Хто запасы папоўніць, хто ўдачу паспытаць…

Калі б мы маглі, быццам кінематаграфічную стужку, адматаць гісторыю на многія стагоддзі назад, абавязкова заўважылі б, што для нашых далёкіх продкаў кірмаш быў сапраўдным святам. Купцы з розных краін пераадольвалі тысячы кіламетраў, каб прапанаваць свой тавар, набыць нешта экзатычнае і прывезці гэты цуд у свае мясціны. З таго часу змянілася многае, але ж сэнс слова “кірмаш” і настрой, з якім людзі ідуць за пакупкамі, ніколькі не страцілі сваёй добрай энергетыкі.
Яшчэ не паспелі сонечныя промні прабрацца праз шэрыя хмары, якія закрылі ўначы ўсё неба, а над Маларытай пачала панаваць ужо святочная атмасфера. З усіх куточкаў раёна з’ехаліся ў горад гандляры. Хто з бульбай і морквай, хто з капусткай і буракамі, хто з цыбуляй і памідорамі — прывезлі сюды ўсё, чым узнагародзіла зямля-матухна працавітых гаспадароў за плённую працу на працягу ўсяго года. Удзел у кірмашы прынялі і сельгаспрадпрыемствы раёна, і фермерскія гаспадаркі, і проста прыватнікі — адным словам, усе, хто вырашыў падзяліцца добрым ўраджаем гародніны. Жыхары горада ў чаргу выстройваліся за бульбай, што прапаноўваў СВК “Ляхаўцы”, на вачах размяталі цыбулю і капусту ў сям’і фермераў Карабейка-Шыгалёвых. Знайшла свайго пакупніка і прадукцыя, якую прапаноўвалі СВК “Лукава”, “Гвозніца”, “Ланская”. З асабістага падворку гародніну прывезлі на кірмаш сем’і Хатынюкоў і Саўчукоў са Збуража. Па тым, як актыўна змяншалася колькасць гародніны на гружаных “ураджаем” машынах, можна было зрабіць вывад, што цэнавая планка трымалася на ўзаемавыгадным узроўні. Бульбу можна было набыць па 1000 рублёў за кілаграм, капуста і цыбуля каштавалі 2000-2500 рублёў, а морква — ад 1500 да 1900.
— На моркву ў нас самая нізкая цана, таму амаль усю ўжо распрадалі. Добра купляюць і капусту, — распавядала Надзея Наумчык з вёскі Дрочава. Разам з мужам Іванам яны прывезлі на кірмаш вырашчаную на арандаванай зямлі гародніну і засталіся задаволеныя попытам гараджан.
Стрэлкі на га­дзінніку наблі­жаліся да паловы дзявятай гадзіны, а машыны, якія размясціліся на пляцоўцы ля новага гандлёвага цэнтра па вул. Школьнай, былі ўжо напалову пустымі. Можна зрабіць вывад, што маларытчане з самага ранку паспяшаліся папоўніць свае запасы свежай гароднінай, каб паспець пабываць яшчэ на кірмашы ў цэнтры горада.
У той час вуліцу Савецкую райцэнтра было ўжо не пазнаць. Яе ўпрыгожылі выставы, што арганізавалі гарадскія школы, раённая гімназія, Цэнтр народнай творчасці, тэрытарыяльны Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і Цэнтр дадатковага навучання дзяцей і моладзі. Прадстаўнікі кожнай установы запрашалі да сваіх прылаўкаў, час­тавалі прыгатаванымі ласункамі, прапаноўвалі набыць рэчы, зробленыя рукамі дзяцей і ўмелых майстроў. Многія жыхары горада надоўга затрымліваліся ля стэн­даў СШ №1, дзе размяс­цілася выстаўка “Наш горад учора і сёння”.
Маларыту, можна ска­заць,проста ўсеялі гандлёвыя кропкі. Танней, чым у магазіне, можна было набыць мясную і рыбную прадукцыю, мёд і хлебабулачныя вырабы. Між іншым, хлебапёкі Маларыцкага райспажыўтаварыства ў чарговы раз здзіві­лі жыхароў горада сапраўд­нымі кандытарс­кімі шэ­дэўрамі – ад хлебнага доміка да пернікаў у выглядзе казачных пер­санажаў. Нават і не верылася, што ўсё гэта было зроблена з цеста. З кулічнага дрэва так і хацелася сарваць здобны сюрпрыз, а выпечанае сэрцайка не адмовілася б атрымаць у падарунак, напэўна, ніводная дзяўчына. На ўсе гэтыя цудоўныя вырабы можна было паглядзець, а потым, пры жаданні, і набыць у гандлёвай лаўцы.
Свята захапіла ўвесь горад, а пах шашлыкоў так і заманьваў падсілкавацца на свежым паветры.
Не абышлося і без вострых адчуванняў азарту, якія надавалі бяс­пройгрышная латарэя з вельмі цікавымі прызамі і вясёлыя гульні для дзетвары. Таму ніхто не аспрэчыць: кірмаш у чарговы раз удаўся на славу!
***
У той дзень у горадзе прайшоў таксама ХХІХ Маларыцкі Міжнародны марафон, у якім прыня­лі ўдзел спарт­смены не толькі з нашай краі­ны, але і з Расіі, Украіны. Абсалютнымі пераможцамі яго сталі сярод мужчын барысаўчанін Вадзім Буднік, сярод жанчын — брэстаўчанка Алена Шумік.
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.
НА ЗДЫМКАХ: у час кірмашу.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 10.10.2012 г.

Добавить комментарий


http://chemtest.com.ua

http://www.biceps-ua.com

https://dekorde.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!