Дакрануцца дабрынёй

У бібліятэцы в. Дарапеевічы ў рамках абласнога месячніка міласэрнасці сумесна са школай была праведзена акцыя “Дакраніся да мяне дабрынёй”. Бібліятэкар Святлана Мікалаеўна Трацюк разам з вучнямі 6, 8, 9-ых класаў наведалі пажылых, адзінокіх і інвалідаў. Акрамя віншаванняў з Днём пажылых людзей, яны прапанавалі сваю дапамогу па гаспадарцы. Усе, каго наведвалі, былі вельмі ўдзячны за такую ўвагу да іх.
У сувязі з надыходзячым святам – Днём настаўніка, школьнікі пабывалі ў гасцях і ў ветэранаў педагагічнай працы Івана Серафімавіча і Марыі Пракопаўны Міранюкоў, уручылі ім ад калектыву школы невялікі падарунак і павіншавалі.
Усе, да каго ў той дзень заходзілі, сустракалі вучняў з радасцю, выказвалі словы падзякі за тое, што іх не забываюць.
Цяпер ужо сярэдзіна восені, і ў кожнага вясковага чалавека шмат клопатаў: трэба сабраць з поля ўраджай, нарыхтаваць дровы, падрыхтаваць да зімовых маразоў жыллё. Нам, маладым, нельга забываць пра тое, што ў вёсцы жывуць людзі, якія некалі аддавалі нам цяпло сваіх рук, вучылі быць добрымі і сумленнымі.Няхай гэта не нашы бацькі, настаўнікі ці блізкія родзічы, але ж і ім патрэбна ўвага. Не паляніцеся хоць на хвіліначку заехаць ці зайсці да іх, пацікавіцца, ці не патрэбна ім ваша дапамога, альбо проста шчыра павітацца. Паверце, яны будуць настолькі шчаслівыя, што на вачах з’явяцца слёзы радасці. Слёзы, якія не маюць цаны.
Дзяніс ТРАЦЮК.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 10.10.2012 г.

Добавить комментарий


https://velotime.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!