Хаціслаўскім ліпам — 200 гадоў

Прыгожыя месцы ёсць усюды, але кожны чалавек павінен ведаць у першую чаргу, дзівосныя прыродныя куточкі на яго малой радзіме. Маларытчына – край цікавы і непаўторны. Шмат чаго ў ім ёсць яшчэ нязведанага, таямнічага і да канца не разгаданага і вывучанага. Нам ёсць чым ганарыцца. Апошняе таму пацвярджэнне – на Маларытчыне рашэннем райвыканкама створаны батанічны помнік прыроды мясцовага значэння “Хаціслаўскія ліпы”. Ён знаходзіцца ў в.Хаціслаў паміж дамамі №№ 9 і 11 на вуліцы Камсамольскай. Батанічны помнік прыроды займае плошчу 400 кв.м, на ім растуць 4 сэрцападобныя ліпы, узрост якіх каля 200 гадоў. Такія ліпы для Беларусі з’яўляюцца рэдкасцю.
— Наогул, любы помнік прыроды ўяўляе сабой тэрыторыю, якая ахоўваецца і на якой размяшчаецца рэдкі аб’ект жывой ці нежывой прыроды, — гаворыць Віктар Заруба, вядучы спецыяліст раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. – Да таго ж любы помнік прыроды з’яўляецца ўнікальным з навуковага, культурнага, гісторыка-мемарыяльнага або эстэтычнага пункту гледжання. Згодна з класіфікацыяй, выдзяляюць некалькі тыпаў: геалагічныя, батанічныя, заалагічныя, гідрагеалагічныя, гідралагічныя і комплексныя ахоўныя прыродныя тэрыторыі. Безумоўна, мы абавязаны захаваць гэты дзіўны куточак прыроды ў Хаціславе для будучых пакаленняў. У той жа час неабходна выкарыстаць яго ў рэкрэацыйных мэтах, каб кожны мог прыйсці і судакрануцца, палюбавацца гэтай прыгажосцю і гармоніяй прыроды. Нагадаю, што на тэрыторыі Маларыцкага раёна існуе 4 біялагічныя заказнікі: “Лукава”, рэспубліканскага значэння (створаны ў 1994 г.); “Гусак” (1989 г.) і “Хмялёўка” (1995 г.), мясцовага значэння. У 2011 г. на карце Маларытчыны з’явіўся яшчэ адзін аб’ект, тэрыторыя, што асабліва ахоўваецца, – новы біялагічны заказнік мясцовага значэння “Арэхаўскі”.
Праектуемы помнік прыроды з’яўляецца часткаю інтэр’еру былой Ануфрыеўскай царквы на могілках. Сам храм быў пабудаваны (магчыма, перабудаваны) ў 1812 г. на вясковых могілках. Яны з цягам часу былі зачынены. Пазней на могілках дазвалялася рабіць пахаванні толькі для царкоўнаслужачых, апошняе з якіх датуецца 1917 г. У 1963 г. Ануфрыеўскі храм на могілках перастаў дзейнічаць, а ў 1990-я гады напаўразбураны культавы будынак быў разабраны і перанесены за межы вёскі на могілкі, якія дзейнічаюць сёння. Астанкі служыцеляў царквы ў 2006 г. былі перанесены на дзеючыя могілкі. Да гэтага часу з мінулых насаджэнняў храмавага двара захавалася алея ліп, 2 грабы звычайныя, дуб чарэшчаты і вярба белая.
У тым, што створаны батанічны помнік прыроды “Хаціслаўскія ліпы”, вялікая заслуга Сяргея Саўчука, навуковага супрацоўніка інстытута эксперыментальнай батанікі імя В.Купрэвіча Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, які зараз працуе над дысертацыйным даследаваннем “Флора Брэсцкага Палесся”.
-У нашай краіне такіх ліп ёсць мала, — гаворыць Сяргей Сяргеевіч. – На сённяшні дзень яны знаходзяцца ў спісе адных з самых старэйшых па ўзросце ў Беларусі. Тут жа побач расце і дуб, якому прыблізна 400 гадоў. Раней, як расказвала мая бабуля Праскоўя Іаўна Пішчык, на гэтым месцы яшчэ стаяла капліца і знаходзіліся вясковыя могілкі. Дрэвы,што растуць на вуліцы Камсамольскай у маёй роднай вёсцы, сапраўды ўнікальныя. Таму і ўзнікла неабходнасць стварэння тэрыторыі, якая асоба ахоўваецца дзяржавай.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Сяргей Саўчук на тэрыторыі “Хаціслаўскіх ліп”.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 10.10.2012 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий