НЕ АДЧУВАЮЧЫ ЎЗРОСТУ,

жывуць Пелагея і Пётр Алесікі з в. Навалессе
Сапраўднае вялікае каханне – гэта найдаражэйшы скарб, які, на жаль, даецца ў гэтым жыцці не кожнаму. А таму цаніць і берагчы яго патрэбна кожны дзень, кожную хвілінку, каб не згубіць. Каханне – гэта тое, што натхняе чалавека на нейкія новыя подзвігі, на шалёныя ўчынкі, а самае галоўнае – на жыццё. Без гэтага цудоўнага пачуцця наша жыццё немагчыма, яно было б нейкім пустым і неяскравым. Менавіта яно аб’ядноўвае дваіх спачатку зусім чужых людзей у адно цэлае і дае ім адзін на дваіх шлях па жыцці. А вось тое, як яны яго пройдуць, ці справяцца з жыццёвымі перашкодамі, ці змогуць зберагчы сваё каханне да самай старасці, залежыць толькі ад іх дваіх. У кагосьці гэта атрымліваецца, у кагосьці — не, але ўсе мы заўсёды марым аб тым, каб побач на працягу ўсяго жыцця быў сапраўды надзейны чалавек.
Пятру Паўлавічу і Пелагеі Феадосьеўне Алесікам з вёскі Навалессе, шчыра можна сказаць, пашанцавала. Яны сустрэлі сваё каханне ў зусім маладым узросце і змаглі, нягледзячы на ўсе цяжкасці, зберагчы яго такім моцным і па сённяшні дзень. А гэта сапраўды рэдкасць. Сёлета Пётр Паўлавіч і Пелагея Феадосьеўна адсвяткуюць 50 гадоў сумеснага жыцця. 50 гадоў кахання, працы, ды проста жыцця. Шчыра прызнацца, такіх адносін адзін да аднаго, як у гэтай сямейнай пары, сёння не вельмі ў моладзі можна ўбачыць, а таму яны сапраўды мяне ўразілі і захапілі. Але пра ўсё па парадку.
У далёкім 1959 годзе маладая дзяўчына Поля, як яе ўсе называлі, з вёскі Хмелішча разам з сяброўкай пайшла на вяселле ў суседнюю вёску Навалессе. На ім гуляў і мясцовы хлопец Пятро, якога праз пару дзён забіралі ў армію. Пелагея Феадосьеўна падзеі таго часу памятае дакладна, нібы гэта ўсё адбывалася не 50 год назад, а ўчора, і ўспамінае ўсё з задавальненнем:
— Калі я першы раз на вяселлі пабачыла Пецю, то, памятаю, аж ногі падкасіліся. Ён мне адразу ж вельмі спадабаўся. І я яму таксама, бо ён прапанаваў мяне правесці дадому, я ж была з суседняй вёскі. Безумоўна, я згадзілася. У той вечар ён расказаў, што ідзе ў армію, і адразу ж спытаў, ці буду я яго чакаць. А ён так моцна мне спадабаўся, што я, нават не думаючы, адказала: «Буду». Пеця служыў тры гады, з 1959 па 1962 год, і ўвесь гэты час мы перапісваліся. І я сапраўды яго чакала. Вярнуўшыся з арміі, у той жа самы дзень ён адразу ж прыйшоў да мяне. Мы цэлую ноч прагаварылі, а калі прыйшоў час ісці яму дадому, то ён сказаў, што назаўтра прыйдзе ўжо да мяне дахаты. Так і адбылося. На другі дзень прыйшоў да нас дахаты. У мяне тады былі якраз сяброўкі, але яны хутка пайшлі, і мы засталіся удваіх. Я спачатку вельмі хвалявалася. Але прыйшла маці, якая паклікала мяне вечарам есці і яго таксама, а ён і згадзіўся. І вось за вячэрай ён сказаў бацькам, што хоча са мной ажаніцца, і спытаў, ці яны не супраць. Бацька адказаў, што калі я згодна, то і яны не будуць пярэчыць. Я згадзілася, бо ж вельмі ён мне падабаўся. Так на сёмы дзень, як Пятро вярнуўся з арміі, мы распісаліся і сталі мужам і жонкаю”.
Калі я спытала Пятра Паўлавіча, чаму ён вось так адразу пасля дзвюх сустрэч з дзяўчынай вырашыў ажаніцца, ён з усмешкай адказаў: “Ды падабалася яна мне вельмі, мы тры гады перапісваліся, таму я ўжо ведаў і яе харакар, і погляды на жыццё. Ды сэрца, напэўна, падказвала, што гэта блізкі па духу чалавек.”
