Сапраўдны мастацкі форум

Нядаўна народны ансамбль народнай песні “Рыцкі куфэрак” гарадскога Дома культуры (кіраўнік Анатоль Барысюк) радаваў прыхільнікаў фальклору сваім майстэрствам у Славакіі. Дзякуючы намаганням ганаровага консула Рэспублікі Беларусь у Славацкай Рэспубліцы Марыяна Мурына ў Араўскім рэгіёне штогод ладзяцца святочныя мерапрыемствы з нагоды заканчэння збору ўраджаю — дажынкі. На іх збіраецца вялікае мноства гледачоў, гасцей, артыстаў. Па традыцыі ў славацкіх дажынках удзельнічаюць і беларускія выканаўцы. “Рыцкі куфэрак” браў удзел у гэтым свяце ўжо ў другі раз.
Размешчаная на поўдні Еўропы невялічкая, але надзвычай цікавая краіна выклікае непадробную цікавасць як у турыстаў, так і ў падарожнікаў, якія едуць у Славакію, каб паглядзець на цікавы рэльеф, падыхаць горным паветрам і наогул дакрануцца да часцінкі непаўторнага славацкага краю.
Свята “Дажынкі” ў Славакіі праходзіць вельмі ярка і відовішчна. Напярэдадні яго сам Марыян Мурын са сваімі самадзейнымі артыстамі на тройцы коней, запрэжаных у каляровы кабрыялет, наведвае амаль што кожны дом, запрашаючы ўсіх на свята.
Шматлікія выступленні аўтэнтычных фальклорных маладзёжных гуртоў, у творчасці якіх сучаснасць пераплятаецца са старажытнасцю, надалі святу непаўторнасць і глыбокі сэнс.
Вялікую цікавасць ва ўсіх прысутных выклікала і выступленне “Рыцкага куфэрка” ў суправаджэнні аркестровай групы дзіцячай школы мастацтваў, якія дарылі гледачам беларускія, рускія і ўкраінскія песні, вадзілі карагоды, выкарыстоўваючы элементы дажыначных эпізодаў.
Не абышлося тут і без хлеба-солі, якія артысты прывезлі з самой Маларыты, і падарунка, зробленага рукамі майстроў Цэнтра народнай творчасці. Яны былі ўручаны ганароваму консулу Марыяну Мурыну як сімвал глыбокай павагі да славацкага народа.
Акрамя “Рыцкага куфэрка”, у “Дажынках” браў удзел мала­дзёжны гурт Босніі і Герцагавіны, які парадаваў гледачоў палітрай яркіх гульняў, танцаў і песняў сваёй краіны.
Прыемна было пазнаёміцца з мутнянскімі музыкамі і вакальным мужчынскім ансамблем з вельмі незвычайнай назвай “Друшляк”. І паліліся песні і мелодыі. Славакі разам з намі спявалі нашы песні “Цячэ вада ў ярок”, “Падмаскоўныя вечары”, “Дарогай доўгаю” і інш. І ў той момант падумалася: як прыемна, што і ў Славакіі з любоўю і павагай адносяцца да культурных каштоўнасцей як сваёй, так і нашай краіны, беражліва захоўваюць іх для нашчадкаў.
Але ж гэта яшчэ не ўсё. На свяце можна было пазнаёміцца з выставай зернеўборачнай тэхнікі, дзе можна было пабачыць усё, пачынаючы ад старажытнай малацілкі і да новай сучаснай тэхнікі, прычым, нашай беларускай вытворчасці.
Не абышлося і без паказу рэтра-легкавых аўтамабіляў: кабрыялетаў, мерседэсаў і іншых.
А народныя майстры прадставілі свае вырабы з дрэва, якія можна было набыць як сувеніры.
Быў на славацкіх дажынках і нацыянальны сюрпрыз: усіх вабіў духмяны водар засмажанага на ражне вялікага бычка, ля якога завіхаліся повары-славакі, і з якога потым варылі нацыянальную страву – гуляш. Паспытаць яго на смак мог кожны, хто жадаў, прычым бясплатна.
Яшчэ доўга на свяце гучалі мелодыі, што ўзнімалі настрой усім прысутным.
Цікавае супрацоўніцтва маларыцкіх і славацкіх артыстаў ператварылася ў сапраўдны мастацкі форум, заснаваны на духоўных ідэалах, мэта якога: зрабіць усё для падтрымкі народнага мастацтва і служэння яго традыцыям. Спадзяемся, што ў Славакіі на “Дажынках” мы былі не апошні раз.
Лідзія КІВАЧУК, метадыст раённага метадычнага цэнтра райаддзела культуры, удзельніца ансамбля “Рыцкі куфэрак”.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 19.09.2012 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


topobzor.info

farm-pump-ua.com/danabol.html

www.dekorde.com