УСЕ 100% АЗІМЫХ

у СВК «Дарапеевічы» давядзецца «лячыць»

Хлеб ніколі не даваўся лёгка. І нават цяпер, калі ўсе працэсы па яго вырошчванні, можна сказаць, механізаваны, калі на палях з’явілася магутная тэхніка, якая здольна выконваць адразу некалькі аперацый, хлебаробу іншы раз трэба ўступаць у бітву з прыродай, каб адваяваць святую святых. Бо ў апошні час матухна-прырода толькі і ведае, што падносіць свае сюрпрызы. Не без іх аказалася і сёлетняя хлебаробская вясна. Уклаўшы сродкі,  старанні ў сяўбу азімых,  некаторым гаспадаркам давядзецца праводзіць не адну,  а паўтары пасяўныя, бо ў многіх месцах пасевы загінулі ці пашкоджаны.
У СВК “Дарапеевічы”, як адзначыў кіраўнік гаспадаркі Васіль Фядосавіч Юхімук, давядзецца перасяваць азімыя на плошчы 30%.
— Загінулі і рапс, і жыта, і пшаніца, хаця ў нас яе і ня­многа было пасеяна, — гаварыў Васіль Фядосавіч, — і трыцікале. А ў цэлым усе 100% азімых пашкоджаны.
Таму, зразумела, што хлебаробам названай гаспадаркі давядзецца старацца не толькі на сяўбе яравых, але і цалкам “лячыць” усе азімыя.
…Віктар Рабчынскі, адзін з перадавых і вопытных механізатараў, у гэтыя дні заканчвае наладку сеялак. У гаспадарцы, улічваючы, што нагрузка будзе большай, рыхтуюць да работы 4 сеялкі.
Дарэчы, у СВК будуць заключаць дагаворы з механізатарамі, дзе прадугледжаны абавязкі двух бакоў: кіраўніцтва гаспадаркі і занятых на сяўбе. Каб апошняя прайшла ў аптымальныя тэрміны і была якаснай, у СВК падумалі аб матэрыяльных стымулах. Па-першае, згодна з дагаворам прадугледжана даплата ў памеры 80% за правядзенне сяўбы ў аптымальныя тэрміны (з 1 красавіка па 1 мая), 120% надбаўкі атрымае той механізатар, які якасна будзе выконваць работы, 100% — за выкананне дзённага задання.
Пэўныя надбаўкі прадугледжаны для сеяльшчыкаў і вадзіцеляў. І так званыя “адбаўкі” за невыкананне ўмоў дагавору.
Вынікі спаборніцтва на сяўбе, умовы якога таксама распрацаваны, будуць падводзіць штодзённа, а пераможцаў яго вызначаць адразу пасля з’яўлення ўсходаў.
У гаспадарцы на перыяд пасяўной будзе працаваць комплексны механізаваны атрад, касцяк якога складуць усё тыя ж добра вядомыя вопытныя механізатары: Сяргей Бойка, Віктар Рабчынскі, Анатоль Машлякевіч і іншыя.
Па словах загадчыка майстэрань Віктара Сахарчука, механізатарскімі кадрамі ўсе трактары будуць укамплектаваны,  бо толькі за месяц атрад механізатараў СВК папоўнілі 3 чалавекі. Вучыцца ім ёсць у каго, таму ў гаспадарцы спадзяюцца,  што новыя механізатары не акажуцца выпадковымі людзьмі ў хлебаробскай справе.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: не радавы механізатар Віктар РАБЧЫН­СКІ разам з загадчыкам майстэрань Віктарам САХАРЧУКОМ і інжынерам-тэхнолагам Вадзімам ДЫЦЭВІЧАМ.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


www.np.com.ua/elektromehanicheskoe-oborudovanie/mjasorubki.html

www.www.xn----7sbajornvhu8c.com.ua

http://avrora-trans.com/