ТРАГЕДЫЯ БОРАК У СЭРЦЫ МІХАІЛА ЯРМАЛЮКА

1. “Не дай Бог каму-небудзь такое перажыць”
…Пад’ехалі да вёскі Старыя Боркі і адразу здалося, што тут і сёння кожны кавалачак зямлі, кожны камень, кожнае дрэва, кожная травінка напоўнены болем, журбою і смуткам па тых 75-ці мірных жыхарах, што ў верасні 1942 года былі расстраляны фашыстамі. Здаецца, і сёння тут чуюцца крыкі дзяцей, жанчын, старых… Здаецца, і сёння тут зямля па-ранейшаму мокрая ад слёз людскіх і крыві.
…81-гадоваму Міхаілу Захаравічу Ярмалюку, аднаму са старэйшых жыхароў вёскі Старыя Боркі, у 1942 г. было 11 гадоў. Але ён памятае ўсё да драбніц. Як загадалі ісці на сход, не кажучы праўду, што на расстрэл; як дарослыя дзядзькі неслі ў руках рыдлёўкі, не ведаючы, што самі сабе будуць капаць магілу; як наўзрыд плакалі жанчыны і немым крыкам крычалі дзеці; як нямецкі вартавы, а ён аказаўся чалавекам добрай душы, дапамог выратавацца іх сям’і, у якой было сямёра чалавек: пяцёра дзяцей і бацькі (жылі на хутары і ўдалося схавацца). Памятае, як страшна было ім, малым, калі сядзелі ў траве ў агародзе і баяліся, каб ніхто не ўбачыў; памятае, як доўга не маглі прыйсці ў сябе тыя, хто цудам выратаваўся.
— Мы насілі і будзем насіць у сваіх сэрцах, у памяці падзеі таго жудаснага вераснёўскага дня, — расказвае Міхаіл Захаравіч. – Вам уявіць гэта цяжка, а ў маіх вушах і сёння стаяць страшныя крыкі землякоў, іх стогны, плач і выстралы, пасля кожнага з якіх некага з вяскоўцаў ужо не было. – Мне здаецца, — гаварыў Міхаіл Захаравіч, — што і дрэвы, якія тады былі сведкамі страшнай расправы, перасталі з таго часу расці. Яны такія ж, як і 70 гадоў таму назад. Не дай Бог каму-небудзь такое перажыць.

2. Мудры і кемлівы ад прыроды
— Пасля вайны мне ўдалося закончыць толькі адзін клас школы, — успамінае мой субяседнік. – Але табліцу множання вывучыў і ведаў добра.
Калі стварыўся калгас, Міхаіла Захаравіча ўзялі працаваць на ферму, бо ведалі, што ён будзе добрым работнікам. Рос жа ў вялікай сям’і, дзе культам была праца. Да таго ж, юнак меў не толькі залатыя рукі, але і быў ад прыроды кемлівым. Пазней, маючы за плячыма 1 клас адукацыі, Міхаіл Заха­равіч рызыкнуў паступіць у Пінскі сельскагаспадарчы тэхнікум. Завочна закончыў яго і атрымаў адпаведную сельскагаспадарчую спецыяльнасць, дзякуючы чаму на працягу 20 гадоў паспяхова спраўляўся з абавязкамі загадчыка фермы. А калі ферма перастала дзейнічаць, яго перавялі на работу вагаўшчыком.
— Ніколі не карыстаўся лічыльнікамі, — кажа Міхаіл Захаравіч. – У памяці мог усё памножыць, падзяліць, скласці ці вылічыць, у мяне была добрая памяць.
Што гэта так, сведчыць і яшчэ адзін факт: Міхаіл Захаравіч ніколі не запісваў у блакнот ці на паперу нумары тэлефонаў сваіх знаёмых і блізкіх.
— Прыкладна сто нумароў было ў мяне ў памяці. Цяпер прыкладна 50 яшчэ памятаю. Калі ў блакнот запішаш, можна выпадкова згубіць, а калі ў памяці, не згубіш.