Вяселле згулялі на славу, ажно тры дні святкавалі. Спачатку маладыя сталі жыць разам з бацькамі Пятра ў Навалессі, але ў хаце было мала месца, таму што ў сям’і Пятра было шэсць дзяцей. Тады і вырашылі будаваць сваё жыллё. Як вядома, час быў тады цяжкі, грошай не было, ды і зарабіць асабліва таксама не было дзе. А таму і паехалі Пеця з Поляй на заробкі на Украіну. Жылі яны там на кватэры разам шэсць месяцаў, ды Поля была цяжарная, а таму пасля муж адправіў яе назад дадому. У 1963 годзе ў маладой сям’і нарадзіўся сын, якому далі імя бацькі – Пеця. З цягам часу пачало ўся наладж­вацца. Пеця з Поляй дабудавалі свой дом, уладкаваліся на працу ў мясцовы калгас, а ў 1968 годзе ў іх нарадзілася дачушка Рая.
Усё сваё жыццё гэтыя людзі аддалі працы. Пётр Паўлавіч увесь час працаваў у калгасе. Спачатку электрыкам, пасля слесарам на ферме, а затым ажно 30 гадоў трактарыстам. На заслужаны адпачынак пайшоў у 55 гадоў, але яшчэ 10 гадоў працягваў працаваць на трактары. Але і ў 65 год мужчына не змог канчаткова пакінуць родную гаспадарку. Кожны год летам, у час уборкі ўраджаю, ён сушыць зерне. Гэты год таксама не стаў выключэннем, а Пятру Паўлавічу вось ўжо 72 гады! Як прызнаецца, не можа ён сядзець без справы. Ды, напэўна, гэта і зразумела, бо ўсё жыццё з дня ў дзень прывыклі рукі да працы і ўжо не могуць без яе. Што датычыцца Пелагеі Феадосьеўны, то яна спачатку таксама сем гадоў працавала ў мясцовым калгасе паляводам. Шмат рознай працы рабілі тады, і ўсё рукамі. А пасля перайшла працаваць ў дзіцячы садок вёскі Радзеж памочніцай выхавальніцы. Так і прапрацавала жанчына ў садку 20 гадоў да самай пенсіі.
У сям’і Пятра і Пелагеі заўсёды была вялікая гаспадарка, якая таксама займала шмат часу. Таму Пётр Паўлавіч, калі зайшла размова аб уласнай гаспадарцы, адразу ж адказаў: “Мне вельмі пашанцавала з жонкай, таму што я заўсёды шмат часу праводзіў на працы, але быў спакойны, што дома ўсё добра. Я ведаў, што Поля з усім справіцца, ды і дзеці былі на ёй, і дом, але яна заўсёды на ўсё знаходзіла час і сілы”. Пелагея Феадосьеўна таксама ў гэтай размове не магла застацца ўбаку: “Ды не, гэта муж у мяне вельмі добры! Заўсёды за ўсё хваляваўся, стараўся зрабіць, каб было лепш. Ён у мяне сапраўдны гаспадар і сапраўдны мужчына. Я ім ганаруся!”
Так прыемна было чуць ад Пятра Паўлавіча і Пелагеі Феадосьеўны такія шчырыя словы ў адрас адзін аднаго. Міжволі злавіла сябе на думцы: напэўна, гэта і ёсць сапраўднае шчасце. Шчасце, для якога не патрэбны грошы, скарбы, а толькі, каб побач быў самы блізкі чалавек. Сёння дзед Пеця і баба Поля таксама не сядзяць без справы. Яны трымаюць немалую гаспадарку, садзяць агарод, а галоўнае жывуць душа ў душу, як і 50 гадоў назад. На пытанне, ці ёсць у іх уласны сакрэт сямейнага шчасця, жанчына адказала: “Ды які там сакрэт! У нас таксама, як і ва ўсіх людзей, былі і нейкія сваркі, але мы заўсёды ўмелі ўступаць адзін адному, давяраць, разумець адзін аднаго. Мы кахалі… Я ўдзячна Богу, што ён падараваў мне такога мужа, бо я за ім, як за каменнай сцяной!”
У Пятра Паўлавіча і Пелагеі Феадосьеўны ёсць два ўнукі, але яшчэ не жанатыя, таму сёння самая запаветная мара дзеда Пятра і бабы Полі – дачакацца праўнукаў. Калі ў людзей ёсць мара, то і будучыня, безумоўна, ёсць таксама. Як прызнаюцца самі юбіляры, 50 гадоў іх сумеснага жыцця праляцелі нібы адно імгненне, а таму і сёння здаецца, што ім толькі крыху больш за 20, а не за 70. Напэўна, гэта і зразумела, бо сапраўднае каханне ўзросту не адчувае.
Анастасія Максімук.
На здымку: Пятро і Пелагея Алесікі.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 29.09.2012 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


http://www.sledoc.com.ua

topobzor.info/doogee-y6-max-3d/

www.avtomaticheskij-poliv.kiev.ua