“ЗАКОН — ЁСЦЬ ЗАКОН”

Калі прыём грамадзян праводзіць намеснік міністра той ці іншай сферы, кожны ведае, што пытанні да асобы высокага ўзроўню павінны быць сур’ёзнымі, з вырашэннем якіх, наведаўшы розныя інстанцыі і пастукаўшыся ў дзясяткі дзвярэй, чалавек не змог справіцца не толькі на месцы, але і на ўзроўні абласной улады. Таму тое, што на прыём да намесніка міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь Аляксандра Сіманава папярэдне запісалася усяго чацвёра чалавек, толькі яшчэ раз пацвердзіла, што ў раёне ўважліва ставяцца да зваротаў грамадзян.
Маларытчанін Уладзімір прыйшоў да намесніка міністра юстыцыі з просьбай разабрацца ў даўняй судовай справе, бо лічыць вынесеную судом пастанову несправядлівай, жыхар адной з вёсак раёна Аляксандр скардзіўся на тое, што пасля адмены судом вышэйшай інстанцыі рашэння, прынятага раённым судом, так і не атрымаў назад канфіскаваныя рэчы, іншым проста спатрэбілася юрыдычная кансультацыя. У кожнае пытанне Аляксандр Сіманаў пастараўся ўнікнуць, даў парады, растлумачыў асноўныя палажэнні заканадаўства.
Да заканчэння прыёму, які быў разлічаны на дзве гадзіны, заставаўся час, а таму з’явілася магчымасць звярнуцца да намесніка міністра з некалькімі пытаннямі:
— Аляксандр Анатольевіч, Вам даводзіцца бываць у розных рэгіёнах краіны. З якімі пытаннямі часцей за ўсё звяртаюцца людзі да намесніка міністра юстыцыі?
— Пытанні, трэба сказаць, самыя розныя. Калі прымаю грамадзян у рэгіёнах, яны нярэдка прыходзяць з сацыяльнымі праблемамі: жыллё, зямельныя ўчасткі, газіфікацыя, ахова здароўя. Такія пытанні, паколькі яны не ўваходзяць у нашу кампетэнцыю, мы перадаем у іншыя міністэрствы. Нярэдка грамадзяне скар­дзяцца на дзейнасць судоў, прычым часцей за ўсё на само рашэнне суда. Многія яшчэ не зусім разумеюць, што міністэрства юстыцыі – гэта орган выканаўчай улады, яно не мае права выносіць пратэсты на адмену той ці іншай судовай пастановы. Калі скаргі паступаюць на грубыя паводзіны работнікаў суда, на валакіту, на невыкананне судовых рашэнняў, з такімі пытаннямі мы дакладна разбіраемся.
— Ці можна лічыць насельніцтва краіны юрыдычна адукаваным, альбо нам яшчэ не хапае “падкаванасці” ў гэтых пытаннях?
— Узровень юрыдычнай адукаванасці ў краіне расце. У гэтым пераконваюць нават скаргі, якія да нас паступаюць. У сваіх зваротах грамадзяне спасылаюцца на нарматыўныя матэрыялы, а значыць, перш, чым напісаць зварот, вывучаюць кодэкс, указы, дэкрэты. Але ж гэты ўзровень усё ж пакуль недастатковы. Паколькі каардынацыя пытанняў прававой інфармаванасці насельніцтва ўскладзена на міністэрства юстыцыі, мы патрабуем ад ведамстваў, навучальных устаноў, сваіх работнікаў надаваць ім максімальнае значэнне, бо чалавек, які юрыдычна адукаваны, прачытаўшы дакумент, добра ведае, што, закон – ёсць закон, што, безумоўна, аблягчае работу.
— Сёння на прыём прыйшло адносна не шмат жыхароў раёна. Як Вы лічыце, гэта добра ці не?
— Безумоўна, добра. Сам прыём быў арганізаваны юрыдычна правільна, жыхары раёна загадзя ведалі, што ён будзе праводзіцца. А калі не вельмі шмат пытанняў, ды і ўсе яны датычацца кампетэнтнасці міністэрства юстыцыі, значыць, добра працуе мясцовая вертыкаль улады, абласная ўлада, упраўленне юстыцыі, суд і ўсе іншыя структуры.Значыць, усе пытанні вырашаюць на месцах.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: на прыёме ў намесніка міністра юстыцыі Аляксандра Сіманава.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 19.09.2012 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.