РАШЭННЕ АБ УСТАНАЎЛЕННІ ДАРОЖНАГА ЗНАКА

вуліцы Кастрычніцкай у Маларыце прымала камісія па бяспецы

У якіх мэтах і хто прымаў рашэнне наконт таго, каб на вуліцы Кастрычніцкай у Маларыце рух транспарту быў аднабаковым, як быць, калі дзіця позна вяртаецца з заняткаў у гуртку? Гэтыя і іншыя пытанні задавалі грамадзяне начальніку райаддзела ўнутраных спраў Аляксандру Мельніку, з якім нядаўна была арганізавана “прамая лінія”. Прапануем увазе чытачоў рэпартаж з яе.
Іван Лаўрэн­ць­евіч Рагуля, маларытчанін:
— Хачу ад імя пешаходаў сказаць шчыры дзякуй за тое, што на вуліцы Кастрычніцкай у нашым горадзе, нарэшце, устанавілі знак, які прадугледжвае тут аднабаковы рух, а гэта значыць, захоўваецца бяспека жыцця нас, пешаходаў, сярод якіх нямала і дзяцей, асабліва раніцай і пасля абеду. На жаль, не ўсе вадзіцелі рэагуюць ці хочуць рэагаваць на гэты знак. А нядаўна адзін з такіх нас з жонкай ледзь на той свет не адправіў. Усё было так. Ехалі мы з жонкай на веласіпедах з дачы. Ехалі па вызначанай паласе, ехалі смела, спакойна. Насупраць магазінаў індывідуальных прадпрымальнікаў нам трэба было паварочваць дамоў, а тут поўным ходам з боку вуліцы Несенюка імчыць машына. Малады вадзіцель, які ехаў з хуткасцю далёка не 40 км, ледзь не наехаў на нас. Калі я напомніў яму, што тут ехаць нельга, той зло адказаў: “А дзе мне ехаць? Ездзіў тут і буду ездзіць!” А знак, які ўстаноўлены, маўляў, не для мяне. І пачаў брыдкасловіць у наш адрас. Таму хацелася б, каб Вы яшчэ раз напомнілі падобным вадзіцелям, кім і ў якіх мэтах прымалася рашэнне аб устанаўленні на вуліцы Кастрычніцкай знака, згодна з якім тут прадугледжваецца аднабаковы рух транспарту? Колькі вадзіцеляў пакаралі супрацоўнікі міліцыі за ігнараванне гэтага знака?
Аляксандр Мельнік:
— Рашэнне аб тым, каб на вуліцы Кастрычніцкай устанавіць знак, згодна з якім забараняецца ўезд на гэтую вуліцу з боку вуліцы Несенюка, прымалася не таму, што некаму так хацелася. Такія просьбы не раз выказвалі бацькі, чые дзеці па вул. Кастрычніцкай ходзяць у гімназію, дзіцячы садок. І камісія па бяспецы, што дзейнічае пры райвыканкаме, прыслухалася да гэтых просьбаў, прыняла адпаведнае рашэнне ў мэтах бяспекі жыцця пешаходаў, у прыватнасці, дзяцей.
Колькі вадзіцеляў было пака­­рана за ігнараванне патраба­ванняў знака? З таго дня, як знак быў устаноўлены і па сёння (прайшло роўна месяц – аўтар), супрацоўнікі міліцыі склалі адміністрацыйныя пратаколы на 24 вадзіцеляў. Усе яны былі аштрафаваны.
І. Р.:
— Але ж законанепаслухмяныя вадзіцелі як ездзілі, так і ез­дзяць?
А. М.:
— На жаль, паставіць пастаянна на вуліцы Кастрычніцкай супрацоўніка ДАІ мы не маем магчымасці, бо гэты ўчастак не адзіны, дзе трэба бываць і сачыць за парадкам работнікам міліцыі.
Таму праз газету – народную трыбуну — хачу яшчэ раз сказаць вадзіцелям: знак ніхто там прыбіраць не будзе, як бы гэта некаму не падабалася.
І. Р.:
— А не падабаецца найбольш тым, хто думае ў першую чаргу пра свае ўласныя інтарэсы, а не пра здароўе і жыццё іншых, каму цяжка ці “нязручна” праехаць лішніх 500 метраў.
А. М.:
— Згодны з Вамі. Такая “ня­зручнасць” — гэта не аб’ектыўная, а суб’ектыўная прычына.
Вам жа, Іван Лаўрэнцьевіч, хачу сказаць, што ў наступны раз, калі давядзецца сутыкнуцца з падобным фактам, абавязкова запішыце нумар машыны, вадзіцель якой дапусціў парушэнне Правілаў дарожнага руху. Акрамя таго, калі ён будзе паводзіць сябе так, як вось гэты, можа панесці пакаранне і за брыдкаслоўе ў Ваш адрас ці знявагу.
Марыя Вікенць­еўна Струнец, маларытчанка:
— З 5 верасня, чытала ў друку, непаўналетніх дзяцей, якія не дасягнулі 16-гадовага ўзросту, у перыяд з 23 гадзін і да 6 гадзін павінны суправаджаць бацькі ці іншыя давераныя асобы. А як быць, калі дзіця затрымаецца, скажам, дапазна недзе на рэпетыцыі ці на занятках у нейкім гуртку?
А. М.:
— Калі такое здарыцца, хаця гурткі ў школах дапазна не могуць працаваць, як не могуць быць дапазна і рэпетыцыі, абавязкова самі сустрэньце свайго сына ці дачку, каб затым не было непрыемнасцей і турбот ні Вам, ні Вашым дзецям.
М. С.:
— А якія меры пакарання прадугледжаны за парушэнне такога патрабавання Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях?
А. М.:
— Першы раз бацькоў могуць папярэдзіць, а на наступны – аштрафуюць. Між іншым, памер штрафу немалы – ад 2 да 5 базавых велічынь.
Мікалай Ягора­віч Алесік, мала­рытчанін:
— Бачыў па тэле­візары, чытаў у га­зетах пра тых, чые супраць­праўныя ўчынкі абмяркоўвалі ў калектывах, на так званых таварыскіх судах. Мне здаецца, гэта адна з найбольш дзейсных форм прафілактычнай работы з правапарушальнікамі, у тым ліку і з такімі, хто дазваляе сабе “пад мухай” сесці за руль. Таму хачу выказаць пажаданне, каб супрацоўнікі міліцыі і ў будучым пра гэтую форму прафілактыкі не забывалі.
А. М.:
— Больш таго, згодна з Законам “Аб асновах дзей­насці па прафілактыцы правапарушэнняў” адной з форм індывідуальнай прафілактыкі з’яўляецца інфармаванне кіраўніцтва прадпрыемства, арганізацыі ці ўстановы, прадстаўнік якіх учыніў правапарушэнне. Інакш кажучы, калі грамадзянін парушыў закон, да прыкладу, учыніў дробнае хуліганства ці кіраваў транспартам у стане алкагольнага ап’янення, пасля ўступлення ў законную сілу рашэння аб прымяненні мер адміністрацыйнага ўздзеяння мы накіроўваем пісьмовую інфармацыю па месцы работы грамадзяніна для прыняцця мер грамадскага ўздзеяння. Такая форма даўно прыжылася і з’яўляецца нормай.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: начальнік райаддзела міліцыі Аляксандр МЕЛЬНІК.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 22.09.2012 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.