У кожнага выдання сваё жыццё

У раённай бібліятэцы арганізаваны 2 цікавыя выставы. “Кнігі-юбіляры” – тут прадстаўлены выданні, якім cёлета спаўняецца 35-100 гадоў з моманту іх выхаду ў свет. Раённая бібліятэка акцэнтуе ўвагу чытачоў на 24 кнігах, якія адыгралі істотную ролю ў гісторыі нацыянальнай літаратуры і культуры. Стагадовы юбілей сёлета адзначаюць, напрыклад, выданні класікаў беларускай літаратуры: Якуба Коласа “Песні жальбы” і Янкі Купалы “Сон на кургане”. 90 гадоў назад убачылі свет кнігі Міхася Чарота “Завіруха” і “Босыя на вогнішчы”, 85 – “Чалавек ідзе” Янкі Маўра, “У глыбі Палесся” Якуба Коласа і інш. Усе выданні, якія тут размешчаны, з’яўляюцца класічнымі і ўваходзяць у залаты фонд роднай літаратуры.
Не менш пазнавальнай з’яўляецца і другая выстава“Сто забароненых кніг”. Яна знаёміць з тымі выданнямі, што па розных прычынах былі забаронены як у СССР, так і ў іншых краінах свету. У іх ліку — “Майстар і Маргарыта” Міхаіла Булгакава, “Мы” Яўгенія Замяціна, “Доктар Жывага” Барыса Пастэрнака, “Архіпелаг Гулаг” Аляксандра Салжаніцына… Сярод беларускіх аўтараў у гэтую катэгорыю ў свой час трапілі творы Цішкі Гартнага, Міхася Зарэцкага, Уладзіміра Жылкі, Сяргея Грахоўскага, Уладзіміра Дубоўкі, Максіма Лужаніна і інш.
Выстава працавала некалькі дзён. З ёю пазнаёміліся вучні СШ № 1 і раённай гімназіі.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Галіна Кучына, загадчыца аддзела бібліятэчнага маркентынгу, праводзіць экскурсію для вучняў раённай гімназіі.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 22.09.2012 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий