Салодкая фантазія

Таццяна Алесік у школьныя гады была не з тых дзяўчынак, каму падабалася праводзіць час на кухні, выпякаць нешта смачненькае. Ды і пра прафесію кандытара яна не марыла. У планах было паступленне ў ВНУ на фізіка-матэматычны факультэт. Але ў апошні момант дзяўчына змяніла сваё рашэнне і падала дакументы ў Баранавіцкі тэхналагічны каледж. Пасля вучобы прыйшла працаваць у кандытарскі цэх райспажыўтаварыства. Работа з цестам дзяўчыне падабалася. Але тады яна яшчэ і падумаць не магла, якой творчай можа быць кандытарская справа. Усё пачалося з урокаў вопытнага кандытара Галіны Кісель, якая навучыла Таццяну па-мастацку ўпрыгожваць торты. Паступова звычайная штодзённая справа стала для яе захапленнем, а кожны новы кандытарскі выраб – аўтарскім салодкім шэдэўрам.
— Крэмам, як і фарбамі, можна “намаляваць” любы малюнак. Мне вельмі падабаецца рабіць торты для дзяцей, — расказвае, дэманструючы фотаздымкі, на якіх адлюстраваны чароўныя кандытарскія шэдэўры, Таццяна. Яе “творы” з крэму, прызначаныя не толькі для таго, каб парадаваць вока, але яшчэ і паласавацца, застаюцца на памяць у фатаграфіях. Для старонняга чалавека яны – адлюстраванне таленту кандытара, а для самой Таццяны – напамін пра эмоцыі, звязаныя з тым ці іншым святам, пра радасць у вачах пяцігадовага сына Пашы і чатырохгадовай дачкі Соф’і. Ды і як могуць не парадаваць іх прыгожыя і смачныя ласункі — шакаладны Чабурашка ці пяшчотны ружовы зайчык альбо лялька ў крэмавай сукенцы!
— Каб усё гэта намаляваць крэмам, трэба быць сапраўдным мастаком. Такі талент праяўляўся ў дзяцінстве? – цікаўлюся ў Таццяны.
Яна, усміхаючыся,сціпла заўважае:
— Які там талент. Некалі любіла маляваць, у мяне гэта атрымлівалася. Калі пачала рабіць торты і ўпрыгожваць іх, мастацкія здольнасці спатрэбіліся.
Кожны выраб Таццяны Алесік – непаўторны і прыгожы. Які б па форме торт ні рабіла яна – машынку, кошычак з кветкамі, кнігу альбо каравай, усе яны атрымліваюцца па-свойму арыгінальнымі. Праўда, рабіць нешта новае, падбіраючы колеры, для кандытара, як прызнаецца Таццяна, больш цікава, чым паўтараць тое, што ўжо некалі было зроблена. Але нават адну і тую ж фігурку, выразаную з бісквіта, творчая жанчына ўмее ўпрыгожыць па-новаму, змяніць колеры, дабавіць нешта своеасаблівае.
Як і любая творчая справа, кандытарскае майстэрства не абыходзіцца без “пакут” творчасці. Бывае, патраціўшы на ўпрыгожванне торта нямала часу і крэму, Таццяне даводзіцца “перакрэсліваць” свой няўдалы малюнак і зноў брацца за падбор фарбаў і кандытарскі мяшок, каб па-новаму ствараць салодкі шэдэўр. А калі ўсё ладзіцца, для таго, каб увасобіць у кандытарскі выраб сваю фантазію, майстру з 10-гадовым стажам хапае гадзіны. Вось такі ён – кандытарскі талент, які выбірае людзей творчых, акуратных, цярплівых і, што не менш важна, здольных заўважаць прыгожае.
НА ЗДЫМКУ: Таццяна АЛЕСІК; салодкія шэдэўры кандытара.

Опубликовано в «ГЧ» 29.08.2012 г. 

Добавить комментарий


www.artma.net.ua

220km.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!