“Я — гэта ён, ён — гэта я…”

— Ой, ды навошта пра нас пісаць? Мы ж звычайныя людзі, – з усмешкай гаварыла баба Сцепаніда, сустракаючы нас на парозе сваёй хаты. Так, на першы погляд, і сапраўды гэта самая звычайная сям’я, але ўсё ж ёсць у іх нешта адметнае, што і прывяло нас прыгожым днём у вёску Багуслаўка.
Баба Сцепаніда і дзед Ваня, як іх называюць усе знаёмыя, — сямейная пара з вялікім стажам. Сёлета яны адсвяткавалі 60 гадоў сумеснага жыцця!

Маладосць і каханне заўсёды разам.
У 1927 годзе ў сям’і Кавальчукоў у вёсцы Багуслаўка нарадзіўся хлопчык, якога назвалі Іванам, а праз год у іх суседзяў, праз некалькі хат, яшчэ ў адной вясковай сям’і нарадзілася дзяўчынка, якой далі імя – Сцепаніда. Так і раслі Ваня са Сцепанідай па-суседску, гулялі ў гульні, сталелі, пазнавалі жыццё. Ды дзяцінства іх выпала на нялёгкія, страшныя гады.
— Спачатку, памятаю, мы былі пад Польшчай, я нават закончыла 4 класы ў польскай школе, — расказвала Сцепаніда Піліпаўна, — а пасля ў верасні 1939 года Чырвоная Армія вызваліла Заходнюю Беларусь. Мы, малыя, добра на той час нічога не разумелі, ды, напэўна, і бацькі нашы таксама. Ды і ніхто з вясковых людзей у палітыку асабліва не лез, бо іншымі справамі былі занятыя – гаспадаркай, і думалі над тым, як сям’ю пракарміць. Вось так спакойна пажылі два гады, а затым — вайна. Ведаеце, мне і па сённяшні дзень вельмі балюча гэта ўспамінаць. Заўсёды плачу, вось і зараз не магу стрымаць слёз (гаворачы гэта, баба Сцепаніда кончыкам хусцінкі выцірала мокрыя вочы — аўтар.). Мы вельмі баяліся немцаў. Бывала, чуем, што ідуць да нас, дык хаваемся хто куды”.
Калі зайшла размова пра вайну, не змог прамаўчаць і Іван Карпавіч: “Асабіста мне вельмі запомніліся твары немцаў: яны былі напоўнены нянавісцю да нас. А яшчэ страшна было, калі ў нас на вачах раcстралялі пяць сямей з нашай вёскі. Такое не забываецца.”
Перажыўшы вайну, людзям патрэбна было ладзіць жыццё сваё далей, узнімаць гаспадарку, будаваць дамы, ствараць сем’і. Хоць і ведалі Іван са Сцепанідай адзін аднаго з самага дзяцінства, але не адразу зразумелі, што наканаваны лёсам адзін аднаму. Маладая дзяўчына Сцепаніда была вельмі прыгожай, таму кавалераў да яе заляцалася шмат. Але ў душу не западаў ніхто. Калі Ваня прыйшоў з арміі, і яны сустрэліся пасля таго, як не бачыліся некалькі гадоў, у сэрцах абаіх нешта перавярнулася, і маладыя людзі зразумелі: ім не жыць адзін без аднаго. У хуткім часе згулялі вяселле. Так, у лютым 1952 года на свет з’явілася новая маладая сям’я Кавальчукоў.
— Вяселле ў нас было самае сапраўднае, — успамінае Сцепаніда Піліпаўна, — з гармонікам, з песнямі і танцамі, два дні было. У мяне была вельмі прыгожая сукенка, якую я пашыла сама. Толькі была яна зялёнага колеру, таму што белай тканіны не знайшлося.

Разам больш, чым паасобку.
Ажаніўшыся, маладыя першыя два гады жылі з бацькамі Сцепаніды, а пасля, дабудаваўшы сваё жыллё, сталі жыць асобна. Адзін за адным нарадзіліся ў іх пяцёра дзяцей – Люба, Еўдакія, Ніна, Валя і Пеця. Сцепаніда Піліпаўна ўсё сваё жыццё працавала ў мясцовым калгасе паляводам. Што толькі ні рабілі тады паляводы і ўсё ўручную. А дома таксама чакалі вялікая гаспадарка і дзеці. Было такое, што малых дзяцей бралі з сабою на поле, а самых малых пакідалі дома са старэйшымі. Іван Карпавіч спачатку таксама працаваў у калгасе, а затым да пенсіі ў будаўнічай арганізацыі.
На працягу ўсяго жыцця сям’я Кавальчукоў трымала немалую гаспадарку, бо зарплату плацілі невялікую, альбо ўвогуле бывала, што не плацілі. А жыць неяк патрэбна было, дзяцей гадаваць, таму і стараліся працаваць.
“Усё наша жыццё прайшло ў працы, — гаворыць Сцепаніда Піліпаўна, — мы і дзяцей з самага маленькага ўзросту прывучалі да працы і парадку. Я старалася навучыць сваіх дачок і сына таму, што ўмею сама, а самае галоўнае – прыстойна жыць. Не ведаю, атрымалася ў мяне гэта альбо не – хай людзі скажуць”. Сцепаніда Піліпаўна і Іван Карпавіч трымалі гаспадарку доўгі час, карову прадалі толькі тры гады назад, застаўся толькі конь. А ім ужо за 80 гадоў! Пагадзіцеся, трымаць гаспадарку нялёгка, а тым больш у такім паважаным узросце. Ды баба Сцепаніда і дзед Іван не прывыклі сядзець без справы, таму і дагэтуль садзяць агарод, трымаюць каня, хоць сілы, безумоўна, ўжо не тыя. Калі спытала ў Сцепаніды Піліпаўны пра сакрэт доўгага сямейнага жыцця, жанчына з усмешкай адказала: “Ды няма ніякага сакрэту, проста так Бог даў”.
Бог не пашкадаваў для Сцепаніды і Івана Кавальчукоў і такога скарбу, які па праву лічыцца самым дарагім і незаменным: у іх 5 дзяцей, 9 унукаў і 15 праўнукаў.
Анастасія Максімук.
На здымку: Сцепаніда і Іван Каваль­чукі.
Фота Алега Крэмянеўскага.

Добавить комментарий


www.adulttorrent.org/search/CMNM
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!