Галоўнае — культура абслугоўвання

На гадзінніку 12.30. У паштовай скрынцы ўжо ёсць свежыя газеты і часопісы. Я здзівіўся і не паверыў нават, бо так рана карэспандэнцыя жыхарам нашай вуліцы, што знаходзіцца на Лазках, рэдка калі дастаўлялася. Калі б такое было толькі раз, то падумаў бы, што гэта выпадковасць. Але заўтра і паслязаўтра паўтарылася тое ж самае.
— На вашым участку працуе Ніна Корань, — кажа Святлана Піпко, намеснік начальніка райвузла паштовай сувязі. – Гэта яе заслуга. Ніна Іванаўна — адна з лепшых паштальёнаў у нас. Між іншым, у нас у штаце 34 паштальёны, з іх у горадзе – 5.
“Свежая” пошта ў Маларыту паступае ў 7.50, а ў 8.05 яе пачынаюць развозіць.. Самыя аддаленыя пункты для дастаўкі – Дарапеевічы, Радзеж. Наогул райвузел абслугоўвае 78 населеных пунктаў раёна, 44 з іх ахоплены мотадастаўкай.
— Святлана Аляксееўна, які спектр паслуг аказвае раённы вузел паштовай сувязі?
— Прасцей, напэўна, пералічыць, якіх паслуг мы не аказваем (смяецца). Белпошта сёння – гэта хуткі спосаб данесці інфармацыю па канкрэтным адрасе. Мы прымаем аплату за навучанне, наведванне дзіцячых садкоў, ахову кватэр, паслугі медыцынскія і інтэрнэт-правайдэраў. У нас можна даць аб’яву ў газету, застрахаваць маёмасць і транспартныя сродкі, перавесці грошы. Прымаем і міжнародныя адпраўленні ў 200 краін свету і інш. У нас таксама з’явілася новая паслуга «По пути».
— Напэўна, на вёсцы менш паслуг прапаноўваеце сваім кліентам?
— Не, на сённяшні дзень яны такія ж, як і ў горадзе. 9 нашых аддзяленняў у аграгарадках таксама маюць выхад у Інтэрнэт.
— Святлана Аляксееўна, а закрываць на вёсцы аддзяленні сувязі не плануеце?
— Пакуль не, таму што няма такой неабходнасці. Аднак у снежні 2011 года з-за нерэнтабельнасці давялося закрыць аддзяленне сувязі ў в. Дубічна.
— Раней пошта аказвала насельніцтву не так і многа паслуг. Сёння гэты спіс значна ўзрос. Дык без чаго нельга ўявіць работніка райвузла паштовай сувязі?
— Прагрэс зрабіў значны крок наперад. Цяпер без ведання камп’ютара і Інтэрнэта працаваць якасна практычна немагчыма. Новыя тэхналогіі значна аблегчылі працу, але адначасова яны патрабуюць адпаведных уменняў і навыкаў. Таму нашы спецыялісты пастаянна займаюцца самаадукацыяй, працуюць над павышэннем сваёй прафесійнай кампетэнцыі.
— Ці не зменшылася колькасць падпісчыкаў на раённую газету”?
— Не, на ІV квартал яна нават узрасла. Мы раім “” выпісваць, паколькі ў кіёсках “Белсаюздруку” яна можа каштаваць намнога даражэй. “Раёнка” сёння – самая чытаемая газета на Маларытчыне. Яе падпісны тыраж складае 3650 экзэмпляраў, у той час як абласной газеты “Заря” — 705 экзэмпляраў, “Народнай трыбуны” – 263.
***
Святлана Піпко пасля заканчэння 8 класаў Высокаўскай школы паехала вучыцца ў Брэсцкае СПТВ-51, каб набыць спецыяльнасць аператара сувязі.
— Святлана Аляксееўна, хто выбіраў гэтую навучальную ўстанову для Вас?
— Сама. У вёсцы была толькі васьмігадовая школа. Сярэднюю адукацыю можна было набыць толькі ў Лукаўскай СШ. А туды, здаецца, у адзін бок 6 км. І кожны дзень на заняткі трэба пешшу ісці ці ехаць на веласіпедзе. Падумаўшы, прыняла рашэнне пайсці куды-небудзь вучыцца, каб адразу набыць і спецыяльнасць. Бацькі не былі супраць.
Атрымаўшы дыплом і спе­цыяльнасць ”Аператар сувязі, сартавальнік паштовых адпраўленняў і выданняў друку”, Святлана Аляксееўна 5 гадоў працавала падменным аператарам сувязі ў аддзяленнях сувязі раёна. Пазней была пераведзена на пасаду інструктара па падпісцы, затым — старшага інструктара. Адначасова, каб павысіць сваю кваліфікацыю і прафесійны ўзровень, закончыла Мінскі тэхнікум сувязі, а ў 1998г. паступіла ў ВНУ. У 2002 годзе набыла спецыяльнасць “Інжынер сувязі”. 17 сакавіка 2008 г. Святлана Піпко стала намеснікам начальніка РВПС.
— Святлана Аляксееўна, якія рысы характару найперш хочацца Вам бачыць у падначаленых, што самае галоўнае ў Вашай рабоце?
— Праца з людзьмі лічыцца самай цяжкай. Нам важна кліента абслужыць хутка, якасна і культурна, так, каб яму яшчэ захацелася да нас прыйсці. Культура зносін у апошні час выходзіць на першае месца. Для тых, хто працуе на пошце, найперш павінна быць характэрна адказнасць, прынцыповасць, пунктуальнасць.
Мікалай Навумчык.
На здымку: Святлана Піпко, намеснік начальніка райвузла паштовай сувязі.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 6.10.2012 г.

Добавить комментарий


DJI T600 Inspire 1
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!