ЯК ВАЖНА ЧУЦЬ І БЫЦЬ ПАЧУТЫМ

Пастаянныя стрэсы, няўпэўненасць у заўтрашнім дні, здрада каханага, страта дарагога чалавека, канфлікты ў сям’і, адзінота, непаразуменне, праблемы фізічнага здароўя, страта сэнсу жыцця – усё гэта напрамую ці ўскосна можа стаць падставай для прыняцця вельмі страшнага рашэння – па сваёй волі развітацца з жыццём. Але крок да самазабойства чалавек робіць толькі тады, калі застаецца непачутым, калі маўклівы крык аб дапамозе, які выражаецца праз трывожныя паводзіны, так і застаецца без увагі.
Зрабіць крок да паразумення, навучыць падлеткаў у дробязях заўважаць важнае — менавіта такой была мэта арганізатараў мерапрыемства – спецыялістаў тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і работнікаў гарадскога Дома культуры, якія запрасілі на размову “па душах” вучняў раённай гімназіі. Тэма гэтай размовы датычылася вельмі важных паняццяў: шчасця і бяды, радасці і расчаравання, жыцця і смерці. І пачалася сустрэча з вельмі жыцце­сцвярджальнага кроку – юнакі і дзяўчаты пакідалі на белым аркушы свае меркаванні, тым самым аддаючы голас за жыццё.
— Беларусь уваходзіць у дзясятку тых краін, дзе вельмі высокі ўзровень суіцыду. Сёлета ў Брэсцкай вобласці зарэгістравана ўжо больш за 140 выпадкаў самазабойстваў, летась за год гэтая лічба склала – 160. Па ўласнай волі за 7 месяцаў гэтага года пайшло з жыцця і 7 жыхароў Маларыцкага раёна, — канстатавала школьнікам сумную статыстыку урач-валеолаг райбальніцы Вольга Кавалеўская.
Быць уважлівымі да сваіх сяброў і аднакласнікаў, своечасова біць трывогу, заўважыўшы нейкія змяненні ў паводзінах, прыходзіць на дапамогу ў вырашэнні нават самых, здавалася б, нязначных праблем, раіла яна падлеткам, падкрэсліваючы, што любыя праблемы дапамогуць вырашыць дабрыня і час.
Вядучыя праграмы прапаноўвалі школьнікам адшукаць выйсце з многіх складаных жыццёвых сітуацый, выклікалі юнакоў і дзяўчат на шчырую размову, прапаноўвалі вызначыць сваю ступень трывожнасці з дапамогай спецыяльнага тэсту. А артысты гарадскога Дома культуры сваімі прыгожымі песнямі ўносілі долю пазітыву ў атмасферу сур’ёзнай гутаркі, узнімалі настрой, пераконвалі падлеткаў, што лепшы сродак ад дэпрэсіі – музыка.
Разам з тым школьнікі пазнаёміліся і з такімі метадамі, як святлотэрапія, колератэрапія, ароматэрапія і медытацыя, з дапамогай якіх можна ўзняць настрой.
Напрыканцы сустрэчы ўдзельнікі яе змаглі запісаць у свае блакноты нумар тэлефона даверу тэрытарыяльнага Цэнтра – 2-25-63. Патэлефанаваўшы на яго, кожны жыхар раёна можа разлічваць на падтрымку, паразуменне і дапамогу.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у час сустрэчы.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 17.10.2012 г.

Добавить комментарий


https://medicaments-24.com

steroid-pharm.com/

ディテール
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!