Аксаніна мара

Аксана Абрамчук вучылася ў пятым класе, калі ёй, дзяўчынцы з ідэальным слыхам, прапанавалі наведваць заняткі ў Олтушскім філіяле школы мастацтваў. Яна ахвотна згадзілася, тым больш, што яе бацькі, якія заўважылі ў дачкі з самага маленства музыкальны талент, падтры­малі яе. Першыя два гады Аксана адносілася да ўрокаў ігры на баяне, як да захаплення. Ёй падабалася развучваць новыя п’есы, падбіраць музыку, іграць для душы. Але як і кожнаму дзіцяці, дзяўчынцы хацелася часцей сустракацца з сябрамі. Ды часу на адпачынак зусім не заставалася (з ранку Аксана, якая жыве ў вёсцы Дворышча, адпраўлялася ў школу ў Олтуш, пасля заняткаў заставалася на ўрокі ў музычнай школе і вярталася дамоў толькі вечарам). Таму ўсё часцей ёй хацелася пакінуць музычную школу.
— Напэўна, я і пакінула б яе, калі б не мая настаўніца Валянціна Раманаўна Калоша. Яна сур’ёзна, як з дарослай, паразмаўляла са мной, пераканала, што ў мяне ёсць нядрэнныя перспектывы, — дзялілася Аксана.
Настаўніца проста параіла Аксане задумацца пра тое, якую прафесію яна думае выбраць. Калі гэтая прафесія звязана з музыкай, дык трэба набрацца цярплівасці, сіл і настойліва ісці да сваёй мэты, а калі не — дык і не губляць час. Дзяўчынку такое права выбару ўразіла і зацікавіла. І яна вырашыла – буду музыкантам. Пяць гадоў наведвала Аксана заняткі ў школе мастацтваў, іграла ў аркестры, настойліва вывучала тэорыю музыкі, ахвотна выступала з баянам на сцэне. А сёлета, закончыўшы базавую школу, паступіла ў музычны каледж.
— Аксана вельмі таленавітая дзяўчына, проста музычная зорачка – старанная, здольная і працавітая, — характарызуе адну са сваіх лепшых вучаніц настаўніца Валянціна Калоша.
Валянціна Раманаўна ўпэўнена, што ў Аксаны, якая ўпарта ішла да дасягнення сваёй мэты, атрымалася, можна сказаць, немагчымае. За пяць гадоў, без папярэдняй падрыхтоўкі, вясковая дзяўчынка змагла падрыхтавацца да паступлення і здаць экзамены значна лепш за тых, хто вучыўся ў музычнай школе па 7-8 гадоў. Прычым, па колькасці балаў, набраных на ўступных экзаменах у каледж, яе вынік быў самым лепшым, бо віртуозная баяністка змагла пакарыць усіх.
Як прызнаецца Аксана, больш за ўсё ёй падабаецца мілагучная музыка. І калі ў дзяўчыны дрэнны настрой, яна бярэ ў рукі баян, прабягае па клавішах, услухоўваецца ў гукі, іграе нешта любімае, і ўсе нягоды забываюцца. Аксана заўжды любіла імправізаваць. Калі ў нейкай п’есе ёй нешта не падабалася, яна складала сваю музыку. Цяпер, лічыць Аксана, у яе будзе яшчэ больш магчымасцей для творчасці.
Кожны настаўнік музыкі скажа: калі бацькі падтрым­ліваюць музыкальныя схільнасці свайго дзіцяці і не раўнадушныя да яго поспехаў, абавязкова будзе вынік. Аксане ў гэ­тым пашанцавала. Сям’я заўжды падтрымлівала яе. Калі дзяўчынка вырашыла сур’ёзна займацца музыкай, бацькі, сабраўшы грошы, купілі ёй баян. Ды і на канцэртах заўжды “хварэлі” за сваю юную баяністку. Цяпер яны вельмі рады за дачку, мара якой здзейснілася. А сама Аксана ўжо рыхтуецца да заняткаў у каледжы. Што чакае яе наперадзе, пакуль не ведае. Але ўпэўнена: у сваім выбары, які зрабіла яшчэ тры гады назад, не расчаруецца, бо шчыра любіць музыку.
НА ЗДЫМКУ: Аксана АБРАМЧУК.

Опубликовано в «ГЧ» 29.08.2012 г.

Добавить комментарий


xn--80adrlof.net

автополив киев
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!