Шчасце ў сям’і і на сцэне

— Калі я пачала спяваць? Ды, напэўна, як нарадзілася, — са шчырай усмешкай расказвае пра сябе маларытчанка Вольга Бярчук.
Яшчэ зусім маленькай дзяўчынкай Вольга была ўпэўнена, што, калі падрасце, абавязкова стане артысткай. Яна і зараз памятае, як упершыню выступала на ранішніку ў дзіцячым садзе, спявала песню пра Чабурашку. Менавіта тады ўсе заўважылі, што ў дзяўчынкі дзіўны голас. Потым былі заняткі ў эстраднай студыі ГДК, і Вольга атрымала магчымасць спяваць на гарадской сцэне. Ужо тады яе настаўнікі Наталля Караткевіч і Аляксандр Барысюк бачылі, што Вольга – сапраўдны талент. Яе звонкі, народны голас здзіўляў слухача. Не змагло застацца раўнадушным да яго нават журы рэспубліканскага конкурсу “Сузор’е надзей”, у якім Вольга паспяхова прайшла абласны этап і атрымала магчымасць прыняць удзел у гала-канцэрце ў Палацы рэспублікі.
— Са школьных гадоў я была ўпэўнена, што мая будучыня абавязкова будзе звязана з музыкай. А таму ў пятым класе мэтанакіравана пайшла ў музычную школу, дзе вучылася іграць на балалайцы. І, вядома ж, спявала.
Закончыўшы дзевяць класаў, Вольга паспяхова паступіла ў Брэсцкі каледж на аддзяленне народных спеваў. Але закончыць вучобу ў яе не атрымалася. Свае карэктывы ў “музычную кар’еру” ўнесла каханне. Вольга стала мамай, у яе нарадзіўся цудоўны сынок Ягор. Муж, дзіця, сямейныя клопаты, потым нараджэнне яшчэ дваіх дачушак… У 19 гадоў Вольга была ўжо мнагадзетнай маці. Здавалася б, пра вучобу і прафесію ўвогуле трэба забыць. Але маладая жанчына экстэрнам закончыла 11 класаў і паступіла ў Пінскі каледж мастацтваў па спецыяльнасці “Рэжысура народных святаў і абрадаў”, цяпер ужо на завочную форму навучання.
— Калі я стала мамай, зразумела, што няма нічога больш важнага, чым сям’я і дзеці, і каб быць шчаслівай, не трэба імкнуцца да нечага недасягальнага, а проста радавацца таму, што ёсць, і берагчы тое, што маеш. І ўсё ж я ведала, што абавязкова буду спяваць на сцэне, — дзялілася Вольга.
Калі дзеці крыху падраслі, Вольга вырашыла паспрабаваць знайсці работу. Вядома ж, яна ўяўляла сябе толькі ў ролі культработніка, а таму звярнулася ў аддзел культуры. Спачатку ёй прапанавалі пасаду мастацкага кіраўніка ў Ланскім СДК, а праз некаторы час знайшлося месца ў гарадскім Доме культуры на пасадзе хармайстра студыі “Забава”. Працаваць з юнымі галасістымі зорачкамі Вользе падабалася, але, калі ёй прапанавалі месца рэжысёра ГДК, а значыць, работу па яе непасрэднай спецыяльнасці, вядома ж, адмовіцца не змагла. Новая работа вельмі захапіла. Не расчаравалася ў ёй Вольга і цяпер, тым больш, што арганізацыя ўсіх свят дазваляе творчай асобе самой заўжды быць у цэнтры падзей і радаваць са сцэны гледачоў сваім каларытным голасам.
— Я вельмі люблю спяваць народныя песні, у іх адчуваецца душа. Калі спяваеш іх, словы быццам ільюцца. Асабліва падабаюцца мне акапэльныя спевы, — з захапленнем расказвае Вольга.
Не раз уражвала спявачка слухачоў на вялікіх і маленькіх сцэнах сваім чароўным голасам, якому не патрэбны акампанемент. Гэты голас, моцны, разлівісты, які яна атрымала ў спадчыну ад прабабулі, сам гучыць, нібы музыка. Акапэльныя спевы, як прызнаецца спявачка, падабаюцца ёй тым, што можна не толькі ярка паказаць свой голас, але і адну і тую ж песню праспяваць кожны раз па-рознаму, дадаючы, у за­лежнасці ад настрою, свае асаблівасці.
Быццам наро­джаная для выканання народных песень, Вольга вельмі любіць усё, што звязана з самабытнасцю. Апранаючы народны касцюм, які, як прызнаецца, вельмі любіць, яна цалкам уваходзіць у ролю, а таму і песня ў яе выкананні кранае душу. Менавіта гэта прыкмецілі рэжысёры фільма пра Маларытчыну “Узоры лёсу” і запрасілі выканаць адну з галоўных роляў. У сюжэце, які расказваў пра жыццё народнай майстрыхі з вёскі Дара­пеевічы Сцепаніды Сцепанюк, яна ўмела сыграла ролю ткачыхі ў маладосці. І, вядома ж, атрымала шмат уражанняў:
— Тры дні, пакуль здымаўся ў прыгожых лукаўскіх мясцінах фільм “Узоры лёсу”, былі незабыўнымі. Больш за ўсё падабалася творчая атмасфера.
— Не захацелася змяніць сваё жыццё і падацца ў акцёры? – цікаўлюся ў Вольгі.
Яна смяецца:
— Вядома, здымацца спадабалася. Але я цяпер рэальна гляджу на жыццё. Ды і ўвогуле, мне падабаецца тое, чым я займаюся ў свае будні.
Хоць колькасць выхадаў Вольгі на сцэну даўно не пералічыць, яна не ўтойвае, што кожны раз перад канцэртам вельмі хвалюецца.
— Але без гэтага хвалявання, без адрэналіну, без той энергіі, якую атрымліваеш на сцэне, я проста ўжо не магу, — заўважае Вольга.
Нядаўна маладая спявачка прыняла ўдзел у рэспубліканскім праекце, арганізаваным каналам СТВ “Гарады, якія спяваюць”. Яна паспяхова прайшла кастынг і, вядома ж, спадзяецца, што яе выступленне не застанецца незаўважаным. У тым, што ў Вольгі ёсць жаданне дабівацца на сцэне прызнання свайго таленту, як лічыць яна, немалая заслуга яе другой палавінкі. Муж падтрымлівае яе і абавязкова разам з дзецьмі прыходзіць на кожны канцэрт. Гэта для Вольгі вельмі вялікі творчы стымул.
НА ЗДЫМКУ: Вольга Бярчук.

Опубликовано в «ГЧ» 29.09.2012 г.

Добавить комментарий


www.babyforyou.org/

gazon.net.ua

также читайте karter-kiev.net
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!