Чытаць, каб ведаць i жыць

Бібліятэка. Цяжка ўявіць нашу штодзённасць без яе. А з іншага боку, мы жывём у ХХІ стагоддзі, і нашу штодзённасць цяжка ўявіць без інтэрнэту, электронных кніг і іншых тэхнічных навінак. Без кніг мы як без рук. Аднак многія скептычна ставяцца да існавання бібліятэк наогул. У апошні час часта даводзіцца чуць, што яны ўжо аджылі свой век, што нікому больш не патрэбны?.. Так гэта ці не, спрабаваў высветліць карэспандэнт газеты.
— Не, гэта не так, — не згаджаецца Надзея Кур­дзюк, дырэктар Маларыцкай ЦБС. — Бібліятэка бу­дзе заўжды запатрабавана, пакуль існуе чалавецтва. Яна была з даўніх часоў і, пераканана, будзе ў будучым значнай і важнай часткай духоўнай культуры грамадства. Бібліятэка не стаіць на месцы ў сваім развіцці, а пастаяна ідзе ў нагу з часам. Сёння яна не такая, якой была, напрыклад, 15, 10 ці нават 5 гадоў таму. Бібліятэка не толькі пункт выдачы і захоўвання кніг, але перш за ўсё –своеасаблівы ўніверсальны цэнтр правядзення вольнага часу, зносін, атрымання навейшай інфармацыі з розных сфер жыццядзейнасці чалавека, памочнік у выхаванні і адукацыі асобы. Бібліятэкі — гэта скарбонка ведаў, што набыло чалавецтва за час свайго існавання.
Спынюся коратка толь­кі на некаторых ліч­бах-паказчыках нашай дзейнасці. На сённяшні дзень 12 бібліятэк сістэмы маюць камп’ютары. Інтэрнэт і электронная пошта працуюць у 8 бібліятэках. Усяго ў сістэме 24 камп’ютары.
Пры раённай бібліятэцы дзейнічае 10 пунктаў выдачы на прадпрыемствах і ў арганізацыях горада і 1 пункт – на вёсцы. У першым паўгоддзі ў рамках праграмы “Культура Беларусі” было запланавана набыццё праграмы ALIS-WEB і стварэнне сайта раённай бібліятэкі. У цяперашні час над гэтым вядзецца работа.
А вось што думаюць на гэты конт самі бібліятэчныя работнікі.
Святлана Трацюк, загадчыца Дарапеевіцкай бібліятэкі-філіяла:
— Калі знікне кніга з нашага жыцця, то чалавецтва страціць вельмі многае.Пераканана: ніякія навінкі навукова-тэхнічнага прагрэсу не заменяць адчуванні, што ўзнікаюць, калі чалавек бярэ ў рукі папяровае выданне. Нядаўна чытала электронную версію любімага рамана. Адчуванні зусім не тыя, калі бярэш у рукі звычайную — з шапаценнем старонак. Яе ж можна чытаць усюды і ў любы момант. Каб “разгарнуць” электронную кнігу, неабходныя пэўныя ўмовы. Папяровую кнігу, да якой мы прывыклі з маленства, я называю жывой. Пераканана, што трэба чытаць мастацкую класічную літаратуру: айчынную і сусветную. Гэта неабходна для самаўдасканалення. З упэўненасцю магу сказаць, што чытаць неабходна кожнаму, каб больш ведаць і жыць.
Алена Анішчук, загад­чыца Чарнянскай біб­ліятэкі-філіяла:
— Бібліятэкі будуць запатрабаваны заўжды. Навінкі навукі ўнеслі свае карэктывы ў іх функцыянаванне. Раней прыкметай адукаванасці лічылася наяўнасць уласнай хатняй бібліятэкі. Па колькасці кніг у ёй меркавалі аб ступені эрудзіраванасці чалавека. Людзі старэйшага пакалення яшчэ добра памятаюць, з якой цяжкасцю набывалі яны рэдкія экзэмпляры, у якіх чэргах даводзілася стаяць за кнігамі, колькі часу трэба было чакаць падпісныя выданні. На жаль, знік кніжны дэфіцыт, зніклі і апантаныя чытачы. Кнігі перасталі быць недаступнымі скарбамі, на якія падпісваліся, якімі ганарыліся і якія нават завяшчалі. Сёння сітуацыя кардынальна змянілася не ў лепшы бок. Людзі паступова забываюць дарогу ў бібліятэку. Яны часцей і часцей патрэбную інфармацыяю шукаюць у інтэрнэце. Яго пошукавыя сістэмы практычна занялі месца кнігасховішчаў бібліятэк.У віртуальнай прасторы, не выходзячы з дому, у любы час можна знайсці патрэбную інфармацыю.Ні фармуляраў, ні чэргаў. Зручна. Але разам з гэтым страчваецца само адчуванне і разуменне сэнсу слова «бібліятэка». А гэта дрэнна ўплывае на фарміраванне чалавека як асобы разумнай, інтэлектуальнай.
* * *
Мы правялі невялікае міні-даследаванне. На вуліцах Маларыты сустрэчным задавалі адно і тое ж пытанне: “Як часта вы наведваеце бібліятэку?” Прааналізаваўшы экспрэс-апытанне, атрымалася, што раз на тыдзень у бібліятэцы бывае 7%, раз у месяц — 8%, раз у некалькі месяцаў — 12%, раз на год — 8%, радзей, чым раз у год — 14%, зусім не ходзяць — 51%.
Р.S.Напярэдадні Дня бібліятэк хочацца згадаць тых, хто не адзін дзясятак гадоў аддаў бібліятэчнай справе. Менавіта дзякуючы ім, маларытчане мелі вольны доступ да кніг. Сёння шчыры дзякуй за шматгадовую працу хочацца сказаць Антаніне Сіпчук (Брадзяцін), Таццяне Бандарук (Збураж), Валянціне Кардзялюк (Ужова),Ніне Ярмалюк (Арэхава), Кацярыне Бягеза (Дрочава), Вользе Бягеза (Добрае), Галіне Бенясюк (Хаціслаў), Веры Чырук (Чарняны), Любові Каляда (Дарапеевічы), Яўгеніі Князевай, Веры Крысінай, Надзеі Крэнь, Людміле Бескаравайнай, Святлане Губарэвіч, Ганне Дайнека, Галіне Корд (усе – Маларыта).
Мікалай НАВУМЧЫК.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 15.09.2012 г. 

Добавить комментарий


http://kompozit.ua

https://farm-pump-ua.com

http://tokyozakka.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!