А Ў ТОЙ РЭЧЦЫ МУТНАЯ ВАДА…

Людзі – быццам рэкі: вада ва ўсіх аднолькавая і ўсюды адна і тая ж, але кожная рака бывае то вузкая, то хуткая, то шырокая, то ціхая, то чыстая, то халодная, то мутная, то цёплая. Так і людзі… Кожны чалавек мае ў сабе зачаткі ўсіх якасцей людскіх. Але ў кожнага праяўляюцца свае… Гэтыя разважанні аднаго з наймудрэйшых рускіх пісьменнікаў Льва Талстога ўспомніліся, калі слухала чарговую сумную гісторыю аб раўнадушшы бацькоў, злачыннай абыякавасці апошніх да тых, каму далі жыццё. Такіх гісторый — маленькіх жыццёвых драм — за тры гадзіны, пакуль ішло выязное пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх, месцам правядзення якога быў абраны прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці, пачула нямала. Змяняліся твары, прозвішчы. Адно заставалася нязменным — памутнелая душа кожнага з герояў жыццёвых гісторый…

“Зязюліна” шчасце…
Таццяне М. 25 гадоў. Усяго дваццаць пяць, — а ўжо ёсць пяцігадовы сынок, а значыць, ёсць дзеля каго жыць, нечага дабівацца. Ужо дваццаць пяць, але няма работы, куды б ні звярталася яна (праўда, не ўсялякае працоўнае месца задавальняе жанчыну), усюды ёй адмаўлялі. За даўгі, якія нарастаюць быццам снежны ком, узбу­джана крымінальная справа. Няма сям’і, яе замяняюць сябры і знаёмыя, з якімі звязвае бутэлька гарэлкі, а з-за апошняй згублены ўжо амаль зусім мацярынскі інстынкт – яе сын паўгода жыве ў сям’і цёткі, якая замяніла хлопчыку маці. Дапамагчы Таццяне выйсці на роўную жыццёвую сцяжынку спрабавалі ўжо не раз. На сямейным савеце, які праводзіўся па ініцыятыве органаў па ахове дзяцінства, яна абяцала змяніць свае паводзіны, заняцца выхаваннем сына. І першыя некалькі тыдняў парадавалі ўсіх. Але мацярынскага клопату хапіла ўсяго на месяц. Аднойчы Таццяна, пакінуўшы сына, пайшла па малако і…знікла. Хлопчыка забрала да сябе сястра Таццяны. З таго часу з маці ён не сустракаўся, бо “зязюля” за паўгода так і не знайшла часу, каб пабачыць сына.
Усяго месяц адведзены Таццяне на тое, каб звярнуцца за дапамогай да ўрача-нарколага і ўладкавацца працаваць. Але ці скарыстаецца гэтым шанцам жанчына, сэрца якой паўгода б’ецца спакойна ў той час, як у тым жа горадзе, усяго ў сотнях крокаў дыхае, смяецца і плача часцінка яе…
Наталля А. па мерках, якія вызначаюць статус сям’і, – мнага­дзетная маці. Але слова маці можна прымяніць да жанчыны толькі тады, калі яна цвярозая. На пасяджэнне камісіі прыйшла Наталля, трымаючы на руках маленькую дачку. Паглядзеўшы на яе, нават не паверыш, што гэтая, на першы погляд, клапатлівая маці, можа на некалькі дзён пакідаць сваё гадавалае дзіця на непаўналетняга сына, прыводзіць дамоў шумныя кампаніі і, выпіўшы, зусім забываць, што ў доме дзеці. “Я яшчэ зусім маладая, з мужам шлюб скасавалі, і маю права на асабістае жыццё”,– зусім не збіраючыся прызнаваць сваю вінаватасць, заяўляе Наталля. Ёй напамінаюць члены камісіі, што, акрамя правоў, у жанчыны-маці ёсць яшчэ і абавязкі, не выконваючы якія, можна пазбавіцца самага важнага права — бацькоўскага.
З 6 сем’яў раёна, у якіх атмасфера і ўмовы быту пагражалі жыццю і здароўю дзяцей, сёлета былі забраны 10 дзяцей. Бацькі, якія па прычыне п’янства не справіліся са сваімі бацькоўскімі абавязкамі, а таму часова пазбаўлены магчымасці самастойна выхоўваць сваіх дзяцей, былі запрошаны на пасяджэнне камісіі для прафілактычнай гутаркі. Як адзначалі члены камісіі, канкрэтныя змяненні да лепшага намеціліся далёка не ў кожнай сям’і. Напрыклад, маладыя бацькі Аксана і Яўген, за маленькай дачкой якіх пакуль даглядае бабуля, так і не вызначылі, ці будуць яны жыць ра­зам і хто зможа ўзяць на сябе адказную справу выхавання дзіцяці. Маці дваіх дзяцей Людміла К. працаўладкавалася, але ў доме так і не стварыла пакуль належныя ўмовы, у якіх маглі б нармальна жыць і выхоўвацца яе сын і дачка. Кацярына С. вырашыла пакінуць месца работы ў Маларыце і па­ехала “ўладкоўваць” сваё жыццё ў абласны цэнтр. За некалькі месяцаў так і не пацікавілася лёсам сваіх дзяцей, якія накіраваны ў сацыяльны прытулак, і Валянціна К.
Як гэта ні сумна, але факт застаецца фактам: застаўшыся без дзяцей, гора-бацькі “шукаюць” сваё шчасце ў кампаніях, гарэлцы, у вольным (цяпер, нарэшце, ніхто не пера­шкаджае жыць свабодна), жыцці, але ніяк не ў дзецях.

