Сямейны ланцужок

Як з фундамента пачынаецца будаўніцтва дома, так з асновы — бацькоўскай сям’і — бярэ свой пачатак жыццё кожнага з нас. Менавіта тут мы вучымся жыць, праз пэўную прызму поглядаў глядзець на навакольны свет, ды і далейшы свой шлях выбіраем, нярэдка, аглядваючыся на бацькоў, на сямейныя традыцыі. Кожнае новае пакаленне складае сваё маленькае звяно ў ланцужку сямейнай дынастыі…

Па знаёмай сцежцы — на ферму
…Маленькая Надзея з задавальненнем бегла з матуляй на ферму. Спачатку, каб пазабаўляцца, паназіраць, як тая працуе, як льецца белай ракою з вядра ў бідон малако. Потым, калі пад­расла, каб дапамагчы маці хутчэй справіцца з работай. Калі пасля школы трэба было выбіраць свой далейшы шлях, доўга не думала, а па прыкладу маці пайшла на ферму, тым больш, што і работу ўсю тут ужо добра ведала, ды і дарадчык побач надзейны быў, не даводзілася баяцца, што нешта не атрымаецца. Так з 17 гадоў і звязала Надзея Міронаўна Аўдзіюк сваё жыццё з калгасам “Запаветы Леніна”. Адразу далі дзяўчыне групу кароў, кожную з 25 сваіх “падапечных” трэба было дагледзець, падаіць. Надзея, якая з дзяцінства бачыла, як маці адказна адносіцца да работы, з юнацкім энтузіязмам узялася за справу. І даіла не горш за вопытных даярак, бо не цуралася цяжкай работы, разумела, што, калі вырашыла застацца ў гаспадарцы, не павінна падводзіць у першую чаргу свайго галоўнага настаўніка — матулю.
Ішлі гады. Надзея выйшла замуж. Адзін за адным у яе нарадзіліся дачка і двое сыноў. Хто мог падумаць, што на яе лёс выпадзе цяжкі крыж — застацца ўдавой з трыма дзецьмі на руках. Але трэба было жыць далей. А каб жыць, нельга было не працаваць. Надзея Міронаўна ўладкавалася на цялятнік. Тут і даглядала малых цялят да самай пенсіі.
— Я цялятак заўжды вельмі шкадавала. Яны ж, як безабаронныя маленькія дзеткі: і ласку любяць, і клапатлівыя рукі. Пашкадуеш, накорміш, калі трэба – палечыш, і душа радуецца, — успамінае былая цялятніца. І пры гэтых словах у вачах Надзеі Міронаўны нібы запальваецца агеньчык. Той, які гарэў заўжды ў гады яе працоўнай маладосці, які дапамагаў, падняўшыся ранкам, управіцца па гаспадарцы, паклапаціцца пра дзетак, зрабіць усе хатнія справы і хутчэй бегчы да сваіх цялят-немаўлят.
Калі малодшаму сыну Рому было тры гады, На­дзея Міронаўна сустрэла чалавека, які не пабаяўся стаць для яе дзяцей другім бацькам. Больш таго, у Надзеі Міронаўны і Карнілы Іванавіча, які пераехаў у Хаціслаў з Украіны і ўладкаваўся працаваць у мясцовую гаспадарку трактарыстам, нарадзілася яшчэ трое сумесных дзяцей. Цяпер усе яны ўжо дарослыя. Ды і Надзея Міронаўна даўно пенсіянерка, у якой ужо 14 ўнукаў. Праўда, “пенсія” для працавітай жанчыны — паняцце ўмоўнае. Калі споўнілася ёй 50 гадоў, праводзілі На­дзею Міронаўну на заслужаны адпачынак. Але “адпачываць” яна не пажадала ні дня і адразу папрасіла даць ёй магчымасць працаваць у гаспадарцы далей. І вось ужо трынаццаць гадоў жанчына — палявод. Летам, у гарачы час жніва, разам з іншымі яна працуе на зернетаку, восенню, калі пачынаецца “бульбяны” сезон, сартуе бульбу. Работы для працавітых рук хапае круглы год. А заробак – добрая падмога і дадатак да пенсіі.

