ІГОЛКА І НІТКІ ЗАМЕСТ АКВАРЭЛІ

У раённай бібліятэцы адкрыта выстаўка вышытых карцін Андрэя Палянскага.
Калі ў зале не хапае месцаў для гледачоў, у творчым асяродку кажуць: быў перааншлаг. Гэтае паняцце добра знаёма акцёру Брэсцкага тэатра лялек Андрэю Палянскаму. І ўсё ж вялікая колькасць гледачоў, якія прыйшлі ў раённую бібліятэку на выстаўку-прэзентацыю яго вышытых работ, здзівіла нават самога Андрэя. Між іншым, з тых, хто завітаў у чытальную залу бібліятэкі, каб пазнаёміцца з захапленнем майстравітага земляка, які цяпер жыве ў Брэсце, ніхто не пашкадаваў аб патрачаным часе, бо госці прэзентацыі трапілі на сапраўдную творчую сустрэчу.
— Да Новага года заставалася некалькі дзён, а я ўсё не мог вызначыцца, што падарыць сваёй дзяўчыне. Хацелася, каб гэта было нешта незвычайнае, арыгінальнае. “Падкінутая” маім настаўнікам ідэя зрабіць сваімі рукамі вышыты падарунак, зацікавіла. Тры доўгія зімовыя вечары карпатліва займаўся вышыўкай. Вынік мяне парадаваў, а сяброўку ўвогуле ўразіў, бо такога яна ніяк не чакала, — распавядаў пра першыя крокі ў сваім захапленні Андрэй Палянскі.
У той час юнак быў студэнтам музычнага каледжа. Вольнага часу хапала на ўсё. А таму за першай вышытай работай з’явілася другая, потым — трэцяя. І Андрэй зразумеў: з занятка, які проста дапамагаў бавіць час, вышыўка перарасла ў сапраўднае хобі, якое трымала ўжо магнітнай сілай.
На выстаўку-прэзентацыю Андрэй Палянскі прывёз 16 “намаляваных” ніткамі карцін. Кожная з іх — свой эксклюзіўны рукатворны шэдэўр. Тут і казачныя сюжэты, і пейзажы, і партрэты, і рэпрадукцыі карцін, і абразы. Вышытыя за пяць гадоў, усе яны маюць сваю маленькую гісторыю і па-свойму дарагія сэрцу майстра. Каб вышыць, да прыкладу, “Вірджынію з анёламі”, малюнак якой складаецца са 145 колераў, Андрэю спатрэбілася больш за 190 дзён. А самая вялікая карціна “Ператварэнне”, вышыня якой амаль метр, была вышыта за 5 месяцаў. Яна, як падлічыў майстар, налічвае амаль 190 тысяч крыжыкаў.
— На вышыўку час знаходзіцца звычайна зімой, — распавядаў, адказваючы на пытанні гасцей выставы, Андрэй Палянскі. — Сядаеш увечары, здаецца, усяго на паўгадзінкі, ды так паглыбляешся ў справу, што калі адрываеш вочы ад вышытага малюнка, на гадзінніку ўжо тры гадзіны ночы. Затое, як прыемна, калі карціна гатова, бачыць вынік.
Вышытыя карціны, як лічыць Андрэй, — цудоўнае ўпрыгожванне дома. Калі ў госці да яго прыходзяць новыя знаёмыя, адразу вельмі зачароўваюцца арыгінальнасцю карцін, а даведаўшыся, што зроблены яны рукамі гаспадара, увогуле здзіўляюцца. У першыя гады, як толькі захапіўся вышыўкай, юнак адчуваў нейкую збянтэжанасць, няёмка было прызнацца, што захапляецца вышыўкай – справай, якая больш асацыіруецца з жанчынай.
— Цяпер мне ўжо нават прыемна паказаць свае работы. Ды і вышыўку я ўвогуле не лічу “жаночым” захапленнем. Гэта хобі, а апошняе не мае граняў, што падзяляюць занятак на ўласцівы для жанчын ці мужчын. Галоўнае, каб чалавеку было цікава рабіць тое, чым ён займаецца. Сёння ж нікога ўжо не здзіўляе жанчына за рулём, хоць некалі вадзіць машыну лічылася справай мужчын. Дык чаму б мужчыну не ствараць прыгожае сваімі рукамі? – філасофстваваў Андрэй Палянскі.
Адной з пераваг свайго захаплення Андрэй лічыць тое, што сваімі рукамі заўжды можна зрабіць падарунак. Тры карціны ўпрыгожваюць пакоі ў доме яго мамы, вышыты крыжыкам партрэт, зроблены на аснове фотаздымка, падарыў сын бацьку, на ўрачыстую дату вяселля атрымалі вышытую спецыяльна для іх карціну сябры. У кожнай вышытай рабоце – цяпло рук і душы майстра, а значыць, у ёй асаблівая аўра.
Выкарыстоўваючы для вышыўкі акрылавыя ніткі, мулінэ, Андрэй заўсёды знаходзіцца ў пошуку. Так, у карціне “Шчасце, даўгавечнасць, годнасць, мудрасць” да нітак дабавіліся яшчэ і пацеркі, якіх тут аж 1700. Пацеркамі вышыў ён і абраз Андрэя Першазваннага. Але толькі пры дапамозе нітак, лічыць Андрэй, можна перадаць усе адценні, зрабіць малюнак “жывым”.
На тое, каб “ствараць” чароўнае, часу цяпер, як прызнаваўся Андрэй, зусім не хапае. Акцёру тэатра лялек з гастролямі даводзіцца ездзіць не толькі па розных гарадах Беларусі, але і бываць за мяжой. Таму новыя вышытыя карціны “нараджаюцца” не так часта. Але малады чалавек упэўнены: іх будзе яшчэ нямала.
17 лістапада Андрэй Палянскі адзначыць свой 30-гадовы юбілей. Да гэтага дня яго карціны будуць знаходзіцца ў раённай бібліятэцы. Пабачыць іх могуць усе, каму цікава мастацтва вышыўкі.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: Андрэй Палянскі са сваімі вышытымі карцінамі.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 17.10.2012 г.

Добавить комментарий


билборды киев
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!