Бульбяное танга Дарапеевіч

Рэкордамі адзначана сёлета бульбяное поле сельгаскааператыва “Дарапеевічы”. У гаспадарцы разводзяць рукамі – куды, маўляў, ураджай яе падзець, бульбасховішча, якое ёсць, увесь не ўмесціць. З паловы плошчаў накапана ўжо тысяча тон. І сапраўды, бульба ўрадзіла на славу: клубні вялікія, некаторыя дасягаюць 700-800 грамаў. Нядаўні выпускнік Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі Сяргей Гатоўчыц, загадчык сховішча, здзіўляецца багатаму ўраджаю: такой бульбы яшчэ не бачыў. Добра, што ёсць пляцоўка пад павецямі, куды ссыпаюць прывезеныя з поля клубні. Яны захаваны ад непагадзі.
У Дарапеевічах пера­каналіся: калі ўжо зай­мацца бульбаводствам, то важна не толькі вырасціць, але і захаваць ураджай, каб правільна з’арыентавацца на рынак. Бульба паступае ў сховішча якасная, мае таварны выгляд.
Сёлета ў гаспадарцы вырошчвалі “другі хлеб” на 100 гектарах. Плошчы павялічаны за кошт перспектыўнага гатунку “скарб”, хаця садзілі і “дэльфін”, і “моллі”. Ура­джайнасць на асобных участках складае да 250 цэнтнераў з гектара. На полі гутарым з галоўным аграномам Таісіяй Кулік, спецыялістам з немалым стажам, якая ведае толк у гэтай справе:
— Бульба сёлета сапраўды парадавала, ураджайнасць, у параўнанні з леташняй, на 70-80 цэнтнераў вышэйшая. Сакрэтаў асаблівых няма. Папя­рэдні­к яе — азімае тры­цікале, унесена дас­тат­кова арга­­нічных угнаенняў, свое­часова апрацавана бульба ад фітафторы, – расказвае Таісія Сяргееўна. – Надвор’е спрыяла. Вось гэта, бадай, галоўныя складаемыя поспеху.
Аднак цяпер, як гаварыла Таісія Кулік, трэба спасцігаць прамудрасці не толькі вырошчвання, але і рэалізацыі гэтай культуры, каб хутка і гібка рэагаваць на патрэбы рынку, беспамылкова пралічваць сітуацыю наперад, яшчэ з вясны, калі клубні кладуцца ў зямлю. Бо ад запатрабаванасці будзе залежаць і цана бульбы, і аб’ёмы яе рэалізацыі.
— Паглядзіце, якія чыстыя клубні. Яны і смачныя. Такімі ж будуць і стравы з іх, — сцвярджала Таісія Сяргееўна, а яшчэ прапанавала просты рэцэпт дранікаў па-дарапеевіцку, якія многім могуць дапамагчы ўспомніць некаторыя прысмакі дзяцінства. Рэцэптам мы падзелімся з нашымі чытачамі.
Нам спатрэбіцца: 5-6 бульбін, 1 вялікая цыбуліна, 1 яйка, 0,5 шклянкі кефіру, мука, сода і соль на смак.
Здрабняем бульбу і цыбулю на тарцы. У атрыманую масу дадаем яйка. Затым соду гасім кефірам. Можна пакласці кулінарны разрыхляльнік. Дадаем 2-3 сталовыя лыжкі мукі і соль. Усё перамешваем. Сакрэт у тым, што нават калі дранікі ахалонуць, яны не страцяць прывабны выгляд і непаўторны смак. А падаваць дранікі па-дарапеевіцку на стол неабходна са смажаным салам, яечняй і смятанай. Толькі ўсе інгрэдыенты разам даюць той незабыўны смак, знаёмы з дзяцінства. Як бачна, гатаваць дранікі вельмі проста, аднак страва атрымліваецца смачнай, сытнай і духмянай. Ёю можна парадаваць і родных, і сяброў, якія раптам завітаюць да вас у госці.
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКАХ:  механізатары Руслан Чаквін і Міхаіл БЛЯДАЙ добрую бульбу ўбіраюць з добрым настроем; Сяргей ГАТОЎЧЫЦ: вось такая наша бульба; галоўны аграном Таісія КУЛІК.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 3.10.2012 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


http://oncesearch.com