“Я проста святкаваў дзень нараджэння…”
Вы калі-небудзь назіралі, як гуляюць у святы маленькія дзеці? Калі не, паназірайце. Капіруючы дарослых, яны паважна мітусяцца, ставячы на стол свае “святочныя стравы”, а потым, сядаючы вакол стала, паднімаюць “за здароўе” свае “чаркі”. Чаму так робяць? Таму што бачаць прыклад бацькоў, які ў дзіцячым узросце не можа ўспрымацца, як адмоўны. З самага маленства мы самі, не заўважаючы таго, вучым нашых дзяцей піць. Прычым дапамагае нам наша прамысловасць. Для чаго, да прыкладу, на паліцах магазінаў з’явілася дзіцячае шампанскае? Ды, напэўна, для таго, каб разлітую ў бутэлькі з такой назвай газіроўку дзеці ўспрымалі, як нешта асаблівае, што робіць іх дарослымі. Спачатку дзеці наліваюць у чаркі дзіцячае шампанскае, калі падрастаюць, многія бацькі не лічаць дрэнным паставіць і бутэльку шампанскага з градусам, а потым ужо ніхто не бачыць нічога дрэннага ў паходах дзяцей на “пікнічок”, дзе больш сур’ёзнымі напоямі святкуюцца пачатак канікулаў, апошні званок і г.д. І ўжо ў падлеткавым узросце сінонімам свята становіцца спіртное. У гэтым пераконваюць сумныя рэаліі жыцця. Так, з 6 падлеткаў, на якіх былі складзены пратаколы за знахо­джанне ў грамадскім месцы ў нецвярозым стане і паводзіны якіх разглядаліся на камісіі па справах непаўналетніх, чацвёра, апраўдваючыся, адказалі, што пілі таму, што святкавалі дні нараджэння сяброў. Між іншым амаль усе пратаколы на падлеткаў былі складзены пасля 23 гадзін. А гэта значыць, што ні самі непаўналетнія, ні іх бацькі, якіх, відаць, не вельмі хвалюе, дзе і што робяць у такі позні час дзеці, так і не ўсвядомілі, што пасля 23 гадзін знаходжанне падлеткаў без суправаджэння дарослых на вуліцы не дазволена. І такая абыякавасць прыводзіць да сур’ёзных праблем. Пакуль за дрэнныя паводзіны сваіх дзяцей бацькам даводзіцца разлічвацца рублём, заплаціўшы немалы штраф. Але ў будучым расплата можа быць значна большай, бо нярэдка менавіта з тых, хто ў 15 гадоў не лічыць дрэнным выпіць з сябрамі піва, “адсвяткаваць” чаркай гарэлкі дзень нара­джэння аднакласніка, вырастаюць гора-таты і зязюлі-мамы.

Два полюсы выхавання
Псіхолагі добра ведаюць: любую энергію можна павярнуць на добрае, трэба толькі ўмець зрабіць гэта. І тут многае залежыць ад лідара. Прэзентуючы сваю работу па прафілактыцы правапарушэнняў і злачынстваў, а менавіта разгляд гэтага пытання быў ўнесены ў праграму пасяджэння камісіі па справах непаўналетніх, спецыялісты дзяржаў­нага прафесійнага ліцэя пастараліся засяродзіць увагу на дзейнасці двух грамадскіх аб’яднанняў, якія дзейнічаюць у ліцэі: арганізацыі ГА “БРСМ” і маладзёжнага атрада аховы правапарадку. Задзейнічанне ў шматлікіх акцыях, якія праводзяцца ў навучальнай установе на працягу года, наведанне клубаў, гурткоў па інтарэсах, непасрэдны ўдзел навучэнцаў у ахове парадку на тэрыторыі не толькі ліцэя, але і вуліц горада, дапамагаюць многім падлеткам рэалізаваць сябе, стаць больш сур’ёзнымі і адказнымі. Унесці пэўныя карэктывы ў паводзіны падлеткаў, у многіх з якіх зменены маральныя каш­тоўнасці, дапамагае і псіхалагічная служба ліцэя, якая пачынае суправаджаць навучэнца з першага дня паступлення ў ліцэй. Але ўсе гэтыя меры, як адзначалася ў выступленнях, не прыносяць эфекту без непасрэднага супрацоўніцтва з бацькамі, зацікаўле­насці апошніх у агульным выхаванні. А такая зацікаўленасць, як падлічылі ў ліцэі, ёсць толькі ў 25 працэнтаў бацькоў. Дык хто ж у адказе за дзяцей?
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у час выязнога пасяджэння камісіі па справах непаўналетніх.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 24.10.2012 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


смотреть на сайте

www.profshina.kiev.ua

www.ry-diplomer.com/diplomy-v-kurgane