“Бацьку ведаю толькі па фотакартцы”

Дзямід Арцёмавіч і Еўдакія Іванаўна Ухаль з Замшан шлюб узялі ў 1938 годзе. Некалькі гадоў маладыя пражылі шчасліва, а пасля пачалася Вялікая Айчынная вайна. Яна і парушыла ўсе мары, спадзяванні і планы на будучае. У 1944 г. Дзямід Ухаль быў прызваны ў Чырвоную Армію на фронт ваяваць з ненавісным ворагам. Ён стаў тэлефаністам. Знаходзячы вольныя хвіліны, пісаў дадому пісьмы. Кароценькія, але часта.
-Доўгі час мама захоўвала іх, — успамінае Ганна Дзямідаўна, дачка. – Частку пісьмаў яшчэ зберагаю я. Гэта — памяць пра бацьку. Яго жывым ніколі так і не пабачыла. Ведаю яго толькі па фотаздымку, дзе ён разам з маці. Мама часта расказвала пра бацьку, прыгадвала, што ён быў добрым сем’янінам.
Знаходзячыся на фронце, Дзямід Арцёмавіч пастаянна пісаў лісты родным у Замшаны. Клапаціўся пра іх, даваў парады. Хоць і быў за сотні кіламетраў ад Маларытчыны, але ў думках заўсёды знаходзіўся побач з жонкай і маленькай дочачкай Гануляй.
8.03.1945 г.
“Прывітанне з фронту! Добры дзень, дарагія бацькі, жонка, дачка Ганна! Дасылаю вам сваё баявое прывітанне і пацалунак. Я пакуль знаходжуся на ранейшым месцы. Акрамя таго паведамляю, што табе, жонка, выслаў пасылку…
…На гэтым заканчваю пісаць. Да пабачэння! Заставайцеся жывымі і здаровымі!»
Захоўвае Ганна Дзямідаўна і апошняе пісьмо, напісанае бацькам. Яно датавана 4 мая 1945 г. У ім Дзямід Арцёмавіч паведамляе, што ён і яго баявыя сябры кожны дзень набліжаюць перамогу над ворагам. “Думаю, што хутка знішчым гітлераўцаў і ў родны край вернемся з высока ўзнятай галавой. На сваёй зямлі гаспадарамі бу­дзем толькі мы”.
На жаль, хутка жонка Еўдакія Іванаўна атрымала паведамленне № 424 наступнага зместу: “Ваш муж Ухаль Дзямід Арцёмавіч у баях за сацыялістычную Радзіму, адданы воінскай прысязе, праявіў геройства і мужнасць, быў забіты 5 мая 1945г. Пахаваны з адданнем ушанавання на паўднёвым ускрайку вёскі Пустэлаў (Чэхаславакія). Капітан Смірноў”.
-Пра падрабязнасці смерці бацькі расказаў яго сябар Мікалай Тарасюк, — кажа Ганна Дзямідаўна. – З яго слоў мы даведаліся, што бацька, яго сябар і лейтэнант сядзелі ў акопе. Рускіх заўважылі немцы. Яны сталі страляць па акопе. Лейтэнант загадаў пакідаць укрыццё па аднаму. Лейтэнант і Тарасюк паспелі з яго выбрацца. А бацька – не. У акоп трапіў снарад.
Мае бацькі разам пражылі ўсяго толькі 5 гадоў. Маці, аўдавеўшы, так больш замуж і не выйшла. Яна да канца сваіх дзён зберагала светлую памяць пра свайго мужа, хоць пасля вайны жылося цяжка.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымках: Ганна Дзямідаўна Ухаль з в.Замшаны: “Свайго бацьку я ведаю толькі такім, як на гэтай фотакартачцы, дзе ён ра­зам з маёй мамай”.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 12.09.2012 г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!