Ляўша па жыцці

У аддзяленні паштовай сувязі “Маларыта-3” райцэнтра давялося аплачваць камунальныя паслугі. Ля акенца ўтварылася невялічкая чарга. Аператар сувязі Вольга Ярмалюк кліентаў абслугоўвала хутка і ветліва. Што ж тут дзіўнага? Звычайная і штодзённая праца. Аднак я звярнуў увагу на тое, што Вольга Віктараўна ручку трымала ў левай руцэ. Няўжо ляўша?
-Так, — прызналася дзяўчына.–Згодна з падлікамі, у свеце недзе 10-12% людзей, якія з’яўляюцца ляўшамі, я – у іх ліку. У жыцці гэта мне ніяк не перашкаджае. Леварукімі, напрыклад, былі Напалеон, Моцарт, Бетховен, Гётэ, Чарлі Чаплін, Марк Твэн, а з сучасных знакамістасцяў – Анжаліна Джолі, Пол Маккартні, Дэвід Боуі…
У многіх мовах свету слова «левы» мае сінонімы «фальшывы», «няшчыры», «той, які выклікае падазронасць». Аднак гэтага нельга сказаць у дачыненні да Вольгі, бо яна – жыццярадасны чалавек, які поўны станоўчых эмоцый. Усмешка на вуснах Вольгі, што рэдка з іх знікае, — знак добрага настрою і аптымізму.
— У нашай сям’і я — адна ляўша, — кажа Вольга. – Бацькі на гэты конт не перажывалі, не перавучвалі. З самага дзяцінства мне чамусьці заўсёды было прасцей нешта браць у левую руку. Тое ж самае было, калі наведвала дзіцячы садок, пазней — у час вучобы ў школе і каледжы. Левай рукой і цяпер я не толькі пішу, але і шыю, вышываю, ем, гартаю старонкі. Мне зручна. Я 5 гадоў наведвала секцыю па гандболу. У гэтым відзе спорту такая мая “ручная” асаблівасць нават дапамагала.
— Вольга, існуе думка, што калі ляўша зойдзе ў незнаёмы пакой, то абавязкова, азіраючыся, спачатку павернецца ў левы бок. Гэта так?
— Не, напэўна, хоць я на гэта ніколі не звяртала ўвагі.
— 13 жніўня – Сусветны дзень ляўшэй. Ці адзначаеце яго неяк?
— Сябры напамінаюць пра гэта, тэлефануючы і прысылаючы эсэмэскі. І сёлета 13 жніўня была на працы, таму на рабочым месцы асабліва не было калі і падумаць пра такую дату, хоць яе памятала. На першым месцы – кліенты.
Галіна Пажыдаева, настаўніца СШ №2, класны кіраўнік Вольгі Ярмалюк, прыгадала, што дзяўчына старанна адносілася да вучобы і прымала актыўны ўдзел у грамадскім жыцці класа.
— А яшчэ, памятаю, — гаворыць Галіна Яўгенаўна, — што ў Вольгі быў прыгожы і роўны почырк. Не раз у класе паказвала вучням яе сшыткі як узор. Каліграфічна, разборліва, акуратна былі напісаны ўсе дамашнія і класныя работы, прыемна было ўзяць у рукі і яе дзённік. У мінулыя часы людзі з такім почыркам станавіліся летапісцамі.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Вольга Ярмалюк пераканана, што леварукасць ні ў чым не перашкаджае ў жыцці.
Фота аўтара.

 Опубликовано в «ГЧ» 13.10.2012 г.

Добавить комментарий


www.sellmax.com.ua

www.ford.niko.ua

www.ka4alka.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!