У імя міру і стабільнасці

Маларытчына – край перакрыжавання народаў, моў, культур, рэлігій. Гэта ўсё настолькі цесна пераплецена паміж сабой, што часам і размежаваць цяжка і немагчыма.
— Рэлігійная сітуацыя ў рэгіёне ўстойлівая, прагназуемая і кіруемая, — расказвае Сяргей Строк, начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама. — За апошні час не адзначана ніякіх канфесіянальных супярэчнасцей. Палітыка дзяржавы ў гэтай сферы накіравана на падтрыманне і ўмацаванне міру і згоды ў грамадстве, узаемадзейнічанне з гістарычна традыцыйнымі канфесіямі.
На тэрыторыі Маларыцкага раёна зарэгістравана 21 рэлігійная суполка. Аднак вядучае месца ў жыцці рэгіёна займае Беларуская Праваслаўная царква. На Маларытчыне яна прадстаўлена 15 прыходамі. Хутка ў гэтым спісе, магчыма, з’явіцца яшчэ адна. У стадыі рэгістрацыі знаходзіцца новаўтвораны прыход г. Маларыты. Пасля завяршэння ўсіх неабходных працэдур пачнецца будаўніцтва ў райцэнтры новага храма ў імя Маларыцкага абраза Божай Маці, тэрыторыя пад які ў хуткім часе будзе вызначана і ўзгоднена з адпаведнымі дзяржаўнымі органамі.
— Сяргей Іванавіч, якія яшчэ суполкі ёсць на Маларытчыне?
— У рамках заканадаўства дзейнічаюць яшчэ наступныя суполкі: 4 – хрысціян веры евангельскай, 1 — рымска-каталіцкая, 1 — евангельскіх хрысціян-баптыстаў, таксама дзейнічае група вернікаў, якая не зарэгістравана ва ўстаноўленым парадку. За апошні час не адзначана ўзрастанне актыўнасці вернікаў. Праведзенае чарговае сацыялагічнае апытанне паказала, што рэзкага ўзрастання рэлігійнасці сярод насельніцтва раёна не адбываецца.
— Колькі на тэрыторыі раёна культавых збудаванняў?
— Іх не вельмі многа. На сённяшні дзень на тэрыторыі раёна дзейнічае 15 праваслаўных храмаў, адзін касцёл, дзе сваё служэнне нясуць 15 праваслаўных светароў і адзін каталіцкі ксёндз. На месцах кожная суполка мае сваё асобнае кіраўніцтва. Хрысціяне веры евангельскай богаслужэнні праводзяць згодна з рашэннем райвыканкама ў 4 жылых дамах, 3 з якіх належаць рэлігійным суполкам, адзін – прыватнай асобе. Суполка евангельскіх хрысціян-баптыстаў сваё служэнне праводзіць у прыватным доме. У раёне налічваецца 4 прасвітары царквы ХВЕ, адзін прасвітар царквы ЕХБ. Прадстаўнікі кожнай канфесіі і веравызнання маюць свае нядзельныя школы. Напрыклад, у мінулым навучальным годзе іх было 19, дзе займалася 417 дзяцей рознага ўзросту. Хочацца яшчэ дадаць, што 7 праваслаўных храмаў занесены ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. Гэта цэрквы ў г. Маларыта, вёсках Гвозніца, Дарапеевічы, Ляхаўцы, Олтуш, Хаціслаў, Чарняны.
— Сяргей Іванавіч, як дзяржава кантралюе выкананне заканадаўства рэлігійнымі суполкамі на тэрыторыі раёна?
— У райвыканкаме створана спецыяльная камісія садзейнічання кантролю за выкананнем заканадаўства аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях, якая праводзіць пасяджэнні раз у квартал. На іх разглядаюцца розныя пытанні, у прыватнасці, у бягучым годзе ўжо абмеркаваны пытанні аб этнаканфесійнай сітуацыі ў раёне, добраўпарадкаванні тэрыторыі вакол культавых збудаванняў, пажарнай бяспекі, супрацоўніцтва ўстаноў адукацыі з праваслаўнымі прыходамі. Прымалася рашэнне аб змене назвы праваслаўнай рэлігійнай суполкі ў в.Лукава, аб дазволе на правядзенне масавых мерапрыемстваў, а таксама іншыя пытанні.
Неабходна дадаць, што многа дзяржаўных устаноў, арганізацый, прадпрыемстваў праводзяць мерапрыемствы ў рамках Пагаднення аб супрацоўніцтве з праваслаўнай царквой. Актыўна ў гэтым накірунку працуюць тэрытарыяльны Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, установы адукацыі, цэнтральная раённая бальніца. Таксама наладжваецца работа па супрацоўніцтву з каталіцкай суполкай “Звеставанне Пана”.
— Ці ёсць на сённяшні дзень на тэрыторыі раёна дэструктыўныя секты?
— Такіх утварэнняў няма, але маюць месца выпадкі, калі да нас прыязджаюць прадстаўнікі такіх сект з іншых рэгіёнаў. Таму ўсім неабходна быць уважлівымі і абачлівымі.
На здымку: Сяргей Строк, начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама.

Опубликовано в «ГЧ» 10.10.2012 г.

Добавить комментарий


www.best-cooler.reviews/

plasticsurgery.com.ua

showroom-kiev.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!