КАБ НЕ БЫЦЬ У ПАЛОНЕ АГНЮ

З 1 кастрычніка, як вядома, праходзіць месячнік пажарнай бяспекі з мэтай прафілактыкі пажараў у асенне-зімовы перыяд.
Што ў плане мерапрыемстваў, якой катэгорыі грамадзян будзе надавацца першачарговая ўвага, ці ўсе правільна разумеюць выпісаныя супрацоўнікамі райаддзела па надзвычайных сітуацыях прадпісанні, ці заўсёды стараюцца іх выканаць, якія меры пакарання прадугледжаны за ігнараванне патрабаванняў правілаў пажарнай бяспекі – гэтыя і іншыя пытанні карэспандэнт рэдакцыі высвятляла ў начальніка райаддзела МНС Мікалая ДУБАЧА.

— Мікалай Паўлавіч, апішыце, калі ласка, сітуацыю з пажарамі ў раёне за 9 месяцаў г.г.?
— За 3 кварталы г.г. у раёне зарэгістравана 37 пажараў, што прыкладна на такім жа ўзроўні, як за адпаведны перыяд мінулага года. Найбольш пажараў зарэгістравана на тэрыторыі Макранскага сельсавета (11) і ў Маларыце (6), прычым колькасць іх тут вырасла ў 2,7 і 2 разы адпаведна.
На жаль, трэба канстатаваць, што ў час пажараў 1 чалавек загінуў.
Як станоўчы, трэба адзначыць той факт, што сёлета прыкметна зменшылася колькасць пажараў у жыллі грамадзян, у той час, як колькасць іх павялічылася ў гаспадарчых пабудовах, гаражах і малых збудаваннях.
— Мікалай Паўлавіч, Вы адзначылі, што ў Макранскім сельскім Савеце колькасць пажараў вырасла больш чым у 2 разы. Чым гэта можна растлумачыць?
— Думаю, што адна з прычын – недастатковая прафілактычная работа. І хоць усе пажары былі нязначныя, яны ўсё роўна даюць права меркаваць, што да свядомасці людзей яшчэ не дайшло, якую пагрозу тоіць у сабе ігнараванне патрабаванняў работнікаў МНС.
— Цяпер у раёне праводзіцца месячнік пажарнай бяспекі, пачынаецца ацяпляльны сезон. На што больш за ўсё звяртаецца ўвага ў час рэйдаў?
— План мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў рамках месячніка, зацверджаны ў райвыканкаме. Хачу сказаць, што ў іх задзейнічана ўсё насельніцтва раёна разам з зацікаўленымі службамі і арганізацыямі, бо план аб’ёмны, ён даведзены да кожнай з арганізацый і ўстаноў, вызначаны адказныя, асноўныя выканаўцы гэтых мерапрыемстваў і тыя, хто будзе каардынаваць работу.
Вялікі аб’ём работы трэба выканаць сельвыканкамам, упраўленню па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, аддзелу адукацыі і інш.
Хачу выказаць словы падзякі начальніку райаддзела адукацыі Таццяне Міхайлаўне Лаўрэенка за тое, што заўсёды правільна разумее функцыі нашай службы і пад яе кіраўніцтвам заўсёды ва ўсіх установах адукацыі раёна своечасова і добрасумленна выконваюцца тыя патрабаванні, якія прад’яўляюцца ў прадпісаннях.
Найбольшая ўвага, як запісана ў плане мерапрыемстваў, ўдзяляецца неспрыяльным сем’ям і шматдзетным, бо, згодна са статыстыкай, 70-80% людзей, якія гінуць у час пажараў, — з неспрыяльных сем’яў.
Між іншым, грамадзянін, які загінуў у час пажару ў нас у раёне, таксама быў з гэтай катэгорыі, хаця нашы інспектары не раз былі ў яго дома, гутарылі з ім, папярэджвалі, прасілі, але гэта ніякіх вынікаў не дало.
— Мікалай Паўлавіч, якія прычыны пажараў у нас у раёне можна назваць асноўнымі?
— Гэта неасцярожнае абыходжанне з агнём (35% ад агульнай колькасці); парушэнне правілаў пажарнай бяспекі пры эксплуатацыі цеплагенеруючых устройстваў (25); пры эксплуатацыі электраабсталявання (19%); дзіцячае свавольства з агнём (8%).
— Яшчэ адна сацыяльна слабая катэгорыя – адзінокія састарэлыя. Вашы работнікі бываюць у іх дома, правяраюць, як абаронена іх жыллё ад пажараў. Як самі грама­дзяне на гэта рэагуюць?
— Гэтай катэгорыі грамадзян у нас у краіне надаецца асаблівая ўвага. Ды і ў нас у раёне наладжаны шматузроўневы кантроль за ўмовамі, у якіх жывуць адзінокія састарэлыя людзі. Іх праблемамі цікавімся не толькі мы, але і кіраўнікі мясцовай улады, работнікі тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, інспекцыі энерганагляду і г.д., якія выяўляюць домаўладанні, дзе неабходны безадкладны рамонт печаў, замена пажаранебяспечнай электраправодкі, патрэбна ўстанавіць аўтаномны пажарны апавяшчальнік, прымаюць меры па ліквідацыі выяўленых недахопаў.
Хачу сказаць, што самі грамадзяне з разуменнем адносяцца да нашых патрабаванняў, клапоцяцца аб мерах бяспекі і, адпаведна, добрасумленна выконваюць тыя прадпісанні, якія ім пішуць работнікі супрацьпажарнага нагляду. Хто можа, той ліквідуе недахопы па меры сваіх уласных магчымасцей, ну, а калі каму не хапае ўласных сродкаў, на дапамогу прыходзіць дзяржава. У райвыканкаме для такіх зарэзерваваны спецыяльны фонд.
— Мікалай Паўлавіч, якія меры пакарання прадугледжаны заканадаўствам за ігнараванне правілаў пажарнай бяспекі і колькі грамадзян было сёлета пакарана?
— Згодна з адміністрацыйным Кодэксам за парушэнне правілаў пажарнай бяспекі прадугледжана адміністрацыйнае пакаранне – папярэджанне ці штраф да 30 базавых велічынь. 80 грамадзян такую адказнасць сёлета панеслі. Скажу, што такую меру пакарання, як штраф, мы выкарыстоўваем вельмі і вельмі рэдка. У большасці выпадкаў стараемся пераканаць людзей, і да многіх наша слова даходзіць.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: начальнік райаддзела МНС Мікалай ДУБАЧ.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 17.10.2012 г.

Добавить комментарий


www.ford.niko.ua

steroid-pharm.com

Этот важный веб портал с информацией про автополив газона http://poliv.ua/
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!