Разам па жыцці, разам на зямлі

Як правіла, кожны сам вырашае свой лёс, выбірае тую справу, якой будзе зай­мацца. І, безумоўна, бывае, калі некаторыя людзі расчароўваюцца ў сваім выбары, а некаторыя аддаюць прафесіі амаль усё сваё жыцця і ніколькі не шкадуюць аб гэтым. А яшчэ часта бывае, што і дзеці ідуць па слядах сваіх бацькоў і абіраюць тую ж самую прафесію альбо справу.
Сям’я Андрэя Іванавіча Іолапа з вёскі Мельнікі — з дынастыі хлебаробаў, тут аддаюць перавагу адной агульнай справе – працы на зямлі. Амаль што ўся сям’я Іолапаў працавала і працуе ў мясцовай гаспадарцы – СВК “Хаціслаўскі”. А гаспадар гэтай сям’і, Андрэй Іванавіч, сёння знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Ён нарадзіўся, вырас і ўсё жыццё жыве ў Мельніках. Што такое праца на зямлі, ведае з самага дзяцінства, бо кожны дзень бачыў, як шчыруюць бацькі для таго, каб было лепш жыць. Ведаў ён і тое, што працаваць на зямлі патрэбна шчыра, без ляноты, таму што гультаёў зямля не любіць. Пасля школы пайшоў вучыцца ў Маларыцкае прафесійнае вучылішча, пасля яго заканчэння перад арміяй на некалькі месяцаў яго ўзялі ў родны калгас сеяльшчыкам. Два гады арміі праляцелі хутка, а пасля службы, як прызнаецца Андрэй Іванавіч, асабліва і не раздумваў, куды пайсці працаваць. Адразу ж вярнуўся ў свой калгас, на маленькую радзіму. Так з 1970 года і застаўся ў былым калгасе “Запаветы Леніна” трактарыстам.
— Вось так і працаваў дзень за днём, год за годам на трактары, — расказваў Андрэй Іванавіч.- А летам у час жніва заўсёды перасядаў за руль камбайна. Пенсію мне далі ў 55 гадоў, але яшчэ да 60-ці гадоў я не мог пакінуць сваю справу. Тры гады, як не працую ў калгасе. Калі быць шчырым, дык, безумоўна, і сёння сумую па рабоце. Але, на шчасце, і дома клопатаў хапае, ды і трактар свой маю, таму ёсць, дзе душу адвесці.
Слухаючы расказ мужа, міжволі ў размову ўступіла і жонка Андрэя Іванавіча, Ніна Паўлаўна, якая, дарэчы, усё жыццё працавала на пошце. “Сваю прафесію ён любіў, аддана працаваў, — з усмешкай гаварыла Ніна Паўлаўна, — нават адразу не захацеў ісці на пенсію. Напэўна, і дзеці пайшлі ў яго, бо таксама сёння годна працуюць у калгасе”.
І сапраўды, дзяцей у Андрэя Іванавіча і Ніны Паўлаўны трое, і двое з іх — у СВК “Хаціслаўскі”, а таксама і нявестка Наталля.
Сын Андрэя Іванавіча, Віталь Андрэевіч, працуе ў СВК вартаўніком. У гаспадарцы ён таксама, як і бацька, пачаў працаваць адразу пасля заканчэння службы ў арміі. Віталь Андрэевіч у свой час таксама стаяў перад выбарам. Калі служыў у арміі, яму прапаноўвалі заставацца ў Мінску і служыць далей, але малады хлопец доўга тады не думаў, вярнуўся дадому. “Безумоўна, я разумеў тады, што праца ў калгасе, у вёсцы, на зямлі цяжкая, — гаварыў Віталь Андрэевіч, — але мяне ўсё роўна цягнула дамоў. Клікала родная зямля, таму так і не адважыўся змяніць вёску на горад. І не шкадую, бо ў жыцці патрэбна радавацца, цаніць і берагчы тое, што ёсць”.
А радавацца і сапраўды ёсць чаму: у сям’і растуць двое дзетак, ёсць любімая жонка. Наталля Яфімаўна, дарэчы, таксама працуе ў СВК “Хаціслаўскі”. Спачатку, да водпуску па догляду за дзіцяці, працавала на заво­дзе, а з 1995 года і па сённяшні дзень занята ў мясцовай гаспадарцы.
Малодшая дачка Андрэя Іванавіча і Ніны Паўлаўны, Вольга, якой толькі 24 гады, таксама вырашыла звязаць сваё жыццё з сельскай гаспадаркай. Адразу пасля заканчэння школы пайшла працаваць. З цягам часу вый­шла замуж і сёння працуе ў лабараторыі СВК.
Так і жыве сям’я Іолапаў, то сваімі клопатамі, то клопатамі гаспадаркі. Часта яны пераплятаюцца, бо шмат часу неабходна праводзіць менавіта на працоўным месцы.
Андрэй Іванавіч Іолап аказаўся сціплым чалавекам, які не надта шмат расказваў пра сваю працу, маўляў, нічога асаблівага не рабіў. Мажліва, так, калі не ўлічваць таго, што амаль 40 гадоў аддаў працы земляроба, змог перадаць любоў да яе сваім дзецям.
Анастасія Максімук.
На здымку: прадстаўнікі дынастыі Іолапаў.
Фота Алега Крэмянеўскага.

Опубликовано в «ГЧ» 24.10.2012 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


http://www.velotime.com.ua/

best-cooler.reviews/category/fit-fresh/

www.np.com.ua