“Педагагічная паэма” Міхаіла Алексеюка

1
Па-рознаму пішуцца кнігі. Адны аўтары працуюць над тэкстамі ноччу, другія – раніцай. Ёсць і такія, хто творчасці аддаецца цалкам толькі ў выхадныя дні. А Міхаіл Алексяюк, сам таго не заўважаючы, гэта рабіў штодзень, з месяца ў месяц, з году ў год. Шмат часу ён аддаў напісанню кнігі свайго жыцця. І не надакучвала яму такая, здавалася б, аднастайная, манатонная справа, а прыносіла задавальненне і асаблівую асалоду. І толькі 31 жніўня гэтага года дапісаў апошні сказ свайго твора і паставіў кропку.
— Так атрымалася, што ў Год кнігі завяршыў працу над сваім творам, — кажа Міхаіл Васільевіч. – Можна ўжо і выдаваць маю “Педагагічную паэму”. Толькі атрымалася яна вельмі ж аб’ёмнай. 32 тамы налічвае. Кожны том — год маёй дзейнасці на пасадзе дырэктара Радзежскай СШ. На старонках паэмы ўмясцілася, бадай, усё. Маё жыццё ў ёй як на далоні. Нічога не схаваў і не прытаіў. Факты, падзеі, здарэнні – сапраўдныя. За тры дзясяткі гадоў, шчыра прызнаюся, былі падзенні і ўзлёты, хвіліны расчаравання і шчасця. Было нялёгка, але здрадзіць любімай справе не мог. Ды і дзеці, якіх вучыў, не адпускалі. Без іх пытанняў, адказаў, дапытлівых і цікаўных вачэй не мог пражыць і дня.
Перагорнем з дазволу Міхаіла Алексеюка і мы некаторыя старонкі яго паэмы.
2
— Педагог – інжынер чалавечых душ, — гаворыць Міхаіл Васільевіч. – Ён фарміруе чалавека, спрабуе вылепіць з таго, што ёсць, сапраўднага грамадзяніна і патрыёта. У рэшце рэшт, канчатковая мэта школы – падрыхтаваць вучня да самастойнага жыцця, дапамагчы яму з’арыентавацца ў няпростым свеце, па-сапраўднаму і трывала стаць на ўласныя ногі. А ці лёгка гэта зрабіць сёння? Неймаверна цяжка, але можна. А для гэтага неабходна ўсё дэталёва прадумаць, узважыць. У працэсе выхавання дробязі ні ў чым не можа быць. Гэта – маё педагагічнае крэда, якога прытрымліваўся ўсе 42 гады працы на педагагічнай ніве.
— А што самае галоўнае ў працы настаўніка, на Ваш погляд?
— Тое, чаго на свае ўласныя вочы не ўбачыш! Любоў вучня да настаўніка. Такое не купляецца і не прадаецца. Гэта можна толькі адчуць, зразумець, ды і то не адразу, а з цягам часу. Бо кожны вучань, кажучы вобразна, — раяль. Калі кранеш яго ласкава, умела, прафесійна, тады і гукі музыкі пальюцца дзіўныя і цудоўныя. Калі ж дакранешся груба, цяжка, тады будзе толькі піск, шум. Гармонія знікне. Прыгажосць будзе бяздумна знішчана. Так і ў стасунках з тымі, каго вучыш. Дзіця ніколі не раскрыецца перад настаўнікам чэрствым, “мёртвым” у адносінах да яго. Каб вынік быў, кожнага вучня трэба любіць, як сваё дзіця. Нават самага дрэннага. Але ж і яго неабходна зразумець, знайсці прычыну яго ўчынкам і паводзінам. Любога вучня я лічыў асобай, імкнуўся зразумець яго настрой і ніколі не рабіў паспешлівых вывадаў.
3
Міхаіл Алексяюк нарадзіўся ў сялянскай сям’і на Камянеччыне. З трох дзяцей быў самым старэйшым. Неўзабаве пасля яго з’яўлення на свет дзяржаўную мяжу СССР па нейкіх прычынах змянілі. Іх вёска Хлевішчы апынулася ў складзе Польшчы. Таму ў Міхаіла Васільевіча польскае пасведчанне аб нараджэнні.
