Яе любоў не ведае межаў

Надзяляючы жанчыну шчасцем мацярынства, Бог дае ёй і вялікае сэрца. У ім умяшчаецца мора любві, дабрыні, пяшчоты, цяпла, каб іх хапіла для ўсіх сваіх дзяцей і на ўсё жыццё. Бог умацоўвае і духоўныя сілы жанчыны-маці, каб яна змагла пераадольваць двайны цяжар: і свае беды, і беды дзяцей.
А мы, нават калі ўжо і самі бацькі, і ўбеленыя сівізною, усё роўна ідзем за дапамогаю да яе, ра­зам з ёй шукаем выратаванне ад жыццёвых нягод, чакаем яе мудрай і шчырай парады. І ўпэўнены, што ў любой жыццёвай сітуацыі, якой бы складанасці яна ні была, маці нам ніколі не здрадзіць. Яна – наша заступніца, добрая фея, якая ўмее ўсё дараваць і ўсё зразумець.
10 дзяцей нарадзіла і выгадавала разам з мужам Надзея Фядосаўна Чаквін з в. Заор’е: 6 сыноў і 4 дачок. Не знойдзецца, напэўна, такога чалавека, хто скажа, што дзяцей гадаваць лёгка, а тым больш – дзесяць.
— Галадаць не галадалі, — успамінае Надзея Фядосаўна, — а вось спаць не было дзе, акрамя як на падлозе, бо хата ў свёкра і свекрыві, з якімі мы тады жылі, была невялікая. Але ў цеснаце, як кажуць, не ў крыўдзе. Не сварыліся і мы са свекрывёю і свёкрам. Яны мне маіх бацькоў замянілі, дзяцей гадаваць дапамагалі. І не толькі, калі разам жылі, але і пасля, калі мы пераехалі жыць у сваю, вось гэтую, больш прасторную хату. Толькі сонца ўзыдзе, а свёкар — ужо ў нас. Забіраў малых да сябе, каб мы маглі на работу пайсці. Ён добра ведаў, што такое вялікая сям’я, бо ў іх сям’і было 13 дзяцей.
Сёння ў прасторным доме, дзе вельмі чыста і ўтульна, ужо не чуваць дзіцячых галасоў. Хіба толькі тады, калі ў госці да Надзеі Фядосаўны прыязджаюць яе ўнукі, якіх ажно 12. Дзеці павырасталі, раз’ехаліся хто куды. Між іншым, кожны з Чаквінаў, хто мае свае сем’і, заўважала На­дзея Фядосаўна, трымае ўласную гаспадарку. Балазе, упраўляцца з хатняй жыўнасцю кожны навучыўся яшчэ ў дзяцінстве, калі дапамагалі бацькам. Ды і Надзея Фядосаўна і сёння мае на падворку і кароўку, і свіней.
— Хоць у іх і сваё ўсё ёсць, мне прыемна частаваць дзяцей і ўнукаў хатнім, мацярынскім, — кажа Надзея Фядосаўна. — А ў госці ж прыязджаюць, няхай і не вельмі часта. Алена, дык тая сёлета за тысячы кіламетраў, ажно з Серпухава прымчала з сям’ёй на машыне, каб дапамагчы мне бульбу выкапаць.
— Перажывала я, дарога ж такая доўгая, цяжка ёй было столькі кіламетраў ехаць, цяжарная ж. А яна мяне супакойвае, маўляў, нам жа, мама, цябе шкада, ды і пабачыцца хацелася, даўно ж не бачыліся.
Надзея Фядосаўна не магла нахваліцца і зяцем, Аленіным мужам. Сам гарадскі, а прыедзе ў вёску – і за работу. Спачатку не атрымлівалася, — кажа Надзея Фядосаўна, — але хто хоча нешта ўмець рабіць, той навучыцца. Навучыўся і ён і касіць, і араць.
Надзея Фядосаўна расказвала пра сваіх дзяцей, унукаў, і ў вачах яе бачыліся то радасць, то сум. Так, калі дзецям нашым добра, і нам на душы лёгка, і на сэрцы спакойна, і мы смяемся і плачам ад шчасця, а калі бяда – і наша сэрца баліць.
— Па радыё часта спяваюць песню пра маці: “Я приеду к тебе, моя мама, поцелую морщинки твои. Пусть проносятся годы упрямо, только ты, моя мама, живи”, — кажа Надзея Фядосаўна. — Калі чую яе, заўсёды плачу. Думаю, як усё ж добра, калі ў дзяцей ёсць маці, на свеце ім тады лягчэй жыць, бо здаецца, што абаронены ад усялякай бяды.
***
Надзея Фядосаўна Чаквін за мацярынскі подзвіг была ўдастоена высокіх урадавых узнагарод. Яна мае медаль “Мацярынства” І і ІІ ступеняў, ордэны “Мацярынская слава” ІІІ, ІІ і І ступеняў, ордэн “Маці-гераіня”. Таму справядліва, што яна атрымлівае пенсію за асобыя заслугі.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
в. Заор’е.
НА ЗДЫМКУ: маці-гераіня Надзея Фядосаўна ЧАКВІН.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 13.10.2012 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.