3. І кухар, і касец
14 гадоў таму назад у Міхаіла Захаравіча памерла жонка. Цяпер жыве сам. Гаспадарку не трымае, хаця толькі 5 гадоў таму назад прадаў карову. Колькі трымаў, столькі сам яе і даглядаў, і даіў. Нават жонцы не даваў, каб гэта рабіла.
Часта да Міхаіла Захаравіча наведваюцца дачка Люба і ўнукі з праўнукамі. І кожны раз яны ў захапленні ад страў, якія ён добра ўмее гатаваць.
— Боршч мой усе любяць, — кажа Міхаіл Захаравіч. – Бо такога смачнага ніхто не наварыць, а ён у мяне сапраўды вельмі смачны атрымліваецца. У арміі калі служыў, гатаваць добра навучыўся, на кухні працаваў.
І касу ніхто так не настроіць, як Міхаіл Захаравіч.
— Неяк былы старшыня мясцовага калгаса Васіль Іванавіч Максімчук, — успамінае дзядуля, — прыязджае да мяне і кажа: “Захаравіч, касу мне адкляпай”. А я яму адказваю: “Дык, можа, у Макранах каго-небудзь знайшлі б? Так далёка ехалі да мяне”. А ён адказвае: “Навошта некага шукаць, калі ведаю, што ты надзейна зробіш”.

4. Юрыдычна правільна. А па-чалавечы?..
Ён, Міхаіл Захаравіч Ярмалюк, хто шмат чаго пабачыў на сваім жыццёвым шляху, шмат што перажыў, мудры і разумны, разважлівы і кемлівы ад прыроды, ніяк не можа зразумець толькі аднаго: чаму нашы заканадаўцы нярэдка прымаюць законы, якія рэальна далёкія ад жыцця? Вось хаця б такі – закон “Аб абароне правоў спажыўцоў”. Згодна з арт. 18 яго спажывец, у дадзеным выпадку 80- ці 90-гадовыя дзядуля альбо бабуля, абавязаны заключаць дагавор з камунальнай службай на аказанне асноўных жыллёва-камунальных паслуг. Паслуга па вывазу і абясшкоджванню цвёрдых бытавых адходаў у адпаведнасці з пералікам асноўных жыллёва-камунальных паслуг, зацверджаных пастановай Савета Міністраў РБ ад 27 студзеня 2009 г., з’яўляецца адной з асноўных і прадастаўляецца ў абавязковым парадку. Пісьмова ад заключэння дагавора згодна з Законам можна адмовіцца толькі ў тым выпадку, калі ёсць тэхнічная магчымасць гэтую паслугу канкрэтна не аказваць.
Калі ж грамадзянін не заключыў дагавор і сам паціху выносіць ці вывозіць смецце, арт. 15.63 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях прадугледжвае за такія дзеянні адміністрацыйнае пакаранне – папярэджанне ці штраф у памеры ад 5 да 50 базавых велічынь.
Юрыдычна ўсё правільна. Як правільна і тое, што перад законам усе павінны быць роўныя і што ўсе мы і кожны з нас павінны клапаціцца аб чысціні.
Толькі давайце паглядзім на гэты Закон з другога боку, не юрыдычнага.
Напэўна, ніхто з зака­надаўцаў добра не ведае, што ў вёсках, падобных Старым Боркам, цяпер засталіся і дажываюць свой век у асноўным тыя, каму больш за 70, 80, а то і 90 гадоў. Ці гожа нам, іх дзецям і ўнукам, каму яны падарылі жыццё, выхоўваць старых рублём, забіраючы яго з пенсіі, заробленай добрасумленнай працай? Ці гожа нам прымушаць іх, перажыўшых вайну, голад і смерць блізкіх, лішні раз хвалявацца і перажываць?
Ірына КАСЦЕВІЧ.
в. Старыя Боркі.
НА ЗДЫМКУ: Міхаіл Захаравіч ЯРМАЛЮК — адзін з тых нямногіх, каму ў верасні 1942 г. Богам было дадзена выжыць.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 10.10.2012 г.

Добавить комментарий


別れさせ屋 成功 http://xn--48jm9l298kivk3xn9wl.com
купить аккумулятор Мариуполь

farm-pump-ua.com/
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!