— Вяскоўцы былі супраць такога павароту падзей. Яны сталі пісаць лісты ва ўсе інстанцыі з просьбай вярнуць вёску назад, у Савецкі Саюз. Дайшлі нават да вышэйшага тагачаснага кіраўніцтва. Праз некалькі месяцаў змагання за права называцца грамадзянамі краіны Саветаў, дзяржаўную мяжу ўсё ж перанеслі назад на 1 км. Хлевішчы зноў сталі савецкімі.
Міхаіл у школе вучыўся на “4” і “5”. Але асабліва ўпадабаў геаграфію і гісторыю. Імкнуўся вывучыць не толькі тое, што ў падручніку напісана, але і прачытаць дадатковую інфармацыю ў іншых кнігах. З падручнікам хлопца можна было ўбачыць паўсюль. Кнігі ў школьнай і вясковай бібліятэцы ён перачытаў па некалькі разоў. Таму за новымі творамі наведваўся ў іншыя бібліятэкі.
— На веласіпедзе, а часта і пешшу я дабіраўся ў іншыя вясковыя бібліятэкі дзеля таго, каб там узяць пачытаць нешта новае, — успамінае Міхаіл Алексяюк. – За 10 км ехаў за кнігаю. Калі новы твор, які яшчэ не чытаў, трапляў у мае рукі, то гэта было сапраўдным святам і шчасцем.
4
Міхаіл марыў стаць выдатным токарам і не раз уяўляў, як будзе стаяць за станком. Акрамя таго, на базе школы, дзе ён вучыўся, быў філіял вучэбна-вытворчага камбіната. Там юнак набыў спецыяльнасць трактарыста. Падабалася яму гэтая прафесія. Бацькам неяк прагаварыўся пра свае планы на будучае. Яны іх не адобрылі, а сказалі, што ў Міхаіла, які добра вучыцца, адна дарога – у ВНУ. Бацькам не стаў пярэчыць.
Канчаткова з будучай прафесіяй Міхаіл Васільевіч вызначыўся ў выпускным класе. На яго выбар паўплываў настаўнік геаграфіі Аляксандр Янчук, чалавек начытаны, эрудзіраваны. На яго і хацелася стаць падобным.
Пасля заканчэння сярэдняй школы хлопец паступае ў Брэсцкі дзяржаўны педагагічны інстытут. Ён вырашыў усё ж прысвяціць сябе прафесіі настаўніка.
— У час уступных іспытаў здаваў 3 экзамены, — прыгадвае Міхаіл Алексяюк. – Геаграфію, хімію і пісаў сачыненне па рускай літаратуры. У білеце па геаграфіі, памятаю, былі пытанні пра Антарктыду і Далёкі Усход СССР. З 15 магчымых балаў набраў 13.

5
З дыпломам спецыяліста на першае месца працы Міхаіл Васільевіч прыехаў у Мельніцкую школу. З пачатку навучальнага года стаў тут выкладаць хімію і тэхнічную працу. У Мельніцкай школе пазнаёміўся з Ларысай Васільеўнай, сваёй будучай жонкай, якая тут вучыла дзяцей біялогіі. Затым была служба ў арміі, а пасля лёс закінуў у Радастаўскую СШ Драгічынскага раёна. Год працаваў педагогам-арганізатарам і 3 гады – дырэктар школы. Па сямейных абставінах у 1979г. сям’я Алексеюкоў пераязджае на Маларытчыну, у Лукаўскую школу. Праз год Людміла Гумінская, тагачасны загадчык РАНА, і Сцяпан Бажко, намеснік старшыні райвыканкама, прапанавалі пасаду дырэктара Радзежскай СШ.
— Давялося згадзіцца, — усміхаецца мой субяседнік. – А пасля аб гэтым ні разу так і не пашкадаваў. З 1 верасня 1980 года стаў дырэктарам. Калі б хто тады сказаў, што буду кіраваць школай аж 32 гады, не паверыў бы. Апошні дзень на гэтай пасадзе працаваў 31 жніўня 2012 года.
