СТВАРАЦЬ БУДУЧЫНЮ

Напярэдадні новага навучальнага года ў ГДК прайшла традыцыйная жнівеньская нарада настаўнікаў. На вялікі педагагічны савет сабраліся не толькі тыя, хто выхоўвае і вучыць дзяцей, але і прадстаўнікі органаў улады рознага ўзроўню, кіраўнікі прадпрыемстваў, устаноў. На канферэнцыі падводзіліся вынікі работы сістэмы адукацыі Маларытчыны за мінулы год, вызначаліся асноўныя вектары, перспектывы і стратэгія развіцця на 2012-2013 навучальны год. З дакладам выступіла Таццяна Лаўрэенка, начальнік аддзела адукацыі. У сваім дакладзе Таццяна Міхайлаўна падрабязна і грунтоўна спынілася на тым, што ўжо зроблена і дасягнута і над вырашэннем якіх актуальных пытанняў будуць працаваць усе педагагічныя калектывы ўстаноў адукацыі рэгіёна.
З чаго складаецца поспех? Ад чаго ў канчатковым выніку залежыць якасць ведаў? Таццяна Міхайлаўна гэта бачыць у наступным. Па-першае, педагагічны прафесіяналізм і майстэрства тых, хто сее разумнае, добрае, вечнае.Адукацыйны працэс ва ўстановах адукацыі раёна забяспечваюць 844 педагогі, з іх 81,6% — з вышэйшай адукацыяй. У гэтым годзе педагагічны калектыў раёна папоўніўся 15 маладымі спецыялістамі. Па-другое, у паляпшэнні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі. У гэтым накірунку зроблена ўжо, сапраўды, многа. Па-трэцяе, веды і вопыт тых, хто “вырашае ўсё на месцах”, з’яўляюцца стратэгічным і, можна сказаць, невычэрпным рэсурсам у кіраўніцтве. Кіраўнікамі-асамі па праву можна назваць Любоў Васільеўну Куц, Наталлю Пятроўну Зезюкову, Юлію Іванаўну Крэнь, Ганну Максімаўну Шпетную, Тамару Мікалаеўну Сцепанюк, Святлану Мікалаеўну Дзем’янюк, Таццяну Іванаўну Крэнь, Галіну Якаўлеўну Барычэўскую, Галіну Фёдараўну Старожык, Марыну Пятроўну Нікіфараву, Любоў Навумаўну Саўчук. Па-чацвёртае,пераход ад ідэі “навучанне на ўсё жыццё” да ідэі “навучанне на працягу ўсяго жыцця”. Прапаноўваць сітуацыю і яе рашэнне, ствараць умовы для свабоды выбару, праяўлення ў вучняў нестандартнага мыслення, прыняцця самастойных рашэнняў — гэта галоўныя рэсурсы, якія змогуць змяніць якасць працы педагога. Па-пятае, у педагогаў сёння ёсць неабходнасць і магчымасць выходзіць за рамкі сваёй установы адукацыі, як мага часцей мець стасункі паміж сабой, дзяліцца напрацоўкамі і ідэямі.
Актыўную работу ў гэтым накірунку вядуць педагогі Іван Рыгоравіч Кульбеда (Ляхавецкая СШ-д/с), Генадзь Мікалаевіч Ходар (Пажэжынская СШ), Кацярына Якаўлеўна Алесік (Олтушская СШ). Па-шостае, карпатлівае супрацоўніцтва настаўніка і вучня на аснове ўзаемнай высокай матывацыі. Гэта стала асновай паспяховасці выпускнікоў на цэнтралізаваным тэсціраванні. Высокую якасць ведаў пацвердзілі навучэнцы раённай гімназіі Марыя Карабейка, Марына Качанка (па хіміі і біялогіі, настаўнікі Раіса Сцяпанаўна Клачкоўская, Ала Сяргееўна Чуль), Аляксандр Нікіцюк (па грамадазнаўстве, настаўнік Ірына Іванаўна Сацюк), Алена Капанька (па геаграфіі). Яны атрымалі на тэсціраванні ад 91 да 93 балаў. Па-сёмае, выхаванне ў вучняў жадання атрымліваць прафесійныя веды, якія яны змогуць накіроўваць на рэалізацыю свайго патэнцыялу. Па выніках уступнай кампаніі 135 (48,2%) выпускнікоў залічаны ў ВНУ Рэспублікі Беларусь (2011 год — 51,8%), у ССНУ паступілі 22,9% выпускнікоў, у прафесійна-тэхнічныя ўстановы — 26%. Але ў канчатковым выніку не працэнты важныя. Галоўнае — сацыялізацыя моладзі ў дарослым жыцці…
Затым адбылося абмеркаванне даклада. Падвёў вынікі работы Казімір Лапіч, старшыня райвыканкама. Ва ўрачыстай абстаноўцы ўдзельнікі нарады віталі маладых спецыялістаў, што ўжо ўліліся ў рады настаўніцтва Маларытчыны. Традыцыйна лепшыя педагогі раёна атрымалі граматы Міністэрства адукацыі, упраўлення, райвыканкама, аддзела адукацыі, пісьмы падзякі райсавета дэпутатаў.
Завяршылася штогадовая сустрэча педагогаў творчай справа­здачай Чарнянскай СШ “І вось той дом, у якім мы жывём”.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымках: кветкі — маладому спецыялісту; настаўнікі сабраліся на вялікі педсавет.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 1.09.2012 г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!