Вяртаюць да жыцця

Рэанімацыйнаму аддзяленню райбальніцы — 20 гадоў з дня стварэння.
Прафесія медыцынскага работніка — адна з самых адказных. Бо менавіта ад іх, людзей у белых халатах, часам залежыць не толькі здароўе чалавека, але і яго жыццё.
Як вядома, у бальніцы існуе шмат аддзяленняў, якія маюць сваю адметную спецыфіку працы і лячэння. Але, напэўна, самае значнае і важнае аддзяленне – рэанімацыйнае. Сёлета 1 кастрычніка яно адзначыла 20-годдзе з дня стварэння. Так, 1 кастрычніка 1992 года ў Маларыцкай ЦРБ пачала дзейнічаць свая “рэанімацыя”. Да таго часу ў кожным аддзяленні былі толькі палаты інтэнсіўнай тэрапіі. Але ў поўнай ступені ўвесь комплекс неабходнай дапамогі там хворым аказваць не маглі. Таму і ўзнікла патрэба ў стварэнні спецыяльнага рэанімацыйнага аддзялення. Галоўная задача яго – захаваць жыццё чалавека. Сёння ў рэанімацыйным аддзяленні аказваецца кваліфікаваная тэрміновая медыцынская дапамога, праводзіцца комплекс мерапрыемстваў па рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі хворых. Што і казаць, у 1992 годзе рэаніма­цыйнае аддзяленне значна адрознівалася ад таго, якое яно сёння. Але ўсё ж засталося нешта і нязменным. Да прыкладу, як і 20 гадоў назад, “рэанімацыя” разлічана на 6 ложкаў, а таксама сёння ў аддзяленні працуюць яшчэ людзі, якія тут з першага дня існавання. Гэта ўрач рэаніматолаг –анестэзіёлаг Мікалай Муш, старшая медсястра Жанна Брэер, палатная медсястра Людміла Ярмалюк, санітарка Валянціна Іванюк (на здымку). Увогуле патрэбна адзначыць, што спачатку ў аддзяленні працавала ўсяго толькі 8 чалавек. Гэта ўрач Мікалай Муш, палатныя медсёстры Таццяна Кузьміч, Жанна Брэер, Людміла Ярмалюк, Валянціна Бялкова, санітаркі Валянціна Іванюк, Таццяна Цыганкова, Ірына Дуль. Сёння ўсе яны таксама працуюць у медыцыне. Але час не стаіць на месцы, і кожны год персанал крыху мяняўся. Многія з тых, хто пачынаў сваю працоўную дзейнасць у рэанімацыі, цяпер займаюць больш высокія пасады, як намеснік галоўнага ўрача Анжэла Марчанка ці старшая медсястра паліклінікі Таццяна Кузьміч альбо ўрач акушэр-гінеколаг абласной бальніцы Валянціна Бялкова. Ну, а тыя, хто вымушаны быў звольніцца з рэанімацыі па розных сямейных абставінах, скажам, у сувязі з пераменай месца жыхарства, на працу ў бальніцы ў іншых гарадах уладкоўваліся абавязкова ў рэанімацыйнае аддзяленне, дзе і цяпер працуюць.
У 2000 годзе ў аддзяленні адкрыўся другі сястрынскі пост, і пачало працаваць адразу 8 медсясцёр. Сёння калектыў рэанімацыйнага аддзялення – гэта 20 чалавек, пяць з якіх урачы, а менавіта – загадчык аддзялення Сяргей Шугала, Мікалай Муш, Наталля Саўчук, Уладзімір Януль і Яўген Бяляеў. Большасць медработнікаў працуюць з 2000-2001 гадоў. Усе яны кожны дзень выратоўваюць людзям жыццё, даглядаюць цяжкахворых.
У 2008 годзе ў аддзя­ленні былі праведзены капітальны рамонт і рэканструкцыя. Як адзначае ўрач Мікалай Муш, сёння ўмовы працы ў рэанімацыйным аддзяленні сталі нашмат лепшыя. Па-першае, тут ёсць сучасная апаратура, якая дазваляе даглядаць хворых людзей, таксама ёсць увесь неабходны набор аднаразовага стэрыльнага расходнага матэрыялу, а раней такога не было. Патрэбна было самім усё стэрылізаваць.
Старшая медсястра Жанна Брэер, якая, паўтаруся, працуе ў “рэанімацыі” з першага дня, адзначае: “Сёння працаваць лягчэй, чым раней. Зараз за станам здароўя хворага мы сочым па маніторах, а некалі праз кожную хвіліну патрэбна было самому мераць ціск, пульс. За 20 гадоў якасць аказання медыцынскай дапамогі значна ўзрасла, і гэта вельмі радуе. Калі раней часта хворых адпраўлялі на Брэст, то сёння комплекс рэанімацыйных мерапрыемстваў можна праводзіць ужо на месцы”.
Таксама патрэбна адзначыць, што аддзяленне дастаткова часта займала прызавыя месцы ў конкурсе-аглядзе на лепшае структурнае падраздзяленне. А яшчэ медыкі з рэанімацыйнага заўсёды ўдзельнічаюць і ў спартыўных мерапрыемствах, якія праводзяцца сярод устаноў аховы здароўя. Калі пазнаёмілася з калектывам аддзялення, зразумела, што гэта людзі сапраўды адданыя сваёй справе, якія ў любую хвіліну, калі патрэбна, могуць пакінуць усе асабістыя справы дзеля таго, каб выратаваць жыццё чалавека. І ўмеюць рабіць усё неабходнае для лячэння хутка, адукавана і зладжана, як было летась, калі напярэдадні Вялікадня здарылася страшная аварыя ў нас у раёне на перакрыжаванні.
Урач Мікалай Муш пажадаў, каб ніхто з нас ніколі не трапляў у рэанімацыю. А для гэтага патрэбна простая адказнасць кожнага з нас. Бо вельмі часта людзі, якія знаходзяцца на лячэнні ў рэанімацыйным аддзяленні, трапляюць туды з-за сваёй бяспечнасці.
Нам жа ў сваю чаргу хочацца пажадаць калектыву рэанімацыі надзейнага здароўя, спакойных начэй, дабрабыту ў сям’і, цяпла і любові ад блізкіх.
Анастасія Максімук.
На здымку: медработнікі, якія стаялі ля вытокаў стварэння аддзялення.
Фота Алега Крэмянеўскага.

Опубликовано в «ГЧ» 3.10.2012 г.

Добавить комментарий


купить аккумулятор в Запорожье
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!