6
1980 год і 2012 год. Паміж гэтымі дзвюма датамі розных стагоддзяў мноства адрозненняў. Таму сваю дзейнасць на паса­дзе дырэктара школы Міхаіл Васільевіч дзеліць на 2 перыяды, якія ўмоўна называе: савецкі і постсавецкі, беларускі.
— Міхаіл Васільевіч, чым запомніўся кожны з іх?
— Памятнага многа. Можна прыгадаць, напрыклад, некаторыя падзеі.
Да майго прыходу Радзежскую школу 20 гадоў узначальваў Вікенцій Куцера. А пасля разам са мною ён працаваў яшчэ 5 гадоў і быў намеснікам. Вось у Вікенція Рыгоравіча і прайшоў сапраўдную школу сталення і станаўлення, хоць небагаты вопыт ужо меў. У першыя гады майго дырэктарства пачаў стварацца музей Баявой славы. Давесці яго да ладу я папрасіў свайго сябра Анатоля Бурака, кіраўніка літаратурна-краязнаўчага музея Дастоеўскай сярэдняй школы Іванаўскага раёна. У Радзежы ён прабыў 2 тыдні. За гэты час зрабіў вельмі многае: музей набыў годны выгляд.
Цесныя сувязі ў школе завязаліся і з мясцовым калгасам “1 Мая”, які тады ўзначальваў Казімір Лапіч.Міхаіл Васільевіч заўсёды знаходзіў падтрымку ў Казіміра Віктаравіча практычна па ўсіх пытаннях.
Часта Казімір Лапіч у спартыўнай зале школы праводзіў вячэрнія нарады. Пасля вырашэння надзённых пытанняў са спецыялістамі, тут жа пачыналіся трэніроўкі. Разам былі настаўнікі і аграномы, заатэхнікі і эканамісты…
7
— А нейкія незвычайныя сітуацыі былі?
Міхаіл Алексяюк прыгадаў сярэдзіну 80-ых гадоў мінулага стагоддзя. Быў месяц люты. Якраз тады ў школе закончыўся вугаль. Яго не было нават у райпалівазбыце. І Міхаіл Васільевіч вырашыў паехаць за вугалем на Украіну, а дакладней – на адну з шахт Львоўска-Валынскага басейна. У райвыканкаме гэта адобрылі. У райсельгастэхніцы далі 4 машыны. На шахту накіравалі загадчыка гаспадаркі Сцяпана Лукіча. Ён, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, начапіў на грудзі ўсе свае медалі і ордэны. Так і паехаў. Машын не было ажно 3 дні. А пасля яны вярнуліся з 20 тонамі вугалю. Зіму вучні зімавалі ў цяпле.
Неяк Міхаіл Васільевіч паехаў у Брэст за фарбай для школы. У абласным аддзеле забеспячэння ён узяў 200 кг. Пазней высветлілася: забраў тое, што выдзялялася на ўсе ўстановы адукацыі раёна. Аднак фарба засталася ў школе.
— Неяк у лютым ветрам здула дымавую трубу. У аддзеле адукацыі дапамагчы не змаглі. Не было грошай. Вырашаць пытанне аператыўна давялося самому. Стаў шукаць новую трубу. Яе і спецыялістаў, якія згадзіліся ўстанавіць, выпадкова знайшоў у адным пагран­атрадзе. Уся паслуга каштавала адну тысячу рублёў. Па гэтым часе – гэтая значная сума. Я паабяцаў заплаціць, хоць у мяне грошай не было. Пайшоў прасіць старшыню калгаса. Ён згадзіўся выручыць.
8
Радзежская школа заўсёды ішла ў нагу з часам. Па ініцыятыве дырэктара ва ўстанове адукацыі з’явілася нават новая форма гаспадарання. Настаўнікі стварылі кааператыў па вырошчванні памідораў. Працавалі самааддана, таму і ўраджай быў высокім. Сваю прадукцыю збывалі не толькі ў раёне. Часта вазілі прадаваць на Украіну. Таму мелі добры прыбытак.
