаюцца. Бываюць выпадкі, калі пацыенты губляюць або псуюць свае медыцынскія карты, а віну за гэта ўскладваюць на медработнікаў. Аднак страта амбулаторнай карты ў нашай мед­установе — з’ява вельмі рэдкая.
У адпаведнасці з артыкулам 25 Закона РБ «Аб нацыянальным архіўным фондзе і архівах у Рэспубліцы Беларусь» арганізацыя аховы здароўя абавязана выконваць пэўныя нормы і патрабаванні, што прад’яўляюцца да парадку работы з дакументамі. У адпавед­насці з Пералікам адміністра­цыйных працэдур, што ажыццяў­ляюцца дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі па заяве грамадзян, Указам Прэзідэнта № 200 выдача інфармацыі з медыцынскай дакументацыі з’яўляецца адмініст­рацыйнай працэдурай і прадастаўляецца райбальніцай у выгля­дзе выпіскі.
Пры жаданні пацыент можа азнаёміцца са сваёй амбулаторнай картай або гісторыяй хваробы ў прысутнасці медыцынскіх работні­каў. Пры накіраванні пацыентаў у абласныя і рэспубліканскія ўстановы аховы зда­роўя ім на рукі разам з накіраваннем выдаецца выпiска з медыцынскай карты, а не яна сама.
І яшчэ. Калі пацыент хоча мець на руках дадзеныя лабараторных даследаванняў (аналізу крыві, мачы, біяхімічнага аналізу крыві і інш), інстру­ментальных метадаў даследавання (ФГДС, ЭКГ, УГД, і інш), яму будуць выдадзены копіі заключэнняў.
Р.S. На гадзінніку — 9.15. Ля акенца рэгіст­ратуры ўсяго адзін чалавек. З Ірынай Тадэву­шаўнай мы таксама прайшліся і па астатніх паверхах паліклінікі. Ля кабінетаў сядзела па 2-3 чалавекі, якія чакалі часу прыёму, што пазначаны на талоне.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Ірына Урублеўская, загадчыца паліклінікі.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 29.08.2012 г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!