Лёс прывёў у Хаціслаў
Карнілу Іванавіча Майсейчука, украінскага хлопца, з дзяцінства магнітам прыцягвала да сябе тэхніка. А таму пасля школы ён адразу паехаў на курсы трактарыстаў у горад Коўка Ковельскага раёна. Адвучыўся. Але, каб атрымаць правы, давялося цэлы год працаваць доярам на ферме. Такімі былі ўмовы навучання. Нічога не заставалася, давялося авалодаць яшчэ і прафесіяй жывёлавода. Праўда, калі надышоў час, і правы трактарыста былі на руках, Карніла Іванавіч паспяшаўся заняцца той справай, якая была даспадобы.
Лёс чалавека мае свае таямніцы, разгадаць якія нікому не падуладна. Жыццёвыя перыпетыі закінулі Карнілу Іванавіча ў Латвію. Там жыў і працаваў ён 13 гадоў. Потым зноў вярнуўся на Украіну. Між іншым, у той час існавала адна дзяржава – Савецкі Саюз, і межы паміж рэспублікамі былі ўмоўныя. Таму, пачуўшы па радыё выступленне старшыні калгаса “Запаветы Леніна” Леаніда Ляонава, які запрашаў на работу ў хаціслаўскія мясціны трактарыстаў, Карніла Іванавіч, доўга не думаючы, адправіўся ў суседнюю Беларусь. Праўда, тады яшчэ не ведаў, што, каб уладкавацца працаваць, яму давядзецца прайсці своеасаблівы экзамен – са старых запчастак сабраць сваімі рукамі трактар. На ўсю работу хапіла Карнілу Майсейчуку тыдня. І вось ён ужо ехаў на сваім жалезным кані па хаціслаўскіх прасторах. Работы ў трактарыста заўжды хапала, тым больш, што гаспадарка “Запаветы Леніна” была перадавой. Але тая праца, што даспадобы, ніколі не бывае ў цяжар. Міналі гады, удасканальвалася тэхніка. За час працы ў гаспадарцы Карнілу Іванавічу давялося памяняць чатыры трактары, кожны новы быў больш удасканалены і здаваўся сучасным і амаль што ідэальным.
— Ці ж параўнаеш той трактар з сённяшнім, — заўважае, уздыхнуўшы, былы трактарыст. – Цяпер ужо амаль што вучоным трэба быць, каб ім кіраваць.
— Але ж калі не любіць тэхніку, ніякая навука не дапаможа добра на ёй працаваць, — не стрымаўшыся, дапаўняю свайго субяседніка.
Карніла Іванавіч гэта не аспрэчвае. Прызнаецца, што, калі пасля 15 гадоў працы ў гаспадарцы надышоў час ісці на заслужаны адпачынак, не хацелася развітвацца з трактарам. Але здароўе падводзіла, таму больш і не працаваў. Затое сваю любоў да тэхнікі змог перадаць сынам.

Працяг — у дзецях і ўнуках
Трое з шасцярых дзяцей Надзеі Міронаўны і Карнілы Іванавіча абралі прафесіі, звязаныя з працай на зямлі. І хоць не ўсе пакуль працуюць у той гаспадарцы, дзе ўсё жыццё рабілі іх бацькі (дачка Ала закончыла каледж і па накіраванні адправілася ў адно з сельгаспрадпрыемстваў Брэсцкай вобласці, а малодшы сын Юрый яшчэ толькі набывае спецыяльнасць трактарыста ў пра­фесійным ліцэі), але ў СВК “Хаціслаўскі” з сыноў, зяцёў і нявестак і без таго ўжо склалася сямейная дынастыя. Адслужыўшы армію і папрацаваўшы спачатку на розных будоўлях, у родную вёску вярнуўся сын Раман. Ажаніўся і ўладкаваўся працаваць у СВК. Спачатку быў токарам, потым сеў за руль трактара. Пайшла працаваць поварам у сталовую гаспадаркі і Юлія, жонка Рамана. Спачатку яны жылі ў інтэрнаце, а калі Раман і Юлія “запланавалі” чацвёртае дзіця, маладая сям’я атрымала ад гаспадаркі дом. Трое ўнукаў падарыла сваім бацькам і дачка Таццяна. Вучылася яна ў Кобрыне, там пазнаёмілася з будучым мужам, Мікалаем, і “пераманіла” яго на сваю радзіму. Ён пяты год ужо працуе ў СВК “Хаціслаўскі” будаўніком.
Працоўную дынастыю Аўдзіюкоў-Майсейчукоў прадоўжыць, спадзяюцца бацькі, і іх сын Юрый. Праз год ён атрымае правы трактарыста і збіраецца вярнуцца ў родную вёску.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: працоўная дынастыя разам.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 29.08.2012 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


купить термос

Buy Primobolan online in USA

читать далее www.nl.ua