ДЗЕЦЯМ ВАЙНЫ ПРЫСВЯЧАЛАСЯ

Сустрэча на працягу гадзіны з прыго­жым беларускім словам, цікавымі субяседнікамі, якім ёсць пра што расказаць. Менавіта так коратка можна ахарактарызаваць мерапрыемства, якое прайшло ў СШ №1 г.Маларыты, падрыхтаванае раённай бібліятэкай сумесна з адміністрацыяй установы адукацыі.
Сёння мы не можам убачыць, напрыклад, Максіма Багдановіча, пачуць жывое слова Аркадзя Куляшова, пасмяяцца ра­зам з Кандратам Крапівой з герояў яго камедыі ”Хто смяецца апошнім”. А так часам хочацца сустрэцца з пісьменнікам, які жыве побач, пачуць яго меркаванні пра сучасны дзень, пагаварыць пра літаратурны працэс, заглянуць у творчую лабараторыю.Рэдка выпадае такая магчымасць, як гэтая, калі да вучняў старэйшых класаў у госці завітала адразу некалькі пісьменнікаў. Гэта майстры пяра — Аляксей Філатаў, Мікалай Пацяюк, Уладзімір Данілюк, а таксама –Леанід Крываблоцкі.
— Нагодай візіту ў вашу школу стала прэзентацыя новага выдання “На абпаленых крылах. Кніга ўспамінаў непаўналетніх вязняў фашызму”, адным з укладальнікаў якой з’яўляюся і я, — гаварыў пры адкрыцці сустрэчы Аляксей Філатаў. – Пра што кніга? У ёй сабраны ўспаміны, а таксама аповеды пра былых непаўналетніх вязняў фашызму, жыццё якіх звязана з Берасцейшчынай. Гэта ўжо другая кніга па ліку пра дзяцей вайны, якія зведалі разлуку і страту бацькоў, родных і блізкіх людзей, голад і жах канцэнтрацыйных лагераў, цяжкую рабскую працу. Яна – працяг першай кнігі “Асколкі болю”. Многія яе аўтары на сённяшні дзень ужо не жывуць.На абпаленых пякельным полымем крылах яны годна пранеслі свае чыстыя сумленні, цяжкасці жыцця і дасягнулі вечнага выраю. Кніга змяшчае больш за 50 успамінаў сведкаў таго жудаснага часу. У іх ліку — і Леаніда Крываблоцкага.
Леанід Віктаравіч прыгадаў тое, што яму давялося асабіста перажыць, калі быў вывезены ў Германію і некаторы час працаваў на немцаў, расказаў пра сваё пасляваеннае жыццё. А пасля пачаставаў вучняў духмянымі яблыкамі са свайго саду.
Затым сустрэчу працягнулі Мікалай Пацяюк і Уладзімір Данілюк. Мясцовыя творцы прачыталі старшакласнікам свае вершы, якія былі сустрэты на “біс”.
— Шкада, што сёння ўбачыць пісьменні­каў на сустрэчы з дзецьмі ва ўстановах адукацыі можна не так і часта, — кажа Вольга Гадзецкая, загадчыца аддзела абслугоўвання. — Пісьменнік — голас народа, яго сэрца, яго мова. Праз творчасць мастака слова атрымліваем уяўленні пра духоўныя, маральныя каштоўнасці таго ці іншага краю, яго побыт, культуру. Галоўная задача пісьменніка — адкрыць шырокай чытацкай аўдыторыі паэзію, самабытную культуру нашага народа, традыцыі краю. Сустрэча з майстрамі пяра – гэта заўсёды цікава, пазнавальна, займальна і карысна. Такіх мерапрыемстваў павінна быць як мага больш.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымках: у час сустрэчы з пісьменнікамі ў СШ №1.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 22.09.2012 г.

Добавить комментарий


www.220km.com

https://jaamboo.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!