А яшчэ Радзежская школа славілася сваёй дагледжанай і прыгожай тэрыторыяй. Дзякуючы намаганням Ларысы Васільеўны, настаўніцы біялогіі, жонкі Міхаіла Васільевіча, пастаянна вёўся догляд за 16 елкамі блакітнымі, 8 піхтамі белымі, лістоўніцай, 5 туямі, 20 кустамі ядлоўцу казацкага раскідзістага, шматлікімі хвоямі…
— А яшчэ мы, напэўна, першыя ў раёне, — кажа Міхаіл Алексяюк, — ля школы высадзілі 100 кустоў руж. Было прыгожа, шыкоўна, і ўсе вяскоўцы былі ад гэтага ў захапленні.
9
Пасля распаду СССР хваля дэмакратыі дакацілася і да школы.
— Было дазволена пераводзіць вучняў у наступны клас нават тады, калі за год яны па прадметах атрымалі двойкі, — прыгадвае Міхаіл Васільевіч. –Нават мяне, дырэктара школы, выбіралі на сходзе працоўнага калектыву. Праўда, такое практыкавалася нядоўга. Наогул у першыя гады дэмакратыі школа была прадастаўлена сама сабе. Аднак выніковасць працы пры гэтым не знізілася. Вучні як паступалі ў ВНУ, так і працягвалі паступаць. Савецкая школьная сістэма была адной з перадавых у свеце, а традыцыі, якія закладзены ў яе аснову, у многім перадавыя і прагрэсіўныя.
10
— Міхаіл Васільевіч, што Вас асабліва радуе, а што – засмучае?
— Радуюць вучні і іх дасягненні. У нашай школе заўжды былі пераможцы алімпіяд, не толькі раённага ўзроўню. Асаблівы гонар – тыя выпускнікі, якія сталі выкладчыкамі ВНУ. Напрыклад, Алег Такарчук зараз выкладае ў БрДУ імя А.С. Пушкіна. Ён -кандыдат геаграфічных навук, дацэнт кафедры геаграфіі Беларусі. Іван Сацук — старшы выкладчык кафедры нямецкай мовы з методыкай выкладання ў гэтай жа ВНУ. Яшчэ адзін выпускнік школы – Валерый Касьянік – працуе ў БДТУ.
Добрыя ў школе і паказчыкі паступлення ў ВНУ. Напрыклад, у 2010 г. 72% вучняў сталі студэнтамі, у 2011 г. – 82%.
Засмучае тое, што ў школе змяншаецца колькасць вучняў. 32 гады таму ў Радзежскай школе навучалася 280 чалавек, у 1999 г. – ужо менш за сто, а ў 2012-2013 навучальным годзе за парты села толькі 79 вучняў.
11
Педагагічная дзейнасць Міхаіла Алексеюка адзначана не адной узнагародай рознага ўзроўню. Аднак самай галоўнай, якую ён атрымаў, лічыць жонку Ларысу Васільеўну, з якой ужо 40 гадоў разам. Менавіта дзякуючы ёй, Міхаіл Васільевіч стаў тым, кім быў і ёсць.
…Перагорнута апошняя старонка “Педа­гагічнай паэмы” Міхаіла Алексеюка. Яна пахне пакуль свежымі чарніламі. А сам Міхаіл Васільевіч яшчэ жыве думкамі пра школу. Яму нязвыкла сядзець без справы. Таму па старой завядзёнцы ён ранкам з першымі пеўнямі прачынаецца. Ведае, што на працу ў школу ісці не трэба. Але яна, школа, не адпускае, вабіць, кліча. Цяжка і немагчыма забыць тое, чаму прысвяціў больш чым палову свайго жыцця.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: у Міхаіла Васільевіча і яго жонкі Ларысы Васільеўны на дваіх стаж працы ў школе складае 86 гадоў.
Фота  аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 6.10.2012 г. 

Добавить комментарий


www.iwashka.com.ua

посмотреть nissan-ask.com.ua

make-up.kiev.ua/makiyash.html
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!