“Сярод кніг адпачываю душою”

Лёс з Галінай Лаўрэнцьеўнай Украінец мяне звёў амаль 20 гадоў таму. Тады я толькі што закончыў універсітэт і на першае месца працы быў накіраваны ў СШ №3. Галіна Лаўрэнцьеўна выкладала рускую мову і літаратуру, а я – беларускую. Працавалі ў адным класе, дзе яна была яшчэ і класным кіраўніком. Узнікала многа пытанняў і праблемных сітуацый. На іх з радасцю адказвала Галіна Украінец, дапамагала хутка і проста знайсці педагагічнае выйсце з любога цяжкага становішча. Побач з ёю неяк і дыхалася лягчэй, і думалася хутчэй. Яшчэ тады здзіўляла эрудыцыя і начытанасць педагога. А яшчэ тое, што ў Галіны Лаўрэнцьеўны на кожным уроку было многа кніг. Вялікіх, ілюстраваных, у прыгожых вокладках. Дзе яна іх брала?
— У мяне свая вялікая бібліятэка, — неяк прызналася Галіна Украінец. – Калі нейкую кнігу раптам не зной­дзеце, то прыходзьце, пашукаем разам у мяне.
Я ў адказ усміхнуўся, але запрашэнне ветліва прыняў, паабяцаўшы, што калі-небудзь абавязкова завітаю, каб паглядзець. Тады мне здавалася, што ў раённай бібліятэцы можна знайсці любую кніжку, якая патрэбна. Аднак час паказаў, што памыліўся.
Прайшло, напэўна, 16 гадоў. Для работы тэрмінова трэба была адна кніга, выдадзеная невялікім тыражом некалькі дзясяткаў гадоў таму. У раённай бібліятэцы і ў знаёмых яе не было. Чакаць, пакуль заказаная кніга па міжбібліятэчным абанеменце прыйдзе з Мінска, таксама доўга. І тут успомніў запрашэнне Галіны Лаўрэнцьеўны. Патэлефанаваў ёй. У адказ пачуў ветлівы голас:
— Прыходзьце, такая кніга ў мяне ёсць.
Гаспадыня хатняй бібліятэкі сустрэла цёпла. Ад убачанага здзівіўся і аж ахнуў ад захаплення: кніг у Галіны Украінец, напэўна, тысячы з тры.Стаў іх разглядаць. Сістэматызаваныя, у шафах.
— Праходзьце сюды, вось патрэбная вам кніга, — данеслася з суседняга пакоя.
Кнігі Галіна Лаўрэнцьеўна збірае даўно. Любоў да друкаванага слова заклалі бацькі яшчэ ў дзяцінстве. Яны таксама любілі чытаць. А вось уласную бібліятэку мая субяседніца пачала збіраць тады, калі вучылася ў 9 класе.
— Па выніках вучобы за мінулы навучальны год на школьнай лінейцы мяне ўзнагародзілі кнігай, — успамінае Галіна Украінец. – Гэта была “Глыбокая плынь” Івана Шамякіна. У наступных класах за выдатную вучобу таксама заахвочвалі кнігамі. Іх захоўваю да сённяшняга дня. А вось першыя купленыя кнігі набыла пазней. Імі сталі выбраныя творы вершаў Янкі Купалы і Петруся Броўкі.
Паступова Галіна Лаўрэнцьеўна захапілася паэзіяй. Не было і дня, каб не прачытала з дзясятак лірычных твораў розных аўтараў. Яна не толькі многа чытала вершаў, але і завучвала іх на памяць. На сённяшні дзень гэты спіс налічвае каля 110 лірычных твораў.
— З кнігамі не разлучаюся ніколі. Яны – лепшыя спадарожнікі жыцця. Жаданне мець уласную бібліятэку падчас навучання ў Мінскім педагагічным інстытуце імя М.Горкага падтрымалі вядомыя беларускія вучоныя-лінгвісты – Фёдар Янкоўскі і Міхаіл Яўневіч. З імі ў мяне склаліся сяброўскія адносіны. Да гэтага дня захоўваю ў дамашнім архіве паштоўкі, атрыманыя ад іх. Віншаванні абавязкова ў паштовай скрынцы знаходзіла перад надыходам кожнага новага высакоснага года.
— Галіна Лаўрэнцьеўна, у Вас бачу кнігі па мастацтву.
— Так, іх у мяне трошкі ёсць. Захапілася мастацтвам у інстытуце, наведвала нават спецыяльны факуль­татыў і адначасова набывала адпаведную літаратуру. Пераканана, што кожны адукаваны чалавек павінен ведаць сусветныя шэдэўры.
