Міжнародная гастроль

Духавы аркестр СШ №2 пад кіраўніцтвам Барыса Фуксона прыняў удзел у фестывалі духавой музыкі. Мерапрыемства прайшло на базе Палапскай СШ Любомльскага раёна Валынскай вобласці (Украіна) і было прымеркавана да 35-годдзя з дня ўтварэння аркестра Любомльскага Дома школьніка. На ўрачыстасць прыехалі і 110 чалавек, якія ігралі ў калектыве за ўвесь час існавання. На фестывалі прысутнічала кіраўніцтва раённай і прадстаўнікі абласной дзяржаўнай адміністрацыі.
— Барыс Сямёнавіч, як вы туды трапілі?
— Нас запрасілі як даўніх сяброў. Усё пачалося ў 2000 годзе. Тады наш аркестр на Дзень Незалежнасці іграў у парку Дружбы на мяжы 2 краін. Выступалі тут і калегі з Любомля. Мы пазнаёміліся. З таго часу сталі падтрымліваць цесныя адносіны.Праўда, цяпер сустрэчы сталі больш рэдкімі. Аднак спрабуем, як і раней, пры магчымасці наведваць адзін аднаго і сыграць прыгожую музыку. Гэта ўзбагачае, з’яўляецца своеасаблівым штуршком для далейшага прафесійнага росту.
Для гасцей маларытчане да дня юбілею падарылі 3 творы розных жанраў. Усе музычныя нумары былі сыграны на “біс”. Сваё майстэрства на ўкраінскай зямлі паказвалі: Віктар Галавей, Андрэй Бурда, Яўгенія Наўрасюк, Яўгеній Чэкан, Сяргей Караткевіч, Маргарыта Троц, Аляксандр Валодзін і Андрэй Крыштаповіч. Акрамя таго, Барыс Фуксон даў інтэрв’ю Валынскаму тэлебачанню з нагоды юбілею духавога аркестра Любомльскага Дома школьніка. Кіраўнік рады запрасіў да ўдзелу ва ўсіх ўрачыстасцях і конкурсах духавой музыкі, якія будуць праходзіць на тэрыторыі Валынскай вобласці.
— Мы прапанову прынялі з вялікім задавальненнем, — гаворыць Барыс Фуксон. – Гэтае запрашэнне – прызнанне таленту як усяго калектыву, так і асобных яго музыкантаў.Падбярэм рэпертуар і будзем рыхтавацца, каб выступіць годна.
— А што Вас найбольш здзівіла на Украіне?
— Вельмі ўразіў той факт, што на тэрыторыі Любомльскага раёна дзейнічае ажно 11 духавых аркестраў. Хацелася б, каб і на Маларытчыне было створана больш такіх калектываў.
Р.S. Гэтай гастролі не адбылося б, калі б не намаганні Любові Куц, дырэктара СШ №2. Менавіта Любоў Васільеўна зрабіла ўсё магчымае для таго, каб духавы аркестр пад кіраўніцтвам Барыса Фуксона пабываў на Украіне.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Барыс Фуксон (злева) і некаторыя ўдзельнікі духавога аркестра СШ №2.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 10.10.2012 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.