Замест пэндзліка — пацеркі

З тым, што рукадзелле – справа жаночая, Аляксандр Марук з вёскі Лукава цалкам не згодны. Захапленні, лічыць ён, не падзяляюцца па прыналежнасці да таго ці іншага полу. Важна, каб у чалавека былі здольнасці, цярплівасць і жаданне сваімі рукамі рабіць прыгожае.
Бісерапляценнем захапіўся Аляксандр яшчэ ў школьныя гады. Наведаўшыся ў школьны гурток, хлопчык навучыўся рабіць простыя фігуркі з пацерак. Гэта яго зацікавіла. Для некага манатоннае і сумнае яму нанізванне пацерак было справай цікавай. Аляксандру хацелася навучыцца рабіць больш складаныя рэчы – дрэвы, кветкі. Многія аднакласнікі здзіўляліся, як хлопец можа займацца “дзявочай” справай, падчас і пасмейваліся. Зараз, калі Аляксандр ужо студэнт універсітэта, таксама многія знаёмыя здзіўляюцца яго захапленню пацеркамі, але на іх тварах замест усмешак цяпер шчырая цікаўнасць. Ды і сапраўды, як без захаплення можна глядзець на цудоўныя рэчы, зробленыя юнаком!
— Ад бісерапляцення я паступова пачаў пераходзіць да вышыўкі бісерам. Спачатку былі просценькія карціны, потым адважыўся на вялікія, складаныя, — расказвае Аляксандр.
Умелыя рукі юнака стварылі больш за 60 розных вырабаў з бісеру. Больш палову з іх складаюць вышытыя карціны.
— А чаму ў вышыўцы аддаў перавагу не традыцыйнаму матэрыялу – ніткам, а менавіта бісеру? – цікаўлюся ў Аляксандра.
— Сама сутнасць працэсу вышывання, — пачынае тлумачыць юнак, — і ў вышыўцы ніткамі, і ў вышыўцы бісерам амаль аднолькавая. Але бісер ажыўляе малюнак, робіць яго аб’ёмным, ды і тэхніка самой вышыўкі, мне здаецца, больш цікавая і сучасная. Таму і вышываю бісерам.
У доме, дзе жыве Аляксандр разам з бацькамі, амаль у кожным пакоі ўбачыш работы юнака. На паліцах – дрэвы і кветкі з пацерак, на кожнай са сцен – прыгожыя карціны. Самастойна падбіраючы колеры, адшукваючы ў часопісах схемы, Аляксандр, пацерка да пацеркі, кожны раз “малюе” новы шэдэўр. На адной з карцін у золата апрануты лес, на другой – хістае галінкамі беластволая бяроза, на трэцяй – радуюцца вольнаму ветрыку прыгажуны-коні, на чацвёртай – Мадонна абдымае дзіця… У кожны свой “пацеркавы твор” укладае Аляксандр і цеплыню душы, і шмат часу. А вольных хвілін у студэнта, як вядома, не вельмі многа.
— Проста мне гэта цікава, таму і час знаходзіцца. Можна было б проста глядзець тэлевізар, а я за праглядам паспяваю некалькі радкоў вышыць, — заўважае Аляксандр.
…Рыхтуемся зрабіць фотаздымак. Стол, дзе стаіць невялікі кошык, у якім 140 (!) сплеценых з пацерак падснежнікаў, Аляксандр хутка запаўняе сваімі работамі. Тут і вышытыя анёлы, і букеты з пацерак. Адным словам, шмат усяго прыгожага.
— Як на ўсё гэта толькі хапіла фантазіі і цярплівасці? — шчыра здзіўляючыся, пытаюся ў Аляксандра.
— А вы самі паспрабуйце, пабачыце, што не зможаце адарвацца ад такога занятку, які захапляе.
Я толькі ківаю галавою, бо сама добра ведаю, якой моцнай прыцягальнай сілаю валодаюць пацеркі. А калі хто не верыць, няхай сам паспрабуе. Упэўнена, не расчаруецца.
НА ЗДЫМКУ: Аляксандр МАРУК.

Опубликовано в «ГЧ» 29.09.2012 г.

Добавить комментарий


обращайтесь

np.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!