Атрымаўшы дыплом настаўніка беларускай і рускай мовы і літаратуры, маладая настаўніца ўладкоўваецца на працу па спецыяльнасці ў родных мясцінах. Хутка ёй прапаноўваюць пасаду дырэктара Гальцоўскай СШ Столінскага раёна. Згадзілася адразу. Праца падабалася, таму кіравала ўстановай адукацыі 15 гадоў. І ўвесь час набывала кнігі. Вяскоўцы гэтага не разумелі і не раз пыталіся: “Навошта столькі кніжак дома? Хіба толькі імі печку распальваць?” Але Галіна Украінец кожны раз, як толькі бачыла кнігу, якой не было ў хатняй бібліятэцы, купляла. Набывала творы беларускай, замежнай класікі і абавязкова іх прачытвала.
— А для чаго ж тады купляць? Кніга толькі дзеля кнігі? Не, гэта не мой прынцып. Цікавую кнігу абавязкова раіла прачытаць калегам і знаёмым.
У сакавіку 1976г. сям’я Галіны Лаўрэнцьеўны пераязджае на месца жыхарства ў Маларыту. Самае дарагое — сабраныя кнігі — з цяжкасцю ўмясціліся ў кузаў аўтамашыны. У новым доме кнігам адвялі ганаровае месца.
Галіна Украінец, калі працавала загадчыцай райаддзела адукацыі, а пазней і сакратаром райкама партыі па ідэалагічнай рабоце, не пераставала цікавіцца кнігамі і набываць іх. Неяк нават захапілася збіраннем кніжак-малютак. У калекцыі маёй субяседніцы ёсць экзэмпляры памерам 6х9 і 7х9 см, выдадзеныя ў Беларусі. Гэта ў асноўным вершы.
— Галіна Лаўрэнцьеўна, а якіх кніжак больш за ўсё ў Вашай бібліятэцы?
— Безумоўна, мастацкай літаратуры. Ёсць поўныя зборы твораў А.С. Пушкіна, М.Ю. Лермантава, У.У. Маякоўскага, С.А. Ясеніна, А.А.Блока, М.А.Някрасава, І.А. Буніна, А.І. Купрына, М. Горкага, А.П.Чэхава, М.А. Шолахава, Ф.М. Дастаеўскага, трох Талстых… На паліцах маёй бібліятэкі знайшлося месца кнігам класікаў педагагічнай думкі К.Д.Ушынскага, В.А.Сухамлінскага, А.С.Макаранкі, а таксама — з розных серый. Напрыклад, “Жыццё выдатных людзей”, “Бібліятэка сусветнай літаратуры для дзяцей” у 53 тамах, “Праметэй”, “літаратурныя помнікі”, “Бібліятэка прыгод і фантастыкі” і інш. Хатняя бібліятэка таксама налічвае некалькі дзясяткаў экзэмпляраў энцыклапедычнай і даведачнай літаратуры.
— А дзе Вы набывалі кнігі?
— У кнігарнях розных гарадоў. Аднак многія з іх – гэта падпісныя выданні, таму рэдкія.
Кнігі ў Галіны Украінец не пакрываюцца пылам. Яны пастаянна знаходзяцца ў “рабочым” стане. Знаёмыя прыходзяць і бяруць чытаць неабходныя кнігі. Любяць наведаць Галіну Лаўрэнцьеўну і студэнты, асабліва – гісторыкі і філолагі.
— Раней у мяне кніг было больш, — прызнаецца Галіна Лаўрэнцьеўна. – Каля 1,5 тысячы экзэмпляраў падарыла сыну, а таксама – бібліятэкам сярэдніх школ №1 і 3, знаёмым.
— Зараз купляеце кнігі?
— Купляю, а не так часта, як раней. У асноўным набываю мастацкую літаратуру. Мяне цікавіць сучасны літаратурны працэс як сусветны, так і беларускі. На літаратурным Парнасе апошнім часам з’яўляецца многа новых маладых аўтараў. Не магу не пазнаёміцца з іх творчасцю.
Час, праведзены з кнігамі, — адна з лепшых частак майго жыцця. Сярод іх яшчэ і зараз адпачываю душою і знаходжу заспакаенне. Часта перачытваю старонкі любімых твораў, хоць сюжэты іх ведаю на памяць. Мне кніга дапамагае жыць і перамагаць цяжкасці, што ўзнікаюць.
— Якая кніга, на Ваш погляд, самая патрэбная?
— Думаю, што любая з іх, якая выда­дзена, хоць камусьці ды спатрэбіцца. Усе кнігі падзяляю на 2 катэгорыі: тыя, што карыстаюцца попытам у чытачоў, і тыя, што не карыстаюцца попытам.
Р.S. Кнігу, што ўзяў у Галіны Лаўрэнцьеўны, вярнуў праз некалькі дзён. Пры сустрэчы яна падзялілася сваёй радасцю: у хатняй бібліятэцы з’явілася яшчэ 2 новыя кнігі. На гэты раз — сучасных беларускіх аўтараў. Галіна Лаўрэнцьеўна прапанавала і мне іх прачытаць.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Галіна Украінец, адна з тых на Маларытчыне, хто мае цудоўную ўласную бібліятэку.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 3.10.2012 г.

Добавить комментарий


sellmax.com.ua

russ-love.com

https://bestseller-sales.com/best-sellers-movies/romance/
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!