Роднасць ва ўсім

Амаль палова дванаццатай дня. Яшчэ здалёк заўважыў, што два статныя юнакі аднолькавага росту хутка ідуць па тратуары ў мой бок, нешта расказваючы і ўсміхаючыся адзін аднаму. Прыкмеціў: сустрэчныя людзі спыняюцца і глядзяць ім услед. Пятра і Паўла Назарукоў, двайнят, я і чакаў.
Юнакоў бачыў разам першы раз. Яны падаліся мне вельмі ж падобнымі адзін да аднаго. Ледзь улоўныя адрозненні ў голасе, міміцы і жэстах, а вось прычоскі аднолькавыя. Хто Пятро, а хто Павел – сказаць з першага погляду цяжкавата. Адзіная падказка – апрануты па-рознаму.
— Мы да 11 класа імкнуліся, каб адзен­не і абу­так былі адноль­кавымі, — кажа Пятро. – А зараз – ужо не заўсёды набываем аднолькавыя рэчы. На­пэўна, выраслі (усміхаецца) ды і погляды на жыццё змяніліся.
— Добра быць аднолькавымі?
— А мы зусім розныя,- пераконвае Павел. – Падобныя мы не­дзе на працэнтаў 50. Я, напрыклад, захапляюся матацыкламі, а Пятро – футболам. Я аддаю перавагу творчасці Віктара Цоя, а брат – замежным выканаўцам…
— І нічога няма агульнага ў вас?
— Напэўна, усё ж такі ёсць, — зга­джаецца Пятро. – Любім аднолькавыя стравы, ходзім разам парыбачыць, разам адпачываем, выбралі адну і тую ж прафесію…
Пятро і Павел Назарукі нара­дзіліся і выраслі ў в. Олтуш. Пасля заканчэння сярэдняй школы падалі дакументы ў Брэсцкі медыцынскі каледж. Але каб стаць навучэнцамі,не хапіла аднаму два балы, другому – тры. Браты вучыцца хацелі, таму паехалі паступаць у Слонімскі медыцынскі каледж. Нядаўна юнакі гэтую навучальную ўстанову закончылі і набылі спецыяльнасць “Фельчар-акушэр”. Па размеркаванні прыехалі працаваць на Маларытчыну. З 1 жніўня Пятро залічаны ў штат Велікарыцкай амбулаторыі агульнай практыкі, а Павел – у Олтушскай участковай бальніцы. Яны — фельчары. Кожнага з іх мог выбіраць, куды паехаць працаваць, бо аднаму прапаноўвалі Велікарыту, а другому – Чарняны ці Маларыту. Браты кінулі жэрабя, каму ехаць у Велікарыту. Выпала, што Пятру. Пазней абставіны змяніліся, і Павел апынуўся ў родным Олтушы.
— Мы прывыклі заўсёды быць ра­зам, — кажа Павел. – Цяжкавата зараз прывыкаць да таго, што побач няма брата. Аднак разумеем, што рана ці позна, безумоўна, давя­дзецца ўсё ж такі разысціся. Адзін аднаму тэлефануем часта на працягу дня. У асноўным – па рабоце. Штосьці пытаемся і падказваем, нешта раім.
— У вас не было такіх сітуацый, калі Пятро на некаторы момант станавіўся Паўлам, а Павел – Пятром?
— Былі, — шчыра прызнаецца Пятро. – У школе і ў каледжы некаторыя настаўнікі не адрознівалі нас. Вучыліся мы заўсёды амаль аднолькава. Таму неабходнасці падмяняць адзін аднаго не было. А вось нарматывы па фізічнай культуры ў каледжы здавалі такім шляхам. На шчасце, выкладчык гэтага не заўважыў.
— Чаму бацькі вас так назвалі?
— Таму што мы нарадзіліся 5 ліпеня, — кажа Павел, — а праз ты­дзень, 12, адзначаюцца праваслаўныя святы Пятра і Паўла. У іх гонар мы і атрымалі імёны.
— Хто з вас старэйшы?
— Я, — гаворыць Пятро, — ажно на 30 хвілін. Але заўсёды нейкае рашэнне спрабуем прыняць толькі пасля таго, як дэталёва ўзважым аргументы кожнага. Мы – роўныя, лідара ў нас няма. Ён і не патрэбен зусім. Для нас уважліва выслухаць брата, адчуць яго настрой – неабходнасць, закладзеная з дзяцінства. Мы – лепшыя сябры па жыцці, у якіх няма ніякіх сакрэтаў.
Пятро і Павел разумеюць адзін аднаго з паўслова, з паўжэста. Бывае, што браты інтуітыўна адчуваюць адзін аднаго. Калі Пятро задумае нейкую лічбу, то Павел, які знаходзіцца на адлегласці, амаль заўсёды назаве яе правільна.
— Што ёсць у характары брата і няма ў кожнага з вас?
— Павел больш сур’ёзны, чым я, — сказаў Пятро. – Ён да ўсяго адносіцца надзвычай адказна.
— Пятро больш аптымістычны, — падкрэсліў Павел.– Брат, здаецца, яшчэ і больш строгі.
— Якія планы на будучае?
— Я, — смяецца Пятро, — напэўна, хутка пайду ў армію.
— А я на днях еду ў Баранавічы на 3 месяцы, — гаворыць Павел. – Там буду павышаць кваліфікацыю. Пасля заканчэння курсаў сам змагу ўжо весці прыём, назначаць медыкаменты, выпісваць рэцэпты.
У братоў ёсць яшчэ адна агульная мара на дваіх. У наступным годзе яны збіраюцца паступаць у Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. Калі фартуна ўсміхнецца, то плануюць стаць тэрапеўтамі, а пасля заканчэння ВНУ – вярнуцца працаваць у Маларыту. Каб задуманае ажыццявілася, Пятро і Павел пачалі рыхтавацца да цэнтралізаванага тэсціравання.
Пажадаем ім поспеху.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Павел і Пятро Назарукі, браты-двайняты, маладыя фельчары.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 12.09.2012 г.

Добавить комментарий


обращайтесь monaliza.kiev.ua

автоматический полив киев

http://best-cooler.reviews/
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!